ПОМНІК БЕЛАРУСКАГА ПРАВАСЛАЎЯ

Нядаўні афіцыёзны апафэоз пад маркай 1025-годдзя хрышчаньня Русі, што разгарнуўся ў Менску, яшчэ раз прадэманстраваў спробу маскоўска-імпэрскіх структураў падаць усходнюю традыцыю хрысьціянства як “русскую веру” нашага народа. За ўсе сьвяткаваньні прагучалі роўна два слова па-беларуску, мясцовы экзарх Філарэт гукнуў пастве: “Са сьвятам!” Дзякуй, што называецца, і за гэта. Магло і двух слоў ня быць.

Нават начальнік мясцовага прамаскоўскага рэжыму патрабаваў з тэлевізара “правесьці рэформы” у РПЦ. Найбольш цікавай часткай гэтага спіча было ягонае папіканьне РПЦ за разбудову надта вялікіх царкоўных будынкаў. Тыя, што ёсьць, сапраўды, стаяць амаль пустыя. Пару разоў на год каля іх зьбіраюцца натоўпы людзей, каб “асьвяціць прадукты пітанія” і ўсё. А абслугоўваньне вялікіх будынкаў РПЦ павінна несьці на сябе дзяржава. Вось рэжым і гукае пра спыненьне бацюшкамі манумэнтальнай дзейнасьці.

У многіх месцах нашай краіны паўсталі за апошнія 20 гадоў новыя будынкі РПЦ. Усе яны выкананы ў адпаведнасьці з штучнымі канонамі чужой нам расейскай архітэктуры. Бальшыня зь іх пабудаваны паводле ўзораў такзваных “мураўёвак”, некаторыя дык і наўпрост адлюстроўваюць архітэктурны вобраз растова-суздальскай школы 12-14 стагоддзяў. Людзі ўжо сапраўды ня ведаюць, як выглядала сапраўдная праваслаўная архітэктура ў Беларусі. Хаця яркія ўзоры яе служаць нашаму народу і дагэтуль.

Напрыклад, прыгожая царква Сьвятой Ганны ў Стоўбцах. Храм быў пабудаваны ў 1825 годзе па фундацыі князя А. Чартарыйскага. Гэта аднанэфны (зальны) храм з прыгожым тагачасным іканастасам. Строгі фасад зь ясным рытмам пілястраў дасьледчыкі вызначаюць як ўзор класіцыстычнага стылю. Але, на наш погляд, увагнутыя бакавыя грані верхняга яруса фасада — гэта водгук дынамікі барока. Ніякога Растова і Суздаля, агульнаэўрапейская, заходняя нэакласічная традыцыя — вось што такое беларускі праваслаўны храм нават праз 30 гадоў расейскай акупацыі Беларусі! Небясьпеку гэтай стылёвай незалежнасьці добра разумелі акупанты. Набліжаліся пагром нацыянальнай архітэктурнай традыцыі, выгнаньне з царквы беларускай мовы, татальная русіфікацыя Праваслаўя ў Беларусі. Гэты антыбеларускі рэжым РПЦ дзейнічае дагэтуль. Як бачым, вынікам яго зьяўляецца глыбокі духоўны крызіс у Царкве ўсходняй традыцыі, раўнадушнасьць да рэлігіі гэтай часткі нашага грамадзтва, пагроза дэмаралізацыі. Зрэшты, такое пачынаецца паўсюль, дзе разгортваецца палітыка русіфікацыі і ліквідацыі нацыянальнай культуры і традыцыі.

У вызваленай Беларусі гэтая злачынная палітыка будзе спынена.

Валеры Буйвал