ЧАРГОВЫ КРОК ПА РАСЕЙСКАЙ ІЗАЛЯЦЫІ БЕЛАРУСІ

У адным мастацкім фільме тав. Сталін кажа Бэрыю і генэралам: “У нас столько органов, а трёх человек поймать не могут...” Жыцьцё ў РФ і РБ дэманструе рэалізацыю яшчэ аднаго пастулата сталінскай эпохі: “сказка стала былью”.

Вось выступае 5 верасьня ў Маскве прэс-сакратар Пуціна Д. Пяскоў і кажа (паводле Радыё Свабода):

“Дачыненьні паміж дзяржавамі, асабліва такімі саюзнымі дзяржавамі, як Расея і Беларусь, заўсёды прыярытэтныя ў параўнаньні з адносінамі паміж нейкімі карпарацыямі, прадпрымальнікамі. Таму, безумоўна, ня варта нейкім чынам экзальтаваць сытуацыю, трэба ва ўсім спакойна разабрацца”.

Радыё Свабода дае выступу “слугі гасударава” свой тлумачальны камэнтар:

“Крэмль не камэнтуе сытуацыю вакол Сулеймана Керымава, бо пакуль не валодае поўнай інфармацыяй. Беларускія ўлады завялі супраць расейскага сэнатара крымінальную справу і шукаюць яго праз Інтэрпол”.

Сэнатар — гэта якраз Керымаў, які валодае “Уралкаліем”. І вось Масква (якая мае процьму розных “славных органов”) дагэтуль “ня можа разабрацца”. СМІ ўсяго сьвету пішуць пра “канфлікт паміж Масквой і Менскам”, пра арышт Баўмгэртнэра, а Масква ўсё не разьбіраецца. Вось жа цікава.

Але самае цікавае было якраз напярэдадні сэнсацыйнай падзеі. У Менск на вышэйшым узроўні былі запрошаны і Керымаў, і яшчэ калегі па “Уралкалію”. Але яны чамусьці перадумалі ехаць, а паехаў адзін няшчасны Баўмгэртнэр. Цяпер ён знаёміцца з “застенкамі белорусской діктатуры” (як выказваецца расейская дэмпрэса). Нехта ж папярэдзіў Керымава со товарішчі, што ў госьці ў Менск лепш ня ехаць. Ці можа яны самы здагадаліся (хаця раней былі ў нашай сталіцы не адзін раз). Значыць, яны пранюхалі, што нешта рыхтуецца. Адзін толькі Баўгэртнэр неяк расслабіўся і, падобна, што цяпер будзе аддзьмувацца за ўвесь уралкаліеўскі абшчак.

Амаль штодня лукашэнкаўскі афіцыёз даводзіць пра пашырэньне бізнэс-кантактаў з усім сьветам, паказвае па БТ карцінкі “актыўнага супрацоўніцтва з рознымі краінамі”. Цяпер у розных краінах бізнэсоўцы атрымалі сур'ёзны сігнал: цябе можа запрасіць у госьці сам прэм'ер РБ, а ў аэрапорце жылістыя лейтэнанты накінуць табе на рукі кайданкі і павалакуць у “Амэрыканку”. Так што перш чым ехаць па бізнэс-супрацоўніцтва ў акупаваную Беларусь іншым прыдзецца падумаць. Лягчэй будзе езьдзіць у Маскву.

Ян Булыга