ДА БЕЛАРУСАЎ ПАЧАЛО ДАХОДЗІЦЬ...

Мэтро — гэта ўнікальны групавы партрэт грамадзтва. Тут усё даволі статычна (усе стаяць-сядзяць у вагонах) і ў той жа час сацыяльна прадстаўніча. У сталіцы найбольш мясцовых, сталічных людзей, але можна пабачыць прадстаўнікоў усяе нашае краіны. Не магу пазбавіцца ад думкі, з шчырай сымпатыяй гледзячы штодня на суайчыньнікаў: увесь сьвет спачувае нам, асацыюе Беларусь з дзікім рэжымам і ўсялякага роду адсталасьцю, а нашы грамадзяне такія модна апранутыя, духам ня падаюць, занятыя сваімі справамі. За гэтым гнасэалагічным пасылам ідзе наступная выснова: і вось гэтай шматмільённай сумай эўрапейскіх, сучасных, адукаваных людзей камандуе ўжо дваццаты год азіяцкі ў горшых традыцыях, вычварны і чужы рэжым зь яго нездаровым начальнікам?! Цяжка ад гэтых думак. Але на дваццаты год лукашызма пра гэтыя рэчы пачалі (вымушаны былі) задумвацца і многія з нашых суграмадзянаў. Бо абрынулася адна з апошніх ілюзій постсавецкага беларуса: упэўненасьць у стылі “My home is my castle”, што ўдасца арганізаваць свой лакальны (у маштабах уласнай сям'і) маленькі сьвет на тэрыторыі свайго дома і падворка. І ня проста перажыць-ператрываць навакольныя драматычныя падзеі, але й праіснаваць у дадзены гістарычны пэрыяд дастаткова камфортна і аўтаномна.

Не атрымалася! Дарэчы, пра тое, што гэтак праіснаваць не атрымаецца, нагадвалі насельніцтву на працягу доўгіх гадоў лукашызма беларускія патрыёты-фронтаўцы. Многія ім ня верылі і адмахваліся ад іх, некаторыя шчыра высьмейвалі іх, кідаючы: “Вы тут с флажкамі ходіте, а мы деньгі зарабатываем. Работать надо...”

Гістарычныя працэсы ўварваліся і на падворка і ў дамы тысячаў і тысячаў беларускіх сем'яў. Ніхто (так, як гэта было ў часы сталінцкай калектывізацыі) не палічыўся з прыватнай маёмасьцю і падобнымі дэфініцыямі. Днямі адбылася імправізаваная канфэрэнцыя кіраўнікоў вэтэрынарных службаў Беларусі, Украіны і Расеі. Канфэрэнцыя прыняла рашэньне “чамусьці” толькі па нашай Беларусі. Агучана пастанова “аб адчужэньні сьвіней з асабістых гаспадарак беларусаў у радыюсе 5-10 кілёмэтраў ад сьвінакомплексаў па ўсяе Беларусі”. Падкрэсьлім яшчэ раз: нішчыць прыватную сьвінагаспадарку будуць толькі ў Беларусі. Усе ўжо ведаюць, што сьвіная чума прышла ў Беларусь з Расеі: з атручанымі кармамі для жывёлы. Пошасьць прышла праз неіснуючую мяжу. Могуць запярэчыць, што “у Эўразьвязе таксама няма межаў”. Гэта ня так. Як толькі ўзьнікае аварыйная сытуацыя і пагроза грамадзтву, эўрапейскія краіны адразу ж вяртаюць шчыльную абарону сваіх межаў. Межаў у Беларусі з Расеяй няма. Менавіта таму будуць зьнішчаць аснову існаваньня тысячаў беларускіх сем'яў. І гэтыя сем'і ўжо добра засвоілі, адкуль ідзе пошасьць і чым выклікана іхная бяда.

Цяпер гарадзкі прыклад разуменьня прычынаў нашай агульнанацыянальнай бяды. На ўскраіне Менску, у раёне вул. Цікоцкага здаўна існуе прыгожая лесапаркавая зона. Там шпацыруюць людзі, радуючыся карцінам прыроды, там працуюць зялёныя лёгкія нашай сталіцы. Гэтым летам жыхары мікрараёна Зялёны Луг даведаліся, што іхны лесапарк заплянавана зьнішчыць. На гэтым месцы будуць будаваць нейкі жыльлёва-гандлёвы комплекс. Жыхары ўсхваляваліся, пачалі гуртавацца ў пратэстны рух. І вось праз пэўны час экалагічныя лёзунгі народнага супраціву афарбаваліся супрацівам нацыянальным. Людзі даведаліся, што справай знішчэньня займаецца расейская фірма, якая нахрапістым чынам вырашыла пакарыстацца беларускай тэрыторыяй. Людзі ў раёне вул. Цікоцкага ўздымаюць сьціснутыя кулакі і гукаюць: “А, маскальская мафія! Мала нашай крыві папілі! Вон з нашай зямлі!”

Вось такая драматычная эвалюцыя адбываецца ў нашых гарадах і ў сельскай мясцовасьці.

Янка Базыль