“ФРАНЦІШАК ГАНІЦЬ ЭЛІТЫ, БАРОНІЦЬ СЬВЕЦКУЮ ДЗЯРЖАВУ І ЗАПРАШАЕ Ў КРАКАЎ”
28 ліпеня польская газэта “Gazeta Wyborcza” апублікавала артыкул пад такім тытулам. Вось гэты артыкул:
Папа трыюмфаваў на пляжы Капакабана ў Рыа-дэ-Жанэйра. Некалькі мільёнаў вернікаў ў суботу і нядзелю слухалі, як ён падтрымліваў бунт маладых, ганіў скарумпаваныя і эгаістычныя эліты, павучаў незгуртаваны каталіцкі Касьцёл і бараніў сьвецкасьць дэмакратычнай дзяржавы. Наступныя Дні Моладзі ён прызначыў на 2016 год у Кракаве.
Гіганцкая грамада вернікаў запаўняла ўдзень і ўночы на працягу двух апошніх сутак вялізную дугу аднаго з найвялікшых пляжаў сьвету — Капакабаны ў Рыа-дэ-Жанэйра. Каля двух мільёнаў чалвек віталі папу нядзельнай раніцай на імшы, якой завяршаўся тыднёвы візыт Францішка на Сусьветным Дню Моладзі. Каля трох мільёнаў людзей узялі ўдзел суботнім вечарам у кранальным дбаньні. Людзі гадзінамі чакалі папу, спалі на пляжы, многія купаліся ў хвалях акіяна.
Папа навучае эліты...
За колькі гадзінаў перад гэтым папа навучаў аб іхных абавязках палітычныя і гаспадарчыя эліты, часта “эгаістычныя і скарумпаваныя”, падчас асабістай сустрэчы з бразільскім істэблішмэнтам у Гарадзкім Тэатры ў Рыа.
— Вашым абавязкам ёсьць змаганьне з беднасьцю. Паміж эгаістычнай абыякавасьцю і гвалтоўным пратэстам заўсёды ёсьць выбар: дыялог. Гэта дыялог паміж пакаленьнямі, дыялог з народам, здольнасьць даваць і прымаць, здольнасьць быць адкрытым для праўды.
Вяршкам бразільскай палітыкі, бізнэсу і культуры папа даў прыклад таго, хто павінен рабіць ім лекцыі па грамадзкаму служэньню і пра тое, хто ёсьць надзеяй маральнай палітыкі. На сцэну ў тэатры ён не запрасіў нікога з вярхушкі або з вышэйшага чынавенства. Быў запрошаны 28-гадовы Вальмір Жуніор, сірата і былы наркаман, народжаны ў фавэлас, у сьвеце гвалту і наркабізнэсу. Гэты чалавек дзякуючы ўпартасьці стаў прафэсарам гісторыі.
Калі Вальміра Жуніор скончыў прамову, папа доўга сьціскаў яго ў абдымках. Вышэйшае чынавенства пляскала ў ладкі, але ня ўсе рабілі гэта ахвотна і шчыра.
Папа тлумачыў кіраўнікам, што дэмакратыя — гэта толькі форма, якая павінна напаўняцца палітыкай, абапертай на публічнай маральнасьці і здольнасьці грамадзтва да ўспрыняцьця.
— Немагчыма ўявіць сабе будучыні грамадзтва без укладу маральнай энэргіі ў такую дэмакратыю, якая ня будзе замыкацца ў логіцы толькі прадстаўніцтва розных інтарэсаў. Маральнае пачуцьце ёсьць вялікім гістарычным выклікам. Мы адказныя за выхаваньне новых пакаленьняў, адукаваных у эканоміцы і палітыцы, але і станоўча скіраваных на абарону маральных каштоўнасьцяў. Будучыня вымушае ад нас гуманістычнага ўяўленьня аб гаспадарцы і палітыцы, якое будзе гарантаваць людзям удзел у справах, будзе не элітарнай, але здольнай да выкараненьня галечы. Мы ўвесь час заклікаем да справядлівасьці, — нагадваў ён палітыкам.
— Краіна расьце, калі паміж сабой вядуць размову культуры народная, акадэмічная, маладзёвая, мастацкая і тэхналагічная, эканамічная і сямейная, а таксама сродкаў масавай інфармацыі, — казаў папа.
... і бараніў сьвецкасьць дзяржавы
Сьвецкая дзяржава спрыяе мірнаму суіснаваньню розных рэлігій. Такая дзяржава, не атаясамліваючы сябе ні зь якім веравызнаньнем, шануе і цэніць прысутнасьць рэлігійнага фактара ў грамадзтве, спрыяючы яго канкрэтным праявам.
Для біскупаў і ксяндзоў папа меў горкае пасланьне. Ён казаў амаль наўпрост аб драматычнай страце вернікаў каталіцкім Касьцёлам у Бразіліі на карысьць нэаэвангеліцкіх касьцёлаў, але таксама зьвяртаў увагу на бязраднасьць каталіцкага Касьцёла ў дачыненьні да ўсё большай рэлігійнай абыякавасьці.
