АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (03–09.08.2013)

І пад пальмамі, і пад соснамі...

3 жніўня 2013 г. бэльгійская газэта “De Standaard” напісала, што лідэр апазыцыі ў Зімбабвэ Морган Цвангірай будзе байкатаваць новы ўрад пасьля таго, як прэзыдэнт Мугабэ сфальшаваў вінікі чарговых выбараў.

Наш камэнтар: Зімбабвійскаму Саннікаву-Мілінкевічу неабходна патлумачыць, што трэба было байкатаваць фальшывыя выбары дыктатуры. Цяпер байкатаваць урад позна. Падстаўныя псэўдаапазыцыянэры аднолькавыя і пад пальмамі і пад соснамі: спарынг-партнёры вядуць дыктатуру да “элегантнай перамогі”.

Алесь Хадасевіч


У “чахотку і Сібір”

3 жніўня 2013 г. швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” напісала: “На словах ёсьць непахісная гатоўнасьць Украіны пайсьці па шляху на Захад. Аднак сапраўдных рэфарматарскіх крокаў няма. Чаго сапраўды хоча прэзыдэнт Януковіч, тое слаба праглядаецца”.

Наш камэнтар: Урэшце прагучаў скэптычны тон у заходняй газэце. А то яны так радаваліся, што падчас сьвятаў 1025-годдзя хрышчаньня Русі ў Кіеве “адносіны паміж Пуціным і Януковічам былі прахалоднымі”. Адносіны якія былі, такія й засталіся: адносіны паміж гаспадаром і паднявольным васалам, якога на кіеўскі сталец паставіла Масква. Беларусам добра вядома, што пакуль у краіне прамаскоўскі рэжым, датуль рэформных крокаў ня будзе. І шлях будзе не на Захад, а ў адваротным накірунку — у “чахотку і Сібір”, як пісаў рускі класік.

Алесь Хадасевіч


Не разумеюць, што адбываецца ў краіне...

3 жніўня 2013 г. чэшская газэта “Ceske Noviny” паведамілі пра рассьледваньне трагедыі ў Эгіпце. Маладая чэшская сям'я павячэрала ў рэстаране ў папулярным курорце Хургада. Раніцай бацька прачнуўся ад болю ў страўніку і знайшоў мёртвымі сваю жонку і малую дачку. Ускрыцьце паказала, што маці і дачка памерлі ад моцнага яду. Іх атруцілі.

Наш камэнтар: Паўтараецца тое, што было ўжо ня раз. У чужой краіне, фактычна, ідзе вайна, тым больш грамадзянская вайна з выразным рэлігійным акцэнтам. Загінулі і паранены сотні людзей, на вуліцах гарадоў льецца кроў. А натоўпы эўрапейцаў, паверыўшы балбатлівай рэкламе, накіроўваюцца ў гэтую краіну, каб камфортна адпачываць і купацца, знаёміцца з экзатычнай кухняй. Гэта ж, маўляў, курорт, мы тут ні пры чым... І вось спроба паралельнага існаваньня ў прасторы і часе прывяла да бяды.

Многія беларусы таксама не зьвяртаюць увагі на падзеі ў Эгіпце і едуць “поваляться на песочке”. Цікава, што гэта як правіла асобы, якія не разумеюць, што адбываецца ва ўласнай краіне...

Юрка Марозаў


Палова праўды

6 жніўня 2013 г. дацкая газэта “Berlingske” апублікавала некалькі фота на тэму і зьвярнулася да чытачоў з пытаньнем: “Ці ты памятаеш пра Хірасіму?”

Наш камэнтар: Мяркуем, што трэба заўсёды ў дадатак задаваць пытаньне “Ці памятаеш ты пра злачынствы японскай ваеншчыны?” і публікаваць адпаведныя фота. Нагадаем, што толькі азіятаў японцы падчас ІІ Сусьветнай вайны забілі 7 мільёнаў. Загінулі таксама сотні тысячаў амэрыканскіх, брытанскіх і нідэрляндскіх вайскоўцаў у баях супраць японцаў і ў лягярох для ваеннапалонных. Казаць трэба гістарычную праўду ў поўным аб'ёме.

Юрка Марозаў


Важнасьць ліквідацыі злачыннай фігуры

8 жніўня 2013 г. швэдская газэта “Dagens Nyheter”, спасылаючыся на агенцыю Аль-Джазіра, паведаміла, што паўстанцы атакавалі картэж, у якім ехаў прэзыдэнт Асад. Асад не пацярпеў. Рэжымнае тэлебачаньне паказала Асада жывым і здаровым і заявіла, што атакі на яго не было. Аль-Джазіра заявіла, што мае здымкі гэтага эпізода.

Наш камэнтар: Сірыйскія паўстанцы падбіраюцца да самога дыктатара. Яны разумеюць важнасьць ліквідацыі ключавой фігуры.

Юрка Марозаў


Сталінізм — не музэй, а рэчаіснасьць жыцьця

9 жніўня 2013 г. дацкая газэта “Politiken” апублікавала рэпартаж аб наведваньні сваім журналістам горада Горы ў Грузіі. Журналіст апісвае помнік і музэй Сталіна, згадвае пра гісторыю і г.д.

Наш камэнтар: Адчуваецца шчыры інтарэс датчаніна і яго чытачоў да сталінскай экзотыкі. Розны ў нас досьвед з гэтым усім. Для беларусаў дагэтуль сталінізм — не музэйная зьява, а рэчаіснасьць жыцьця. Непасрэдныя “выдвіжэнцы” сталінскай эпохі, якія валодалі імпэрыяй (як А. Грамыка), ужо не жывуць. Але іхныя наступцы, вучні і пасьлядоўнікі дагэтуль душаць наш народ. І трэба, урэшце, пазбавіцца ад гэтага ардынскага іга.

Алесь Хадасевіч