ФРОНТАЎЦЫ АДНАВІЛІ 100 КРЫЖОЎ У КУРАПАТАХ







24 жніўня на заклік Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ патрыёты прышлі ў Курапаты, каб ахвярнай працай адзначыць набліжэньне Дня Незалежнасьці роднай Беларусі. 35 чалавек працавалі з самай раніцы, добраўпарадкаваючы тэрыторыю Народнага Мэмарыяла. На працягу дня людзі замянілі старыя крыжы на Крыжовай алеі на новыя. Усталяваныя 100 новых крыжоў — гэта чарговы этап стварэньня Народнага Мэмарыяла. Адметнасьцю гэтай талакі быў удзел патрыятычнай моладзі, якая імкнулася выконваць самыя цяжкія працы.

Пасьля заканчэньня працы людзі сабраліся пад Бел-Чырвона-Белым Сьцягам каля вялікага Крыжа Пакутаў. Выканаўчы сакратар Управы КХП — БНФ сп. Алесь Чахольскі павіншаваў усіх з Днём Незалежнасьці. Быў заслуханы зварот сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і КХП — БНФ, — “Дваццаць пяты жнівень” (публікуецца). Людзі гукалі “Жыве Беларусь!” На прыканцы ўсе засьпявалі беларускі гімн “Магутны Божа”.

Удзельнікі талакі з цяжкасьцю адшукалі “шыльду”, прыбітую ўчора да дрэва падпалкоўнікам Кузняцовым. Усіх уразіла ўчорашняя дзіўная зьява, каля 15 журналістаў сабраліся вакол некалькіх асобаў, што далучылася да прафанатараў Кузняцова-Раманоўскага, каб асьвятляць прыбіваньне “таблічкі” да дрэва ў Курапацкім лесе. Ад гэтага ва ўсіх засталося адчуваньне недарэчнасьці і марнасьці.

Розныя памятныя таблічкі некаторыя людзі прыносяць у Курапаты літаральна ў кішэні, вешаюць на дрэвы ці крыжы. Гэта ня ёсьць грамадзкая падзея. А тут прымацавалі таблічку на елку — і 15 узбуджаных журналістаў робяць нейкі выкляд. У чым справа? — пытаюцца маладыя. — Чаму трэці раз гэтыя маскоўскія людзі лезуць у Курапаты і хочуць прышпіліць да Курапатаў загіблых польскіх афіцэраў, калі вядома што парэштак іхных тут ня знойдзена і дакумэнтальных зьвестак пра іх тут няма? Палякі ж гэтым не займаюцца. Чаго так упарта лезе Масква?

Пытаньне па сутнасьці і адказаць можна коратка: Каб шляхам фальсіфікацыі і стварэньнем шуму ў СМІ пераарыентаваць у сьведамасьці людзей Курапаты (як помнік расейска-бальшавіцкага генацыду) на месца зьнішчэнья польскіх афіцэраў з катыньскага сьпісу. Гэтым самым усё заблытаць, перакуліць сутнасьць Курапатаў ды яшчэ сутыкнуць беларусаў з палякамі. Тут праглядваецца тыповае думаньне канторы з Масквы з дасканалым веданьнем польскай мэнтальнасьці. Упартасьць падпалкоўніка Кузьняцова і яшчэ пару асобаў тым і тлумачыцца. Вешаньне таблічкі на елку ніякая ні падзея, але прафанатары зьбіраюць пад гэта 15 журналістаў і пачынаюць вэрхал у СМІ.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

24 жніўня 2013 г.