НАДАКУЧЫЛА ГЭТАЯ ГЁБЕЛЬСАЎШЧЫНА

(З нагоды выступу С. Шушкевіча ў “Народнай Волі” 26 ліпеня 2013 г.)

Гадоў праз 10-12 пасьля прыняцьця Дэклярацыі аб суверэнітэце БССР Станіслаў Шушкевіч пачаў рэгулярна хіхікаць наконт дэманстратыўнага выхаду Дэпутатаў Апазыцыі БНФ з залі парляманту перад галасаваньнем за Дэклярацыю, якую яны, практычна, самы напісалі і абаранілі на Сэсіі. Праўда, тады яму (які трымаўся разам з камуністамі) было ня сьмешна. Магчыма, ён гэтак жа як потым некаторыя намэнклятуршчыкі, інтуітыўна зразумеў псіхялягічную моц гэтага нечаканага ходу з боку БНФ, які вырашыў вынік галасаваньня (хаця наўрад ці ён тое зразумеў), але цяпер, калі падрасло новае лукашысцкае пакаленьне, якое нічога ня ведае спадар Шушкевіч сьпявае салаўём, як гогалеўскі Хлестакоў пра сорак тысяч кур'ераў: гэта, маўляў, аказваецца ён усё зрабіў, усё напісаў, усіх зьдзівіў, а БНФ — гэта “жарт”, гэта “курёз” і г.д.

Дружба з КГБ, якой сп. Шушкевіч так выхваляецца, пачынаючы са справы Освальда, да дабра не даводзіць. Каб рэгулярна, як птушка джунгляў, паўтараць лухту трэба, відаць, заслужыць моцную інтэлектуальную падпорку з асяроддзя перадавога атрада новай стабільнасьці, для якога кляпаньне на БНФ ёсьць справа прафэсійнага абавязку.

Вось цытата, словы С. Шушкевіча: “было створана дзве камісіі, якія дапрацоўвалі прапанову Дэкларацыі. Я ачольваў камісію, якая дапрацоўвала палітычны бок. Другая камісія займалася агульнымі пытаннямі. У выніку мы распрацавалі фактычна новую Дэклярацыю. Яна складалася з 12 артыкулаў. І менавіта гэтую Дэклярацыю прыняў Вярхоўны Савет”.

Дык вось. Не было створана “дзьве камісіі” і не “ачольваў” С. Шушкевіч ніякай камісіі. І не займаўся ён увогуле Дэклярацыяй. Для яго Незалежнасьць Беларусі называлася “гэта жарт”. Была адна камісія, якую ўзначальваў Леанід Козік, які ня ведаў што рабіць, бо ніхто з намэнклятурных членаў камісіі і ніхто з камуністаў не хацеў працаваць над Дэклярацыяй. Справа ішла да правалу працы камісіі, і тады Л. Козік у роспачы зьвярнуўся за дапамогай у Апазыцыю БНФ (тады яшчэ Дэпутацкая група БНФ). Мы прынялі рашэньне ўсім пайсьці ў камісію Козіка і распрацаваць неабходны для Незалежнасьці тэкст. Гэта было зроблена.

На Сэсіі 26-га ліпеня 1990 г. Старшыня Камісіі Л. Козік, які прадстаўляў праект, заявіў, што тэкст падрыхтаваны Камісіяй з удзелам Дэпутацкай групы БНФ, а таму ён прапануе, каб праект Дэклярацыі акрамя старшыні Камісіі прадстаўляў на Сэсіі таксама кіраўнік Дэпутацкай групы БНФ. Прапанова была прынята Вярхоўным Саветам і я, як кіраўнік Дэпутацкай групы Фронту, гэты тэкст Праекта Дэклярацыі прадстаўляў папераменна разам з Л. Козікам.

Усё гэта, пра што я тут вышэй пішу, адлюстравана ў стэнаграме Сэсіі. І хопіць хлусіць спадару Шушкевічу. Надакучыла гэта слухаць. Ён даў дарогу Лукашэнку з-за сваёй бесталковасьці і цяпер не сунімаецца супроць Народнага Фронта (які вывеў яго ў палітыку, дарэчы).

Тут яшчэ крыху прадоўжу пра Дэклярацыю. У канцы дня (26-га ліпеня), калі было ўжо прынята 10 артыкулаў з 12-ці, сярод часткі бэтоннай намэнклятуры пачалася паніка. Мой сусед па сэктары ў залі, камуніст Селівончык (намесьнік дырэктара МАЗа), крычаў у залю пра намэнклятуру: “Да оні с ума сошлі! Товарішчі коммуністы! Что это делается — Пазьняк павёл за собой Верховный Совет, а коммуністы не знают за что голосуют!”

Вось гэты агрэсіўны настрой “бэтону” быў вельмі небясьпечны. Дэпутаты-намэнклятура з абласьцей жылі ў гасьцінніцах і я быў больш чым упэўнены, што за ноч, сабраўшыся за бутэлькай, ім могуць “уставіць мазгі” і ўсё перайграць, прымусіць рэвізаваць прынятыя палажэньні (так было не раз). Раніца наступнага дня магла стацца для нас фатальнай. Дэклярацыю трэба было прыняць за адзін дзень (26-га), але тое не ўдалося. Таму назаўтра, паназіраўшы за настроем камуністаў, і, не чакаючы пачатку паседжаньня, я прапанаваў дэпутатам Фронту радыкальны псіхалягічны ход: раззлаваць камуністаў і ў знак нязгоды з палажэньнем аб захаваньні СССР (якое мы прайгравалі пры любым раскладзе) пакінуць залю. Дэклярацыю яны прымуць на хвалі абурэньня ў піку нам, забыўшыся пра рэвізію. Бальшыня зь іх найчасьцей галасавала “ад адваротнага” (гэта значыць насуперак БНФ). Увогуле дамагчыся нечага ў парляманце, дзе камуністаў было амаль 90 адсоткаў, можна было толькі іхнымі галасамі, таму наша тактыка была не стандартнай і, што самае важнае, — не зразумелай для камуністаў.

Амаль палова нашых дэпутатаў сумнявалася і баялася ісьці на рызыку (надта ж вялікую цану маглі заплаціць). І тут я вельмі ўдзячны ім, што абавязак палітычнай дысцыпліны дазволіў нам правесьці гэтую акцыю бездакорна.

Што адбавалася ў залі пасьля нашага выхаду, падрабязна апісаў у сваёй кнізе і артыкулах Сяргей Навумчык, які па дамоўленасьці застаўся ў залі разам зь яшчэ некалькімі дэпутатамі БНФ.

27 ліпеня 2013 г.

Зянон Пазьняк