КЫРГЫЗЫ ПАТРАБУЮЦЬ КАМПЭНСАЦЫЮ АД МАСКВЫ ЗА ГЕНАЦЫД
19 жніўня летувіская газэта “Respublika” апублікавала артыкул пад тытулам “Кыргызы патрабуюць кампэнсацыі за дзеяньні царскай Расеі”. Вось гэты артыкул:
Некалькі кыргызкіх грамадзкіх арганізацый заклікалі прызнаць генацыдам дзеяньні царскай Расеі супраць кыргызкага народу, паведамляе “Gezitter.org”. Маецца на ўвазе здушэньне паўстаньня ў Сярэдняй Азіі ў 1916 годзе.
Як паінфармавала “24.kg”, актывісты прынялі рэзалюцыю, у якой сярод іншага прапануецца выставіць да Расеі патрабаваньне кампэнсацыі Кыргызтану “за продкаў, нявінна забітых за нацыянальна-вызвольнае паўстаньне”.
Тэкст рэзалюцыі перададзены ў СМІ краіны. Зварот адрасаваны прэзыдэнту, прэм'еру і парляманту Кыргызтана.
Паўстаньне сярэднеазіяцкіх народаў, што належалі Расейскай імпэрыі, пачалося ўлетку 1916 года. Яно было выклікана царскім загадам пасылаць мясцовых жыхароў на працы ў прыфрантавыя раёны (у тыя гады Расея ўдзельнічала ў Першай сусьветнай вайне). Незадаволенасьць мясцовых жыхароў выклікалі таксама дзеяньні ўладаў, зьвязаныя з перадзелам зямлі на карысьць перасяленцаў з Расеі.
Паўстаньне было здушана войскамі. Паводле розных меркаваньняў, у паўстаньні загінулі дзесяткі тысячаў і нават сотні тысячаў людзей.
Respublika.lt, Eltos inf.
Пераклаў з летувіскай В. Буйвал
Нават у савецкі час, калі пачыналася гаворка пра Лютаўскую рэвалюцыю 1917 года, прадстаўнікі сярэднеазіяцкіх народаў абгрунтавана заяўлялі: “Люты распачаўся ў нас яшчэ ўлетку 1916-га года...” Паўстаньне супраць расейскіх акупантаў у Цэнтральнай Азіі і Казахстане сапраўды было першым магутным ударам па турме народаў. Менавіта з гэтых падзеяў распачалося падзеньне манархічнай вэрсіі маскоўскай імпэрыі. На жаль, пра гэта мала вядома ў цывілізаваным сьвеце. Маштабы і лютасьць рэпрэсій расейскіх акупантаў супраць падняволеных народаў у азіяцкіх калоніях параўнальныя з турэцкім генацыдам армянскага народу ў часы Першай сусьветнай вайны (пра які вядома ў шырокім сьвеце).
У незалежных дзяржавах адбываецца аднаўленьне гістарычнай справядлівасьці і гістарычнай праўды пра народную драму. Паўстанцам і ахвярам расейскага тэрору пастаўлены помнікі, ім прысьвечаны творы мастацтва, малітвы ў мячэцях. На іхным прыкладзе выхоўваюць маладое пакаленьне. Як бачым, эліты грамадзтва патрабуюць прызнаньня злачынстваў Расеі генацыдам і кампэнсацыі ад спадчыньнікаў царскай імпэрыі.
Гэта ёсьць шлях справядлівасьці, якім павінны пайсьці й беларусы. Масква яшчэ адкажа нам і за Каліноўскага, і за вынішчэньне шляхты, і за абрабаваньне краіны.
Янка Базыль