АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (26–31.08.2013)

Супраціўляюцца пошасьці

26 жніўня 2013 г. італьянская газэта “Corriere della Sera” паведаміла з Францыі. Мэр мястэчка Бален на поўдні Францыі Мары-Клод Бампар адмовілася рэгістраваць гомасэксуальны шлюб, абгрунтоўваючы сваё рашэньне справай сумленьня і хрысьціянскай веры. Пара гомасэксуалістаў зьвяртаецца да прэфэкта паліцыі. У Францыі нядаўна прынялі закон пра “шлюбы для ўсіх”. Некаторыя мэры супраціўляюцца гэтаму.

Наш камэнтар: Вось як. Пра мэраў, якія не рэгіструюць сувязь збачэнцаў, у Эўропе пішуць, як пра герояў. Але яны сапраўды сьмелыя людзі: супраціўляюцца пошасьці, бароняць хрысьціянскае грамадзтва.

Алесь Хадасевіч


Ветэран паўстаньня

29 жніўня 2013 г. славацкая газэта “SME” апублікавала артыкул пра жыцьцё 91-гадовага вэтэрана вайны Паўла Добрыка. Вэтэран распавядае пра свае прыгоды. Як усе жаўнеры і афіцэры ў ягоным дэсантным батальёне славацкай арміі ненавідзелі вайну і немцаў. Калі ў 1944 г. пачалося Славацкае Народнае паўстаньне супраць фашызма, камандзёр сшыхтаваў батальён і спытаў: “Хто ня хоча ўдзельнічаць у паўстаньні, можа ісьці дахаты”. Засталіся ўсе, каб ваяваць супраць фашыстаў.

Наш камэнтар: Вядома, што на працягу даволі доўгага часу Славакія была верным сатэлітам гітлерскай Нямеччыны. Славацкая армія ваявала разам зь немцамі на ўсходнім фронце. Але з часам славакі ўбачылі, якія злачынствы твораць немцы, які гэта ганебны хаўрусьнік, што нясе няшчасьце іхнай айчыне. Настроі зьмяніліся, славакі ўзьняліся на паўстаньне супраць акупантаў.

Тут ёсьць выразныя гістарычныя паралелі. Пад шарманку “вечнай нямецка-славацкай дружбы” гітлерцы ўзялі пад свой кантроль эканоміку Славакіі, бязьлітасна рабавалі нацыянальныя багацьці народа, уцягнулі яго ў вайну. І даскакаліся да магутнага народнага супраціву, а потым да краху свайго райху. Няхай пра гэта памятаюць расперазаныя маскоўскія акупанты сёньняшняй Беларусі.

Юрка Марозаў


Савецкая хімічная зброя ў Сірыі

30 жніўня 2013 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала пра заяву міністра замежных справаў Польшчы Радаслава Сікорскага. Міністар заявіў пра хімічную зброю рэжыма Асада: “Сірыйскі арсэнал быў зроблены ў СССР або на аснове савецкіх тэхналогій. Калі Расея ня хоча ваеннай інтэрвэнцыі, яна павінна заявіць, што бярэ на сябе адказнасьць за кантроль над гэтым арсэналам”.

Наш камэнтар: Польскі міністар публічна ўскрыў сапраўдныя мэханізмы сірыйскага канфлікту, паказаў на вызначальную ролю Масквы.

Было б вельмі добра, каб польскія дзяржаўнікі і аналітыкі настолькі ж лагічна і глыбака ўскрывалі і дэмаскавалі ролю Масквы ў Беларусі, апанаванай дзікай дыктатурай.

Юрка Марозаў


Салідарнасьць ў Калумбіі

30 жніўня 2013 г. французкая газэта “Le Monde” паведаміла пра магутныя дэманстрацыі ў шэрагу гарадоў Калумбіі. Да 50 тысячаў чалавек, — рабочыя, студэнты, прадпрымальнікі, — вышлі на вуліцы, каб падтрымаць сялянства краіны, якое дамагаецца большай дзяржаўнай падтрымкі ў сельскагаспадарчым сэктары. Адбыліся сутычкі з паліцыяй.

Наш камэнтар: Калі гарадзкія жыхары падтрымліваюць сялян, то значыць, што ў краіне ёсьць салідарнае і здаровае грамадзтва, якое вырашае свае праблемы.

На жаль, у Беларусі многія ў гарадах заняты выключна сабой і сваім камфортам. Яны ўпэўнены, што цяперашняя бяда нашых сялян (сьвіная чума і рэжымная чума ў гэтай сувязі) іх не закране. Яны памыляюцца. Потым розныя сацыяльныя групы не павінны зьдзіўляцца, што ніхто не салідарызуецца зь імі, калі бяда прыходзіць да іх.

Юрка Марозаў


Путаны падаліся на Захад

31 жніўня 2013 г. партугальская газэта “Jornal de Noticias” напісала, што тры арганізатаркі фэміністычнай групоўкі “Femen” уцяклі з Украіны замяжу. Яны заявілі, што баяцца за сваё жыцьцё пасьля таго, як улады знайшлі на іхнай сядзібе ў Кіеве зброю.

Наш камэнтар: Усім надакучылі гэтыя паўголыя істэрычкі. І вось жа цікава, пра іх так шмат паведамлялася ў СМІ розных краін, але ніводзін журналіст так і не разабраўся элемэнтарна, хто фінансуе гэтых “фэмэністак” і кіруе імі. Маўляў, раптам пачалі самы агаляцца і кідацца на людзей. Аказалася, што цяперашняя журналістыка з усімі тэхнічнымі супэрсродкамі зусім няздольная на аналітыку. Яны проста радыя, што ёсьць “сэнсацыя” і гоняць свой “вал”. І так ва ўсім сьвеце!

Алесь Хадасевіч


Каталонцы рыхтуюцца

31 жніўня 2013 г. іспанская газэта “El Pais” напісала пра ланцуг, якім сталі каталонскія патрыёты ў мястэчку Амэтлья дэ Мар. Каталонія рыхтуецца да правядзеньня ў 2014 г. рэфэрэндума аб сваёй дзяржаўнай незалежнасьці.

Наш камэнтар: Каталонія ідзе да незалежнасьці, народ шукае свой шлях.

Алесь Хадасевіч