Папа даказваў, што Касьцёл сам вінаваты, калі вернікі адварочваюцца ад яго.
— Часам мы губляем тых, якія перастаюць нас разумець, бо мы самы губляем прастату. Касьцёл заўсёды павінен памятаць такую лекцыю: нельга губляць прастату. Бо Касьцёл часта ёсьць надта аддаленым ад людзкіх патрэбаў, пыхлівым, халодным, засяроджаным у сябе, увязьненым у няўклюднай мове. Нібыта сьвет зрабіў з Касьцёла рэлікт мінуўшчыны, ня здольны даць рады новым праблемам. Можа быць, што Касьцёл умеў даць адказы на патрэбы дзяцінства чалавека, але ўжо ня ўмее рабіць гэта на дарослы ўзрост. Нам патрэбны Касьцёл, які здолее весьці дыялог з тымі вучнямі, якія ўцякаюць з Ерузаліма, валэндаюцца без мэты, самы, з сваёй прафэсіяй, з расчараваньнем у хрысьціянстве, якое ўжо лічыцца глебай спустошанай, неўрадлівай, ня здольнай генэрыраваць сэнс. Нам патрэбны Касьцёл, які зноў адкрые матчына ўлоньне міласэрнасьці. Бяз гэтага ў нас няма шансаў увайсьці ў сьвет пакрыўджаных, тых, што патрабуюць разуменьня, дараваньня і любові — сказаў ён.
І зьвярнуўся з заклікам: — Трэба быць слугамі камуніі і культуры сустрэчы! Дазвольце мне сказаць, што ў гэтым сэнсе мы павінны быць амаль фанатычнымі. Мы ня хочам быць пыхлівымі, навязваючы “нашую праўду”. Кіруймася пакорлівай і радаснай ўпэўненасьцю, уласьцівай таму, каго знайшла, дасягнула і перамяніла Праўда, якою ёсьць Хрыстос, таго, хто ня можа не абвяшчаць яго!
Мацей Стасіньскі
Пераклаў з польскай В. Буйвал.
Можна запытацца рытарычна, ці не надта шмат увагі мы аддаем візыту Папы Францішка ў далёкую Бразілію? Але паралельныя падзеі хрысьціянскага жыцьця прымушаюць нас вяртацца да гэтай тэмы. У рэпартажы польскага журналіста сьцісла і выразна накрэсьлены тэматыка і характар прамоваў пантыфіка. Удумаемся, колькі глыбіні і праўды ў ягоных словах, колькі шчырасьці нават у прамовах, крытычных да дзейнасьці Касьцёла. Яго слухалі і маліліся зь ім тры мільёны маладых людзей.
У той жа час у Кіеве тысячы моладзі ўдалося сабраць толькі на рок-канцэрт, куды пабаяўся прыйсьці маскоўскі Кірыла (яго маглі і асьвістаць, пра гэта ведалі арганізатары мерапрыемства). Адбылася тыповая рок-забава з аглушальнай музыкай і скокамі на плошчы. Для захаваньня фармальнасьці выступіў адзін бацюшка з падмаскоўнага Валакаламска. У інтэрв'ю расейскім тэлеканалам ён казаў: “Мы едіный народ!” Але мы ня ўпэўнены, што ён сказаў гэта, выступаючы са сцэны перад вялікім натоўпам моладзі, якія нецярпліва чакала музыкі і сьпеваў.
Пра гэтае самае “мы едіный народ” прамаўляла ў Кіеве ўсё маскоўскае начальства ад Пуціна-Кірылы да драбнейшых чыноў. Розум іхны быў заняты толькі гэтым. У Кіева-Пячорскай Лаўры іх сустрэла некалькі тысячаў асобаў, якія ўдавалі “православную паству”. Група квазіматушкак у белых хустках хорам гукала: “Кирил — наш патриарх! Кирил — наш патриарх!” Гэта нагадвала зладжаныя крыкі падстаўных на савецкіх камсамольскіх зьездах: “Ленин! Партия! Ком-со-мол!” Украінскія сябры паведамляюць, што “паству” складалі ў асноўным рознага роду “надёжные товарішчі”: апранутыя ў цывільнае афіцэры шэрагу службаў, дзяржчыноўнікі і іхныя жонкі. Гэтым разам “карцінка” на расейскіх телеканалах атрымалася.
Мы яшчэ раз пераканаліся, што да Папы Францішка беларусы могуць апэляваць ва ўсіх справах. Задамо яму некаторыя пытаньні. Напрыклад, чаму падчас каталіцкіх мерапрыемстваў не ўздымаюцца беларускія Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі Ісуса Хрыста? Чаму ў касьцёлах у Беларусі ўсё больш гучыць чужой нам расейшчыны? Чаму каталіцкія кнігарні завалены расейскімі выданьнямі, а па-беларуску выдаецца нікчэмны аб'ём літаратуры? Што ўсё гэта значыць?
Сяргей Камароўскі