ЁСЬЦЬ ПЫТАНЬНІ
У Менску праходзіў XV Міжнародны зьезд славістаў. Падзея яркая. Нагадаем, што такі зьезд адбыўся ў Менску яшчэ ў верасьні 1982 года. Як жа зьмяніўся славянскі сьвет з тае пары!
СМІ паведамілі пра добры выступ-павітаньне на зьезьдзе Арцыбіскупа, Мітрапаліта Менска-Магілеўскай дыецэзіі Рыма-Каталіцкага Касьцёла Тадэвуша Кандрусевіча. Яго Эксэленцыя сярод іншага заявіў, што багаслужба ў Беларусі павінна весьціся на беларускай мове. Ён нагадаў таксама пра ўнёсак Беларусі ў разьвіцьцё славянскіх моваў, літаратур і культур. Дзякуй пастыру за добрыя словы і ацэнкі.
Але зьвяртае на сябе ўвагу адзін пасаж у ягоным выступе. Цытуем: “Рэлігійная тэрміналогія яшчэ недастаткова распрацавана ў беларускай мове”. Гэтым Яго Эксэленцыя патлумачыў пэўныя праблемы ў беларускамоўнай дзейнасьці Касьцёла ў Беларусі.
Але ёсьць пытаньні да першай асобы гэрархіі Каталіцкага Касьцёла ў нашай краіне.
Чаму бальшыня клірыкаў і прыслужнікаў Касьцёла размаўляюць зь беларускімі вернікамі па-расейску (нават там, дзе багаслужба вядзецца на нашай роднай мове)? Калі чалавек трапляе ў касьцельныя канцылярыі, культурныя цэнтры, рэдакцыі, то мае такое ўражаньне, што ён (яна) знаходзяцца недзе ў Сібіры, на Волзе або ў Маскве — паўсюль гучыць звонкая расейшчына. Асобы, адказныя за жыцьцядзейнасьць Касьцёла саромеюцца размаўляць па-беларуску або ня ўмеюць?
Ёсьць пытаньне і наконт “нераспрацаванасьці” нашай мовы ў галіне тэрміналогіі. А куды ж падзеліся больш за 10 стагоддзяў працы беларускіх сьвятароў і асьветнікаў? Скарына, Цяпінскі, Станкевіч? Іхныя пераклады Бібліі і іншых тэкстаў, іхныя трактаты? Яго Эксэленцыя заявіў пра “нераспрацаванасьць” на поўным сур'ёзе?
Яго Эксэленцыя на сустрэчах з беларускай інтэлігенцыяй любіць распавядаць, як за 7 гадоў ягонага служэньня ў Расеі яму ўдалося арганізаваць публікацыю 700 (!) тытулаў рэлігійнай літаратуры на расейскай мове. Чаму ж за гады ягонага служэньня ў Беларусі выдадзены лічаныя брашуркі па-беларуску? Як тут з “нераспрацаванасьцю”? Можа няма перакладчыкаў і аўтараў, якія выдатна валодаюць беларускай і іншымі мовамі? Дык іх у нас ёсьць сотні ў розных галінах навукі. Чаму каталіцкія кнігарні ў Беларусі літаральна завалены расейскамоўнымі выданьнямі? Ці ня ёсьць гэта ўдзел у палітыцы русіфікацыі нашага народу?
Чаму падчас каталіцкіх мерапрыемстваў у Беларусі не ўздымаецца Сьцяг Ісуса Хрыста — Бел-Чырвона-Белы Сьцяг Беларусі?
Але мы разумеем, што гэтыя пытаньні рытарычныя.
Янка Базыль