ДАВЯЛІ КРАІНУ ДА ЧУМЫ
(Жнівеньскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ)
11 жнівеня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “Чума” (апублікаваны). З дакладам выступілі сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі, а таксама сп. Валеры Буйвал, сакратар Управы Сойму і Партыі.
Выступоўцы засяродзілі ўвагу на захопніцкіх дзеяньнях антыбеларускага рэжыму, які адкрыў дарогу для беспакараных дзеяньняў расейскага бандыцкага мафійнага капіталу на нашай тэрыторыі. Захоп вельмі часта прыкрываецца швайцарскімі холдынгамі і нэпальскімі фірмамі, але кожнаму зразумела, што за захопам стаіць бандыцкі маскоўскі капітал. На нашых вачах адбываецца развал самых стабільных прадпрыемстваў нашай краіны — Салігорскага калійнага камбіната і Жодзінскага аўтамабільнага камбіната. Мэтады развала настолькі адкрытыя, што многія беларусы пытаюцца: ці такое можа быць? Можа быць! Бо гэта ёсьць прыкметы акупацыйнага рэжыму, функцыя якога ў тым, каб разбурыць эканамічнае жыцьцё беларускай нацыі.
Выступілі таксама сябры Сойму з іншых рэгіёнаў краіны. Яны распавялі, што першай рэакцыяй насельніцтва раёнаў, дзе зьнішчаюць сьвіней, ёсьць разгубленасьць і нявер'е, што такое можа быць. Беларусы проста ня вераць, што сьвіная чума існавала ў суседняй Расеі мінімум 7 апошніх гадоў і ўлады РБ не зрабілі нічога, каб спыніць наступ на нашую зямлю гэтай жудаснай пошасьці. Але паступова становіцца зразумелым, што акупацыйны рэжым якраз здольны на такія антыбеларускія дзеяньні. Гэта ёсьць працяг усёй антыбеларускай палітакі, якая пачалася з 1994 года.
Патрыёты-фронтаўцы бачаць выйсьце ў цяперашніх дзеяньнях па нацыянальнаму асьветніцтву беларусаў, растлумачэньні нашых нацыянальных каштоўнасьцяў і прыярытэтаў ў гуртаваньні па абароне свайго, ва ўсьведамленьні радыкальных перамен ва ўладзе.
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
11 жніўня 2013 г.