НЕ СХАВАЮЦЦА НІДЗЕ
3 верасьня славацкая газэта “SME” апублікавала артыкул пад тытулам “Румыны абвінілі ў генацыдзе былога начальніка камуністычнай турмы”. Вось гэты артыкул:
Аляксандру Вішынэску цяпер мае 87 гадоў. Паводле пракурораў, пад ягоным кіраўніцтвам вязьняў зьбівалі, катавалі голадам і холадам, ім не было мэдычнай дапамогі.
Бухарэст. Сёньня пракуроры абвінавацілі ў генацыдзе былога начальніка камуністычнай турмы ў Румыніі. Апошнім румынам, абвінавачаным у генацыдзе, быў былы кіраўнік краіны Нікалае Чаўшэску, якога асудзілі і пакаралі сьмерцю ў 1989 годзе.
Аляксандру Вішынэску цяпер 87 гадоў, а ў 1956-1963 гадах ён быў начальнікам турмы ў Рымніку Сараце, дзе вязьнілі інтэлектуалаў і нацыянальную эліту дакамуністычнай эры.
Пракуроры ў сваёй заяве, працытаванай агенцыяй Associated Press, паведамілі, што за часы кіраўніцтва Вішынэску вязьняў зьбівалі, катавалі голадам і холадам, ім не аказвалі мэдычнай дапамогі.
У выпадку прызнаньня віны Вішынэску можа быць асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне.
У ліпені інстытут, што дасьледуе камуністычныя злачынствы, заклікаў генэральную пракуратуру, каб яна пачала перасьлед Вішынэску за сьмерць шасьці чалавек. І паведаміў пракуратуры, што паступова перадасьць ёй на ўзбуджэньне справы тэчкі 35 былых турэмных начальнікаў.
У жніўні Вішынэску вульгарна аблаяў кінаапэратара і колькі разоў кідаўся на журналістаў, якія пацікавіліся ягонай рэакцыяй на абвінавачваньні. З тае пары румынскае грамадзтва распачало дыскусію аб камуністычнай эры, і многія людзі выказаліся за пакараньне былых начальнікаў вязьніц.
Амаль 500000 румынаў — сьвятароў, настаўнікаў, сялян, лекараў і дыпламатаў — былі асуджаны ў 50-я гады па палітычных справах, калі камуністычная ўлада хацела здушыць любы пратэст. Паводле гісторыкаў, адна пятая з тых, каго ўвязьнілі камуністычныя ўлады, не выжылі ў жорсткіх умовах вязьніцы.
Petit Press
Пераклаў з славацкай В. Буйвал
Крыніца: http://www.sme.sk/c/6921458/rumuni-obvinili-z-genocidy-byvaleho-velitela-komunistickej-vaznice.html
Пасьля вызваленьня акупаванай Беларусі ў нас таксама распачне працу Інстытут Нацыянальнай Памяці, у якім будуць разьбіраць справы ўсіх, што катаваў і забіваў беларусаў. Злачынства генацыду ня мае тэрміну даўніны.
Янка Базыль