З КІЕВА “З ПУСТЫМІ РУКАМІ”

29 ліпеня румынская газэта “Evenimentul Zilei” апублікавала артыкул пад тытулам “Уладзімір Пуцін вярнуўся з Кіева з пустымі рукамі пасьля таго, як Україна сказала катэгарычнае НЕ Эўразійскаму Саюзу”. Вось гэты артыкул:

Расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін бавіў канец тыдня ва Ўкраіне, спрабуючы пераканаць свайго ўкраінскага калегу Віктара Януковіча вярнуць краіну ад Эўразьвязу ў Мытны Эўразійскі Зьвяз (Расея, Беларусь, Казахстан) і ўзяць курс на большае эканамічнае збліжэньне з Масквой. Гэтыя намаганьні завяршыліся беспасьпяхова, як піша расейская прэса.

Пуцін у суботу казаў пра гістарычную еднасьць расейскага і ўкраінскага народаў з нагоды 1025-гадовага юбілею хрысьціянізацыі Кіеўскай Русі князем Уладзімірам. У нядзелю Пуцін вярнуўся да гэтай ідэі на сумесным парадзе ўкраінскага ваеннага флёту і флёту Расеі ў Севастопалі з нагоды Дня расейскага і ўкраінскага ваеннага флёту, які сьвяткаваўся сёлета разам гэтымі дзьвюмя славянскімі дзяржавамі, як напісаў пра гэта электронны партал News.ru ў пераказе Agerpres.

Візыт Пуціна ў Кіеў пачаўся з афіцыйнай службы ў саборы Сьв. Уладзіміра ва ўкраінскай сталіцы, пасьля чаго адбылася кароткая і “даволі прахалодная” сустрэча прэзыдэнтаў Пуціна і Януковіча, як зазначае эканамічны штодзёньнік “Коммерсант”. Абедзьве палітычныя асобы нават не падалі адна адной рукі, хаця адзін фотарэпарцёр папрасіў іх зрабіць гэта для прэсы. Сустрэча Пуцін-Януковіч працягвалася не даўжэй за 15 хвілін як вынік кароткага пратакола, напісала працытаваная газэта.

На прыканцы дыскусій Пуцін заявіў, што ўкраінская эканоміка будзе мець перавагі ў сэнсе канкурэнтназдольнасьці менавіта ў хаўрусе з Расеяй, на фоне “абвостранай канкурэнцыі” на міжнародным полі за рынкі збыту ў розных краінах. У традыцыйны спосаб гаспадар Крамля запэўніў, што Расея “будзе шанаваць любы выбар украінскага народа і ўкраінскай дзяржавы”.

Ужо безь Януковіча Пуцін паўдзельнічаў у рэлігійнай праграме ў комплексе Кіева-Пячорскай Лаўры. У саборы Ўспеньня Багародзіцы хор засьпяваў “Многае лета”, а мітрапаліт Павел запэўніў яго: “Вы — як князь Уладзімір!”

На канфэрэнцыі “Славянска-праваслаўныя каштоўнасьці” расейскі прэзыдэнт зноў зрабіў акцэнт на супольным рушаньні абодвух народаў, прыводзячы шэраг аргумантаў таго, што прыналежнасьць да Расеі надасьць Украіне імпульс эканамічнага разьвіцьця.

Аргумэнтуючы на тэму карысьці прыналежнасьці Ўкраіны да мытнага Зьвязу (у СНД), Пуцін прывёў статыстычныя дадзеныя, паказваючы, што лічба зьдзелак паміж Расеяй і Ўкраінай спала больш чым на 18% за першыя тры месяцы гэтага года, а ў той самы час паміж краінамі мытнага Зьвязу гэтая лічбы вырасла на амаль 3% за той жа пэрыяд.

Учора, у Севастопалі Пуцін нагадаў таксама аб гістарычнай блізкасьці дзьвюх дзяржаваў, а Януковіч казаў пра стратэгічнае партнёрства. Як заявіла для Rbc Daily крыніца з афіцыйнай дэлегацыі, якая суправаджала Пуціна ва Ўкраіне, візыт расейскага прэзыдэнта ў Севастопаль прайшоў пад знакам запытаньня да апошняга моманту.

Падводзячы вынікі гэтага візыта, экспэрты прышлі да высновы, што Пуцін ня здолеў пераканаць прэзыдэнта Віктара Януковіча зьмяніць вэктар эвалюцыі Ўкраіны. Паводле кіеўскай сацыялагічнай групы “Рэйцінг”, толькі 40% украінцаў падтрымліваюць далучэньне іхнай краіны да мытнага Зьвязу, і гэтая лічба ўвесь час падае. Рэшта ўкраінцаў хацела б інтэгравацца ў Эўразьвяз, але супраць гэтага хаўруса выказваецца ўсё ж чвэрць украінцаў.

Паўл Чакою

Пераклаў з румынскай В. Буйвал

Крыніца: http://www.evz.ro/detalii/stiri/cum-s-a-intors-vladimir-putin-cu-mana-goala-de-la-kiev-1049793.html

Эмацыйная натура румынскага камэнтатара падзеяў у Кіеве і аглядаў гэтых падзеяў у расейскіх СМІ раскрываецца за яркімі дэталямі. Самая колерная дэталь — гэта “Вы — князь Уладзімір”, што прагучала на адрас Пуціна на тэрыторыі старажытнейшай украінскай сьвятыні. Зразумела, што не сам лакальны мітрапаліт прыдумаў гэта. Гэта ёсьць дэталь з цэласнай праграмы РПЦ у Кіеве, у якой шмат разоў падкрэсьлівалася, што РПЦ — не ўкраінская, а маскоўская структура.

Дарэчы многія “эмацыйныя” журналісты розных краін паверылі ў “прахалоднасьць” жэстаў і сустрэчаў Пуцін-Януковіч. Яны паверылі ў гэтую гульню “у паддаўкі” двух партнёраў, адзін зь якіх цалкам залежны ад другога (мяркуем, ня трэба ўдакладняць, хто ад каго). Кемлівыя беларусы даўно ўжо ня ловяцца на такую дэманстрацыйную мякіну, памятаючы шэраг рознага роду “войнаў” (дыпламатычных, малочных, кілбасных) паміж Менскам і Масквой. Прамаскоўскі рэжым “ваяваў-ваяваў” пару тыдняў, а потым выконваў усё, што патрабаваў ад Беларусі ягоны крамлёўскі гаспадар. Так што ўкраінскім патрыётам трэба рыхтавацца да чарговага этапу змаганьня за незалежнасьць Украіны.

Ян Булыга