ПРА АГРЭСІЎНЫ МАСКОЎСКІ ПЛЯН СУПРАЦЬ УКРАІНЫ

19 жніўня польская газэта “Gazeta Wyborcza” апублікавала артыкул пад тытулам “Як Расея адцягвае Ўкраіну ад Эўразьвязу. Кіеўская газэта апублікавала сэнсацыйны крамлёўскі дакумант”. Вось гэты артыкул:

Расея ўсімі спосабамі, выкарыстоўваючы шантаж, эканамічны ціск, інтрыгі, подкуп палітыкаў і СМІ, будзе супрацьдзейнічаць падпісаньню Ўкраінай дамовы аб партнёрскіх адносінах з Эўразьвязам — піша кіеўская газэта “Дзэркало Тыждня”, якая апублікавала таемны плян дзеяньняў Масквы.

Шанаваны і зазвычай някепска паінфармаваны штотыднёвік у сваім суботнім выданьні нагадаў, што на гэтым тыдні расейская Фэдэральная Мытная Служба практычна заблакавала экспарт украінскіх тавараў у Расею.

Гэта пагражае ўкраінскай гаспадарцы шматмільярднымі стратамі, паглыбленьнем крызісу, банкроцтвам ключавых кампаній.

— Ніхто сёньня не сумняваецца, што Расея атакуе, і мэта гэтага наступу — перашкодзіць падпісаньню заплянаванай на восень партнёрскай дамовы з Эўразьвязам. Экспэрты разважаюць толькі аб тым, ці Масква пакуль толькі дае сігнальныя ракеты, ці ўжо страляе баявымі патронамі — разважае газэта, сьцьвярджаючы, што магутны сасед Украіны гуляе па поўнай і адкрывае “украінскі фронт”.

Масква, як гэта вызначалі пяць гадоў таму крамлёўскія прапагандысты, калі распачалася вайна з Грузіяй, “прымушала Тбілісі да міру”. Цяпер гаворачы той самай мовай, яна “прымушае Кіеў да братняй любові”. Яна, такім чынам, гатовая зрабіць усё, каб не дазволіць украінцам інтэгравацца з Эўразьвязам і прымусіць іх далучыцца да ўтворанай Сумеснай Эканамічнай Прасторы. Гэтыя ўтварэньні, што каштуюць Маскве шмат грошай, даюць ёй надзею на пастаяннае ўтрыманьне былых рэспублік СССР у яе сфэры ўплываў. Калі, аднак, ня ўдасца ўцягнуць у гэтую арбіту Ўкраіну, аб'яднаўчыя намаганьні Уладзіміра Пуціна будуць бессэнсоўнымі. А завяршэньне працэсу набліжэньня Кіева з Эўразьвязам, да чаго, паводле плянаў, можа дайсьці на лістападаўскім саміце Ўсходняга Партнёрства ў Вільні, можа канчаткова перакрэсьліць пляны Масквы.

Сьпяшаюцца наступаць

Як піша “Дзэркало”, Масква “праспала”. Бо яшчэ нядаўна Пуцін верыў, што эўрапейскія кіраўнікі нічога не падпішуць з прэзыдэнтам Віктарам Януковічам, пакуль той трымае за кратамі былую прэм'ерку Юлію Цімашэнку, асуджаную на сем гадоў турмы за падпісаньне некарыснага кантракта на пастаўкі расейскага газу. Цяпер Крэмль, здаецца, атрымаў сігналы з Бэрліна, якія сьведчаць аб тым, што канцлерка Ангела Мэркэль гатовая зажмурыць вочы і не заўважаць таго, што яе былая ўкраінская калежанка ўсё яшчэ сядзіць.

Паводле іншай вэрсіі, прэзыдэнт Украіны павінен пагадзіцца (і ўжо ў верасьні) на тое, каб выпусьціць “прынцэсу аранжавай рэвалюцыі” на лячэньне ў Нямеччыну. У абмен на гэта Эўразьвяз зажмурыць вочы і не заўважыць, што Ўкраіна не выканала іншыя ўмовы, пастаўленыя ёй эўрапейцамі перад падпісаньнем партнёрскай дамовы.

У Крамлі пачалася паніка, калі яны там зразумелі, што Ўкраіна зусім скора можа перакрочыць эўрапейскі парог.

Паводле “Дзэркала”, Пуцін загадаў свайму вядомаму нацыяналістычнымі поглядамі дарадчыку па справах інтэграцыі Сяргею Глазьеву тэрмінова скласьці праграму супрацьдзеяньня працэсу набліжэньня Украіны да Эўразьвязу і ўцягненьня яе па добрай волі (або не) ў Мытны Зьвяз.

