СМАЛЕНСКАЯ “ГРАМАТА”

У рукі нам патрапіў стандартны аркушык, на абодвух баках якога ксэраспосабам нанесены тэксьцікі і нават пару фотакраявідаў. Называецца ён з прэтэнзіяй па-беларуску — “Смаленская грамата” і прэтэндуе быць выданьнем смаленскай суполкі беларусаў гэтай гістарычнай зямлі. Далей тэксьцікі (іх два) па-расейску. Адзін тэксьцік прысьвечаны гісторыі Смаленшчыны. Там ёсьць цікавы пасаж:

“Прошли ещё столетия, прежде чем один и тот же этнос, приняв на себя влияние разных культур, развиваясь в разных политических условиях, как бы разделился на две национальности — смоленские русские и восточные белорусы. Часть народности попала в лоно Российской империи. При этом население, проживающее в западной части Московского государства, руссифицировалось, если так можно выразиться”.

Аўтар забыўся паведаміць, што азначала “лоно імперіі” для беларускай цывілізацыі і людзей Смаленшчыны — разгром, збядненьне, выміраньне, ператварэньне яркага цэнтру ў заняпалую правінцыю (так, зрэшты, здарылася з усім, што патрапіла ў згадае “лоно”).

Але найбольш красамоўны тэксьцік пад тытулам “Экспорт трудолюбия из братской страны”. Тут ёсьць, што пацытаваць:

“С одной стороны численность населения России сильно сокращается. Возрастает дефицит работников, пенсионеров становится больше, чем граждан трудоспособного возраста. (...)

Смоленская область, среди других городов ЦФО (цэнтрального федерального округа) находится в несколько более выигрышной ситуации по качественному составу трудовых мигрантов. Область граничит с Беларусью. Смоленск стал очень привлекательным городом для граждан Беларуси. Как по части шоппинга, места получения образования, так и как центр трудовой миграции”.

Далей апісваецца, як “в электропоезде “Смоленск — Орша” можно наблюдать много счастливых обладателей только что купленной бытовой техники” і што ў Смаленску ёсьць больш за 40 ВНУ і іхных філій, а ў галоўным унівэрсітэце вобласьці з 7 тысячаў студэнтаў — 2 тысячы беларусы. У Смаленск масава едуць і беларускія работнікі, у асноўным будаўнікі — заробкі вышэй, чым у РБ.

Зразумела, што аўтары “граматы” радуюцца гэтай статыстыцы. Нам тут радавацца няма прычыны. Прамаскоўскі рэжым давёў беларусаў да такога становішча, што яны вымушаны падацца ў суседні Смаленск, каб купіць нешта, падвучыцца і падзарабіць. Падкрэсьлім, беларусы едуць у Смаленск, які пры саветах меў рэпутацыю вельмі беднага і занядбанага абласнога цэнтру. У Смаленшчыну, якая заўсёды марыла ўвайсьці ў склад БССР, каб вырвацца з галечы.

З другога боку, смаленская ілюстрацыя ёсьць лакальным адбіткам цэласнай карціны расейскага крызісу і расейскага выміраньня. У Расеі няма каму працаваць і ня хочуць вучыцца. Таму вельмі радуюцца “экспорту трудолюбія” з акупаванай прамаскоўскім рэжымам Беларусі. Вось як! А некаторыя называлі “фантастамі” і “оголтелымі націоналістамі” беларускіх патрыётаў-фронтаўцаў, якія ўвесь час тлумачаць сутнасьць і мэту працэсаў рэжымнага разгрому Беларусі — Расея павінна высмактаць з нашай краіны ўсю працоўную і інтэлектуальную сілу. А потым, як кажуць, трава не расьці. Расея вымірае і цягне за сабой у магілу наш жывы народ.

Павел Гулевіч