АБ ЭПІДЭМІІ АФРЫКАНСКАЙ ЧУМЫ СЬВІНЕЙ У БЕЛАРУСІ
(Заява)
Цяжкае становішча ўзьнікла для людзей у Беларусі ў сувязі з успышкай эпідэміі афрыканскай чумы сьвіней (АЧС). У 2007 годзе чума пачалася ў Расеі, пашырылася на ўсю эўрапейскую частку РФ і адтуль у пачатку 2013 г. была завезена ў Беларусь.
Рэжым Лукашэнкі не зрабіў патрэбных захадаў (як гэта зроблена, напрыклад, на Украіне), каб засьцерагчы Беларусь ад пранікненьня эпідэміі з Расеі, не падрыхтаваў ветэрынарныя і гаспадарчыя службы да хуткай, энэргічнай і эфэктыўнай ліквідацыі магчымых вогнішчаў афрыканскай сьвіной чумы. Калі вясной 2013 года першыя такія вогнішчы нечакана зьявіліся на тэрыторыі Горадзенскай вобласьці, рэжымныя ўлады засакрэцілі падзею і абмежаваліся недастатковымі мерамі прафілактыкі. У выніку АЧС хутка распаўсюдзілася па ўсёй паўночнай Беларусі ў Горадзенскай, Менскай і Віцебскай вобласьцях, частцы Магілёўскай і Берасьцейскай вобласьцяў. Узьнікла рэальная небясьпека распаўсюду эпідэміі на ўсю тэрыторыю Беларусі, што можа прывесьці да страты ўсяго пагалоўя сьвіней у краіне і да разбурэньня сьвінагадоўлі як галіны гаспадаркі, паколькі АЧС ня лечыцца, і адзіным мэтадам спыненьня эпідэміі ёсьць бяскроўнае вынішчэньне і спаленьне пагалоўя.
Эпідэмія афрыканскай сьвіной чумы, якую завезьлі з Расеі і распаўсюд якой дапусьціў аўтарытарны рэжым, найбольш даткліва б'е па індывідуальных гаспадарках, па ўсіх сельскіх беларусах. Але гэта ёсьць таксама ўдар па сотнях тысячаў беларускіх сем'яў, якія жывуць у гарадах і трымаюцца за кошт сьвінагадоўлі. Гэта ёсьць удар па ўсяму нашаму народу. Разам з вынішчэньнем беларускай мовы і нацыянальнай культуры антыбеларускі рэжым пачаў разбураць матэрыяльную базу існаваньня нашых людзей. Гэтыя ўлады паводзяць сябе з народам, як акупанты
Дзеля ліквідацыі эпідэміі АЧС неабходна найперш тэрмінова зачыніць мяжу з Расеяй, якая цяпер зрабілася пастаяннай крыніцай афрыканскай сьвіной чумы. Неабходна выставіць санітарныя кардоны і пабудаваць ўздоўж мяжы мэталёвы плот у месцах міграцыі дзікіх жывёл.
Неабходна арганізаваць дзяржаўную сістэму ветэрынарнага кантролю, адпаведную надзвычайнай сытуацыі ў сувязі з эпідэміяй АЧС. Меры па спыненьні эпідэміі мусяць быць хуткія, радыкальныя і тэхналягічна дакладныя, насельніцтва павінна быць шырока інфармавана, людзям гарантавана кампэнсацыя страт.
Мы мусім канстатаваць, што рэжым улады, які дапусьціўся да эпідэміі, ня ў стане забясьпечыць высокі тэхналягічны ўзровень барацьбы з АЧС, ня здольны перакрыць мяжу з Расеяй і спыніць распаўсюд эпідэміі. Эпідэмія пашыраецца, нясе вялікія няшчасьці беларусам.
На парадку дня стаіць пытаньне аб пераменах ва ўладзе. Толькі ўлада, якая зыходзіць з інтарэсаў сваёй нацыі, здольна ратаваць народ і грамадзтва ад няшчасьцяў, якія пагражаюць народнаму існаваньню.
11 жніўня 2013 г.
Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
(Старшыня КХП — БНФ Зянон ПАЗЬНЯК)