КАЗАЦКІЯ ЗЛАЧЫНСТВЫ

У Польшчы мэмарыяльнымі мерапрыемствамі і публікацыямі адзначаецца 69-я гадавіна пачатку Варшаўскага паўстаньня 1944 года. Вядома, што Чырвоная армія стаяла на беразе Віслы і спакойна назірала, як немцы зьнішчаюць паўстанцаў і цывільных жыхароў горада. Такі быў загад маскоўскага палітбюро (пазьней стала модным звальваць усю адказнасьць выключна на Сталіна і ягоны “культ”).

Ня ўсе ведаюць (а ведаць трэба), што дзікімі рэпрэсіямі супраць варшавянаў уславіліся ня толькі нямецкія эсэсаўцы і гестапаўцы. У Варшаве лютавалі і “русскіе парні” з казацкіх батальёнаў пад стратэгічным нямецкім камандаваньнем (яны на фота “беседуют” зь нямецкімі афіцэрамі). Фашыстоўскія казакі актыўна ваявалі на баку немцаў. Іх выкарыстоўвалі як майстроў па зьверствах у барацьбе супраць партызанаў і ў зьнішчэньні мірнага насельніцтва ў Італіі і Югаславіі. Было гэтых монстраў да 200 тысячаў. А. Салжаніцын, а за ім уся лібэральная Масква прысьвяцілі гэтым “казачкам” прачулыя эпітафіі, папікаючы амэрыканцаў і брытанцаў за тое, што тыя выдалі “нявінныя ахвяры” саветам і тыя накіравалі іх у ГУЛАГ. Зразумела, што хаўрусьнікі зрабілі няслушна. Трэба было аддаваць расейскіх злачынцаў пад амэрыканскія і брытанскія трыбуналы (якія ў 1945 г. сурова каралі злоўленых нацыстоўскіх садыстаў). Але й ня трэба рабіць з “казачкоў” сьвятых пакутнікаў. Яны пралілі рэкі крыві.

У Беларусі казацкія атрады пад нямецкім камандаваньнем спалілі шмат вёсак і пасеклі шашкамі шмат нашых людзей. Мы не забудзем пра гэта, пра расейскае зьнішчэньне нашага народу з абодвух бакоў. Наперадзе высьвятленьне праўды аб гэтай трагічнай старонцы нашай гісторыі.

Валеры Буйвал