Мэта: алігархі

Дакумант, апублікаваны ў газэце, выглядае як плян шырокамаштабнай спэцапэрацыі на тэрыторыі ворага.

Сярод галоўных мішэняў атакі, рыхтуемай Глазьевым, знаходзяцца блізкія да Януковіча ўкраінскія алігархі, якія маюць уласныя тэлеканалы. Такія людзі, як гаспадар цукровага рынку Пэтро Порошэнко альбо мэталургічны магнат Віктар Пінчук, маюць вялізныя прыбыткі ад продажу сваіх тавараў у Расеі. А на кантралюемых імі каналах “дамінуе, — як гэта бачаць экспэрты з Масквы, — антырасейская рыторыка, прасякнутая хлусьнёй і нянавісьцю да нашай краіны”. Дык вось Глазьеў плянуе прыкласьці “адпаведныя намаганьні”, каб паўплываць на гаспадароў ад тэлебачаньня з мэтай “зьмены зьместу праграм іх каналаў”.

У пляне дзеяньняў сярод іншага зьмешчана “заключэньне дамоваў з уладальнікамі тэлебачаньня” з мэтай “дасягненьня прынамсі нэўтральнасьці іхніх адносінаў і дапушчэньня на экран нашых спэцыялістаў”. Схіліць да згоды, напрыклад, Порошэнку, уладальніка 5-га Канала, павінна ўведзеная нядаўна ў дзеяньне “з санітарных прычын” забарона на ўвоз у Расею ўкраінскіх вырабаў ягонага цукровага канцэрна Рошэн. Закрыцьцё мяжы з Расеяй для ўкраінскіх тавараў б'е таксама перад усім па фірмах тых алігархаў, якія маюць свае мэдыйныя канцэрны.

Сьлядамі Хмяльніцкага

Крамлёўскія стратэгі мяркуюць таксама, што варта ўзяць пад увагу “асабістыя інтарэсы Януковіча”, які праз сына Аляксандра “разбудоўвае свае бізнэсовыя структуры”. Можна, такім чынам, спакусіць яго “утварэньнем спрыяльных умоваў для разьвіцьця ягоных праектаў” ці, гаворачы наўпрост, — звычайнай карупцыяй.

І ціснучы да сьцяны, і спакушаючы блізкіх да прэзыдэнта людзей, а таксама й самога Януковіча, нельга забывацца аб “утварэньні прыязных нам грамадзкіх, палітычных і іншых арганізацый, што разумеюць неабходнасьць інтэграцыі з Расеяй”.

Важным хаўрусьнікам, як чытаем мы ў дакуманце, апублікаваным у “Дзэркале Тыждня”, можа аказацца Расейская Праваслаўная Царква Маскоўскага Патрыярхату, што дзейнічае ва Ўкраіне.

Цэнтральнай постацьцю, якая можа ў суседняй краіне сабраць вакол сябе прыхільнікаў антыэўрапейскай палітыкі, у Крамлі лічаць Віктара Мэдвэдчука, былога кіраўніка адміністрацыі Леаніда Кучмы, лідэра прамаскоўскага руху Ўкраінскі Выбар, а ў асабістым жыцьці сябра Пуціна.

Глазьеў прадугледжвае пераўтварэньне скораных расейцамі СМІ і падпарадкаваных расейцам аб'яднаных арганізацыяў, паводле словаў дарадчыка Пуціна, у фронт, “аналагічны руху Багдана Хмяльніцкага (знакамітага казацкага лідэра 17-га стагоддзя, які падняў антыпольскае паўстаньне і зьвязаўся з Масквой) за ўзьяднаньне з Расеяй”. Такім чынам украінцаў пераконвалі б у тым, што пасьля набліжэньня да Эўропы яны апынуцца ў крызісе, беднасьці, беспрацоўі. А вось інтэграцыя з Расеяй запэўніць ім хуткі і пастаянны рост жыцьцёвага ўзроўню.

Расейскія ўлады не адрэагавалі на публікацыю кіеўскай газэтай сэнсацыйнага дакуманта. У нядзелю Глазьеў апасродкавана пацьвердзіў, што Масква заплянавала правядзеньне антыэўрапейскай кампаніі ва Ўкраіне. Дарадчык Пуціна прыгразіў, што Расея “абвострыць мытны рэжым на мяжы з Украінай”, калі гэтая краіна падпіша партнёрскую дамову з Эўразьвязам.

Вацлаў Радзівіновіч

Пераклаў з польскай В. Буйвал

Крыніца: http://wyborcza.pl/1,75477,14456809,Jak_Rosja_odciaga_Ukraine_od_UE__Kijowska_gazeta_opublikowala.html