ФАЛЬШЫВАЯ ІЛЮСТРАЦЫЯ
Выпадковая сустрэча з адным менскім выданьнем школьнага падручніка выклікала ў мяне ўспаміны пра даўні фэномэн пад назовам “русская школа в БССР”. Паўстагоддзя таму беларускія малодшыя школьнікі пачыналі сістэматычнае азнаямленьне з нібыта “велікім і могучім, благоуханным” у падручніку, які называўся “Родная речь”. Не “Русскій язык”, а менавіта так... Дагэтуль мне памятаюцца галасы аднакласьнікаў, якія гукаюць чужыя словы: “Заўтра будзет “Радная рэч...” На вокладцы той кніжкі была зьмешчана “карцінка”: краявід з ціхамірнай рачулкай і танюсенькімі бярозкамі. Ужо пазьней, чытаючы кнігі па гісторыі мастацтва і наведваючы галерэі, я даведаўся, што “карцінкай” было абрана бясконца лірычнае і прыгожае па каларыту палатно Ісака Левітана (1860-1900) “Залатая восень”. Маскоўскія русіфікатары савецкай дзятвы (падручнік быў разьлічаны на ўсе саюзныя рэспублікі) абралі менавіта гэты твор як сымвал Расеі, “русского духа” і “родной речі”. Маўляў, вось у ім выказана ўся таямнічая руская душа. Ніхто тады нікому не тлумачыў, што ў якасьці “русского духа” ілюстратары вынесьлі на вокладку рэпрадукцыю карціны пэндзля местачковага габрэя з летувіскіх Кібартаў. Таленавіты мастак стварыў больш за тысячу твораў, жывучы ў Маскве, і сапраўды далікатна перадаў настроі прыроды. Але ўвесь час яго перасьледвала царская адміністрацыя, патрабуючы высяленьня за “рысу аседласьці”. Афіцыёзныя зьдзекі спрычыніліся да таго, што Левітан рана сышоў у магілу. Але ніхто не распавёў нам пра гэта.
Новы падручнік для 10 класа ад мінадукацыі РБ называецца цяпер больш непасрэдна — “Русский язык”. Зразумела, што гэтая матэрыя зьяўляецца галоўнай у пэдсістэме лукашызму, ніхто гэта не аспрэчвае. Вынікі гэтага прыярытэту назіраюцца ва ўсім нашым грамадзтве, асабліва ў маладым пакаленьні: шырокая распаўсюджанасьць дзікай маскальскай лексікі, крайняя беднасьць слоўных вобразаў, падзеньне адукацыйнага ўзроўню. Вось што значыць, калі замест роднай мовы татальна навязана “родная речь”.
Менскія русіфікатары абралі для падручніка сваёй “речі” адмысловую “карцінку” мясцовага паходжаньня. Ісак Левітан для іх недастаткова рускі. Яны ляпнулі на вокладку рэпрадукцыю карціны пад тытулам “Каложа” (зноў жа нічога не тлумачачы дзецям і іхным бацькам). Краявід намаляваны класікам беларускага жывапісу, ярчэйшым мастаком сучаснасьці Віталем Цвіркай (1913-1993). У ім адлюстравалася бліскучасьць мастацкага бачаньня беларускай спадчыны, нашай духоўнай гісторыі. Барысаглебская (Каложская) царква XII стагоддзя на беразе Нёмана на ўскраіне Горадні — адзін з сымвалаў вечнай Беларусі. І вось гэты мастацкі вобраз штучна і нахрапіста прылеплены прыслужнікамі чужынцаў у якасьці стэрэатыпнага ўвасабленьня іхнай “родной речі”.
Зроблена сякерна, нахабна, як і ўсё ў злачыннай палітыцы русіфікацыі.
Валеры Буйвал