“ТРАГІЧНАЯ СЬМЕРЦЬ НЕПАКОРНАГА РАСЕЙСКАГА СЬВЯТАРА”

7 жніўня польская газэта “Gazeta Wyborcza” апублікавала артыкул пад такім тытулам. Вось гэты артыкул:

У Пскове быў па-зьверску забіты 75-гадовы айцец Павел Адэльгэйм — былы вязень лягяроў, услаўлены адважнай крытыкай патрыярхаў і абаронай дзяўчат з групы Pussy Riot.

Забойца — гэта 27-гадовы масквіч, выпускнік сталічнага інстытута кінематаграфіі, якога сваякі прывезьлі ў Пскоў. Безумоўна, ён цярпеў на псіхічнае захворваньне, а сям'я верыла, што вядомы дабрасардэчнасьцю айцец Павел дапаможа яму аздаравіцца.

У панядзелак познім вечарам госць забіў гаспадара ўдарамі нажа. Калі прыехала паліцыя, ён не ўцякаў. Крычаў, што забіць загадаў яму сатана, потым ён ударыў сябе нажом. У цяжкім становішчы яго прывезьлі ў шпіталь, лекары ўратавалі яму жыцьцё.

Трагедыя ў Пскове скаланула ўсю Расею, прынамсі дэмакратычна настроеную частку яе грамадзтва. Паводле протадзякана Андрэя Кураева, аднаго з найбольш шанаваных праваслаўных духоўных, “царква страціла свайго апошняга пастыра, які думаў і дзейнічаў незалежна”.

Айцец Адэльгэйм стаўся ахвярай сталінскіх чыстак на прыканцы 30-х гадоў ХХ ст., а яго маці патрапіла ў Акмолінскі Лягер Жонак Здраднікаў Айчыны ў Казахстане.

Будучы сьвятар зь вялікай цяжкасьцю закончыў кіеўскую сэмінарыю, зь якой яго выключалі за крытыку ладу ў СССР і біскупаў, што супрацоўнічалі з КГБ.

У 1969 г. ён сам патрапіў у лягер. Атрымаў тры гады за распаўсюджваньне рэлігійнай літаратуры і “паклеп” на савецкае кіраўніцтва. Падчас бунта ў лягеры ён быў выпадкова цяжка паранены і яму ампутавалі правую нагу.

У новай Расеі непакорны сьвятар стаўся адным з найбольш вядомых крытыкаў праваслаўных герархаў, якія парушаюць — на яго думку — асновы царкоўнага жыцьця. У сваёй кнізе “Дагмат аб царкве, канонах і практыцы” ён папікаў іх у сэрвілізме ў адносінах з сьвецкімі ўладамі, у атачэньні сябе раскошай і пыхлівым жыцьці ў люксусовых умовах.

Галоўным папрокам, зь якім айцец Адэльгэйм зьвяртаўся да біскупаў, было, аднак, тое, што яны валадараць царквой, як дыктатары, здушаючы любую ініцыятыву вернікаў і патрабуючы ад сьвятароў сьляпой пакоры.

Урэшце ён патрапіў у канфлікт з пскоўскім арцыбіскупам Яўсеніем. Мітрапаліт забраў у яго ўсе парафіі і забараніў займацца сіратамі ў прытулку, арганізаваным самым сьвятаром.

Аднак герарх не наважыўся пазбавіць яго права служыць літургію. Бо Адэльгэйм карыстаўся надта вялікім аўтарытэтам у царкве. Немагчыма было так проста пазбавіцца ад яго.

Сьвятар з Пскова год таму выступіў у абарону дзяўчат з панк-групы Pussy Riot, якіх судзілі за тое, што яны ў сакавіку 2011 г. у маскоўскім саборы спрабавалі выканаць сваю, як яны гэта назвалі, “панк-малітву”: “Багародзіца, прагані Пуціна”.

Адэльгэйм напісаў тады на сваім блогу: “Дзяўчаты выказалі свой палітычны пратэст вершамі нетрадыцыйнай малітвы ў экстравагантны спосаб. Гэта толькі голас, голас пратэсту, які нарастае ў грамадзтве. Я ня бачу прычын не давяраць гэтыму голасу”.

На яго думку, ёсьць слушным пратэст людзей супраць “куражу царквы ў арміі і школе, імітацыі любові і веры, ідэалогіі і палітыцы, што пнуцца заняць месца духа і жыцьця, клерыкалізацыі сьвецкай дзяржавы”.

Тых нешматлікіх сьвятароў, якія наважыліся падтрымаць дзяўчат з Pussy Riot, асуджаных на два гады лягяроў, патрыярх Кірыла публічна назваў “здраднікамі ў сутанах”. Маладыя і менш вядомыя зь іх былі сурова пакараны. На айца Паўла герархі не насьмеліліся падняць руку.

У Расеі панядзелкавую трагедыю ў Пскове параўноўваюць са сьмерцю іншага вядомага сьвятара, айца Аляксандра Меня. Ён быў зьвязаны з дысыдэнцкім асяроддзем, яго крытыкавалі кансэрватыўныя герархі. Ён быў забіты 23 гады таму пры абставінах, невядомых дагэтуль.

Вацлаў Радзівіновіч

Пераклаў з польскай В. Буйвал

Крыніца: http://wyborcza.pl/1,75477,14399465,Tragiczna_smierc_niepokornego_rosyjskiego_duchownego.html

Магчыма з часам удасца высьветліць, хто накіраваў маладога псіхапата ў аддалены ад Масквы Пскоў. Але зразумела, што цяпер згаданыя герархі РПЦ ўздыхнуць з аблягчэньнем. Ці застаўся яшчэ хто сярод клірыкаў РПЦ, гатовы казаць людзям усю праўду і не баяцца гневу біскупскага начальства?

Дададзім, што гэта тыповая мэтода савецкага КГБ — падсылаць да асобаў, якіх хацелі зьнішчыць, псіхічна ненармальных людзей (авось, што-небудзь здарыцца). Да Зянона Пазьняка ў час ягонага дэпутацтва ў Вярхоўным Савеце такіх хворых падсылалі дзясяткамі.

Трагедыя ў Пскове — гэта чарговы этап рэжымнай зачысткі таго жывога, што яшчэ фрагмэнтарна існуе на абшарах расейскага грамадзтва. Лубянская цемра ўсё шчыльней ахутвае імпэрыю.

Сяргей Камароўскі