БАЯЦЦА НЕ ЗА АСАДА, А ЗА СЯБЕ
Напружаная сытуацыя вакол Сірыі разьвязала языкі расейскім генэралам. 4 верасьня расейская інтэрнэт-газэта Правда.Ру апублікавала стылёвае інтэрв'ю пад тытулам “Прайграем Сірыю — на нас будуць усе пляваць”. Цытуем яго пачатак:
“Россия обязана поддержать Сирию и сформировать систему коллективной обороны. Если мы сейчас проиграем Сирию, плевать будут на нас повсюду!” — считает бывший начальник Главного управления международного военного сотрудничества Минобороны России, генерал-полковник запаса Леонид Ивашов.
Разьбіраецца ў сытуацыі імпэрыяліст, адстаўны генэрал Івашоў. Далейшыя ягоныя адказы вытрыманы ў стылі “казарменнага трызьненьня” (“во всём Запад віноват” і г.д.), але стартавае прызнаньне зьдзіўляе сваёй непасрэднасьцю і шчырасьцю. Яны ў Крамлі, на Лубянцы і ў розных штабах баяцца на самой справе не за лёс Асада, а за сябе. Для іх самае страшнае — гэта калі народы перастануць баяцца іхняй Расеі. Ім экзістэнцыяльна патрэбна, каб іх баяліся.
На гэтым полі ў іх ёсьць нават нядаўняя перамога над чарговым народам. Спачатку Масква паставіла Азэрбайджану вялікую колькасьць сучасных узбраеньняў, а потым празрыста намякнула Ерэвану, на каго трэба арыентавацца ў глабальнай палітыцы. У выніку кіраўніцтва Арменіі заявіла пра гатоўнасьць адмовіцца ад эўрапейскай арыентацыі і пра жаданьне ўступіць у вядомы Мытны зьвяз, дзе ўжо сядзіць наша Беларусь. Што называецца, зроблена “без адзінага стрэлу”.
Вось толькі з Амэрыкай так не атрымліваецца.
Павел Гулевіч