ХАРВАТЫ НЯ ХОЧУЦЬ АКУПАНЦКІХ ШЫЛЬДАЎ
3 верасьня нарвэжская газэта “Aftenposten” апублікавала артыкул пад тытулам “Вэтэраны вайны сарвалі сэрбскія шыльды”. Вось гэты артыкул:
Некалькі сотняў дэманстрантаў, сярод іх шмат вэтэранаў вайны, сарвалі і зьнішчылі шыльды на сэрбскай мове, што былі павешаны на грамадзкія будынкі ва ўсходнехарвацкім горадзе Вукавары ўчора.
Паводле агенцыі Balkaninsight, чатыры паліцманы былі паранены ў сутычках, калі першыя дзьвюхмоўныя шыльды былі сарваны ў Вукавары.
Харвацкі Сталінград
Горад называюць харвацкім Сталінградам пасьля таго, як ён быў у аблозе сэрбскіх сілаў на працягу трох месяцаў у 1991 г. і быў цалкам разбураны.
Прадстаўнік харвацкіх вэтэранаў вайны Таміслаў Ёсіч папярэдзіў падчас прэс-канфэрэнцыі, што выступы будуць працягвацца цэлы тыдзень і што “нашы сябры з усяе Харватыі прыбудуць, каб дапамагчы нам зрываць шыльды”, — піша агенцыя.
Перапіс
У горадзе была напружаная сітуацыя ўвесь час з тае пары, як перапіс насельніцтва ў 2011 г. паказаў, што сэрбская меншасьць складае траціну насельніцтва горада, а ўлады паведамілі, што сэрбы патрабуюць шыльдаў на сваёй мове. Моцная абарона меншасьцяў была адной з умоваў пры ўступленьні краіны ў Эўразьвяз, што адбылося 1 жніўня.
Улетку адбыліся дэманстрацыі супраць увядзеньня дзьвюхмоўных шыльдаў, якія некаторымі разглядаюцца як правакацыйныя, бо яны асацыююць кірыліцу з вайной.
Многія гарады ў Харватыі маюць дзьвюхмоўныя шыльды, напрыклад, на паўвысьпе Істрыі, дзе ёсьць шмат італьянскамоўных людзей. Але і ў суседніх з Вукаварам гарадах ёсьць шыльды з лацінскімі (харвацкімі) і кірылічнымі (сэрбскімі) літарамі, і гэта не выклікала канфлікту.
Аддзеленыя школы
Тым часам Вукавар атрымаў адмысловы статус у Харватыі, таму што горад быў моцна разбураны падчас вайны і тут загінула вельмі шмат людзей. Хаця горад адбудаваны, сьляды вайны бачныя паўсюль. Беспрацоўе высокае, а народ бедны.
Калі “Aftenposten” была ў горадзе на пачатку лета, шыльды не былі яшчэ вывешаны, але гэтае пытаньне стварала напружанасьць у горадзе. З большага вучні ходзяць у асобныя харвацкія і сэрбскія класы.
Міністар адміністрацыі Арсэн Баўк, адказны за ўвядзеньне шыльдаў, сказаў для Balkaninsight, што пратэсты “палітычна матываваныя”. Ён выказаў спадзяваньне, што кірылічныя літары могуць быць уведзены ў горадзе, калі “прамінуць час і перажытае Вукаварам у вайну”.
Інгэборг Му
Пераклаў з нарвэжскай В. Буйвал
Харватаў можна зразумець. Яны нацярпеліся зьдзекаў з боку сэрбскіх імпэрыялістаў, якія разбурылі іхны горад і спрабавалі захапіць усю краіну, што абвясьціла ў 1991 г. сваю незалежнасьць. Сэрбам ня трэба зьдзіўляцца такой рэакцыі харватаў на сваёй зямлі. Нешта ня памятаем, каб у Сэрбіі быў які-небудзь прыкметны рух супраць імпэрыялістычнай вайны. Як кажуць русіфікатары, “за что боролісь, на то і напоролісь”.
Павел Гулевіч