РАСПРАВА — “ДЗЕЙНІЧАЮЦЬ, ЯК АКУПАНТЫ...”

З Расеі ў Беларусь прышла свіная чума. Пошасьць вельмі лёгка пранікла праз мяжу, якой у прынцыпе не існуе, якую ніхто не ахоўвае і не кантралюе. Апошнія 20 гадоў прамаскоўскі лукашэнкаўскі рэжым сьцьвярджаў, што менавіта такое становішча на мяжы паміж Беларусьсю і Расеяй зьяўляецца гарантыяй нашага прагрэсу і квітненьня. Чума прышла з Расеі разам з атручанымі кармамі. Рэжым і яго спэцыяльныя службы не прызнаюць сваёй віны ў гэтай катастрофе. Яны робяць выгляд, што адбываецца нешта гэткае лакальнае і малаважнае для ўсяго нашага грамадзтва.

Пра “лакальнасьць” ва ўнісон з рэжымам засьпявалі і флагманы мясцовых “дэмСМІ” — газэта “Нар. Воля” і Радыё Свабода. Першая паспачувала сялянскім пажылым жанчынам, якія цяпер ня будуць займацца сьвінагадоўляй. Рад. Свабода сабрала ў студыі эканаміста М. Залескага і культуролага-кулінара С. Харэўскага ў рубрыцы “Свабода без гальштукаў”. Дыскусію ў сваёй звычайнай манеры вёў журналіст В. Ракіцкі. “Звычайная манера” — гэта тэарэтызаваньне з элемэнтамі схаластыкі на вельмі канкрэтную тэму. А калі сказаць прасьцей, то перадача была накіравана на тое, каб у сьвядомасьці беларусаў зьменшыць маштабы народнай бяды, перавесьці гаворку і думаньне ў сфэру, адцягненую ад рэчаіснасьці. Для гэтага ёсьць шмат навукападобных словаў і выразаў. Для гэтага выкарыстоўваецца спосаб гаварэньня не пра галоўнае, не пра сутнаснае, а пра другаснае і пабочнае.

Найбольш глыбака і лагічна выказваўся эканаміст М. Залескі. Менавіта ён сказаў, што “мясцовыя ўлады дзейнічаюць, як акупанты”. І на працягу перадачы штораз спрабаваў вярнуць гаворку да драматычнай канкрэтыкі. У цэлым яму гэта не ўдалося. Два іншыя пэрсанажы зрабілі ўсё, каб людзі канчаткова заблыталіся ў тым, што зь імі адбываецца, і не зразумелі, што ёсьць галоўным.

Сьляпымі журналістаў “дэмСМІ” не назавеш. Усё яны цудоўна бачаць і разумеюць. Але, відаць, такое рэдакцыйнае заданьне яны атрымалі і ўзяліся ратаваць ад адказнасьці антынародны рэжым. Першы прыёмчык для гэтага паратунку — згаданая намі “сацыяльна-эканамічная лакалізацыя” няшчасьця. Ды справа ж не ў “бабе Мані”, якую цяпер пазбавілі задавальненьня гадаваць сьвнічо. Пажылыя кабеты ў прыватнасьці і беларускія сем'і ў цэлым гадавалі і прадавалі сьвіней перш за ўсё для таго, каб мець грашовы прыбытак. На гэтыя грошы яны куплялі дзецям кватэры ў гарадах, аплочвалі ім вучобу ў ВНУ і пражываньне на кватэрах. Сьвінагадоўля была надзейным структурыраваным тылам для сотняў тысячаў і нават мільёнаў людзей. Цяпер рэжым цалкам зьнішчае гэты тыл. Людзі застаюцца з пустымі рукамі і ўжо ня змогуць дазволіць сябе вучобу, пражываньне ў гарадах, паўнавартаснае харчаваньне і грашовы прыбытак. Разбураецца ня проста адна з галінаў народнай (у самым поўным сэнсе гэтага слова) гаспадаркі, а аснова асноваў забясьпечанага матэрыяльнага існаваньня значнай часткі беларускага грамадзтва, некалькіх пакаленьняў грамадзтва, якія суіснуюць і падтрымліваюць адно аднаго. Гэтая бяда ёсьць унівэрсальнай, а не лакальнай для беларускага народа. Калі параўноўваць, то падобнае было б, калі б в'етнамцам і лаосцам улады ўзялі б і забаранілі вырошваць рыс. І справа ж тут не ў кулінарных прыярытэтах пэўнага народанасельніцтва. Рэжым наносіць сакрушальны і падступны ўдар па ўсяму беларускаму грамадзтву.

Задача акупанцкага рэжыму — давесьці як мага болей беларускіх сем'яў да галечы, пазбавіць іх ня проста прыбыткаў і маёмасьці, але элемэнтарных пэрспэктываў чалавечага існаваньня. Пазбаўленыя ўсяго людзі атрымаюць рэжымную прапанову пакарыстацца неіснуючай мяжой “союзного государства” і ехаць з сем'ямі “возрождать Россію”. На пустуючае месца рэжым будзе засяляць мільёны кітайцаў і маскоўскай мафіі з прыблудамі.

Трэба прызнаць, што антынародны рэжым дзейнічае ў рамках тэмы зьнішчэньня даволі шчыра і галосна. І пра кітайцаў і пра маскоўсцаў праекты ўжо абнародваны. Не разумець іх сэнсу можа толькі зусім недалёкі і інфантыльны чалавек. Шчыра сказана і прынята адміністрацыйнае рашэньне таксама і аб тым, што гадаваць сьвіней беларускім сем'ям забараняецца назаўжды. Пад злачынства мабілізавана структура розных балбатуноў, якія тлумачаць нам мэтазгоднасьць і карысць гэтай палітыкі.

Нагадаем, што такога маштабнага “раскулачваньня” беларускіх сем'яў не было роўна 50 гадоў. Старэйшыя людзі памятаюць, як на загад Хрушчова было забаронена трымаць хатнюю жывёлу ў прыватным сэктары ў гарадах і мястэчках, а таксама да мінімуму абмяжоўвалася дазволенае пагалоўе ў вёсках. Дагэтуль памятны плач жанчын, у якіх з падворкаў саветы забіралі каровак. І вось толькі беларусы наладзілі сваё жыцьцё, пачалі разьвівацца, як вярнулася старая акупанцкая практыка. І марнымі ёсьць разважанкі наёмных схаластаў аб тым, што “няма сьвініны, будзем есьці ялавічыну і птушку”. Усё ўжо зразумела, у рэжыма знойдуцца спосабы і на кароў і на курэй. Беларусу ня будзе спакою на сваёй зямлі, пакуль на ёй гаспадараць найміты маскоўскіх каланіялістаў. Вырашэньне пытаньня (якое некаторымі падаецца як “кулінарнае”) можа быць толькі палітычным.

Ян Булыга