РЭЖЫМ БАІЦЦА НАРОДНАГА БАЙКОТУ

Ведаеце, стала цікава глядзець і слухаць БТ. Хто б мог падумаць! 6 жніўня яно агучыла падачу ў “палаткі” праекта “паправак у закон аб выбарах”. Кожнаму зразумела, што “папраўкі” будуць прынятыя адзінадушна. У мёртвых “палатках” усё адзінадушна, як на могілках.

БТ паказала даволі камічныя сцэны-маналогі. Адзін за адным з-за стала абмеркаваньняў уставалі непаўторныя (такіх нідзе ў Эўропе няма!) фігуры рэжыму і выдавалі сваю аргумэнтацыю, плялі абы-што. Шматслоўныя тэлекамэнтары тычыліся выключна новаўвядзеньняў у фінансавае забесьпячэньне “кандыдатаў”. Самаму цікаваму і самаму “новаму” было прысьвечана ўсяго некалькі словаў канстатацыі. Рэжымшчыкаў можна зразумець: забарона імі заклікаў да байкоту выбарчага фарсу ня мае прэцэдэнтаў у эўрапейскім заканадаўстве. Зразумела, што гэты рэскрыпт зьяўляецца грубым парушэньнем правоў грамадзтва на волевыяўленьне. Цікава будзе прасачыць, як стануць выкручвацца і чаго нагавораць заходнія лібэралы. Ім жа трэба будзе зноўку арганізоўваць прыезд на “назіраньне за выбарамі”. Але брусэльская бюракратыя нешта прыдумае, у чарговы раз знойдзе “падзьвіжкі лукашызма на шляху да дэмакратыі”.

Ня гэта важна. Важна тое, як павядзе сябе наша грамадзтва. Мільёны нашых людзей даўно зразумелі, што байкот электаральнага шоў зьяўляецца вельмі моцнай зброяй у змаганьні супраць дыктатуры. Што не мілінкевічы з саннікавымі ды іншыя спарынг-партнёры начальніка рэжыму ўяўляюць сабой пагрозу для існаваньня хунты. Гэта добра зразумеў і рэжым. Вось ён па загаду з Масквы і робіць “легіслатыўную” пагрозу. Маўляў, ні слова пра байкот.

Але ўжо позна. Мільёны беларусаў ужо ня пойдуць на фальшывыя “выбары” пад любым соўсам. Якія б пагрозы ня кідаў антынародны рэжым, якіх бы клоўнаў з псэўдаапазыцыі ён ні выстаўляў для антуражу. Грамадзтва ўжо ня дасьць сябе запалохаць і падмануць. Пацешныя “выбарчыя ўчасткі” будуць стаяць пусткай.

Ян Булыга