“ПУЦІН: ПРАВАСЛАЎНАЯ ЦАРКВА ЗЬЯЎЛЯЕЦЦА НАТУРАЛЬНЫМ ХАЎРУСЬНІКАМ У РАСПАЎСЮДЖВАНЬНІ ЎПЛЫВАЎ КРАМЛЯ”
23 ліпеня латвійская газэта “Diena” апублікавала артыкул пад такім тытулам. Вось гэтьы артыкул:
Прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін прызнаў, што праваслаўная царква зьяўляецца натуральным хаўрусьнікам у распаўсюджваньні ўплываў Крамля на тэрыторыі былога СССР. З такой заявай ён выступіў увечар у панядзелак па дзяржаўнаму тэлебачаньню ў фільме, прысьвечаным адраджэньню царквы пасьля развалу СССР.
“У самыя крытычныя моманты нашай гісторыі наш народ вяртаўся да сваіх вытокаў, рэлігійных каштоўнасьцяў”, — сказаў Пуцін у інтэрв'ю стваральнікам фільма. Разам зь ім у фільме далі інтэрв'ю патрыярх Расейскай праваслаўнай царквы Кірыла і шэраг іншых высокапастаўленых прадстаўнікоў духавенства.
Пуцін падкрэсьліў, што царква запоўніла “маральны вакуум” пасьля развалу СССР. “Гэта было натуральнае адраджэньне рускага народа”, — зазначыў гаспадар Крамля. “У нас ёсьць шмат ліній супрацоўніцтва паміж царквой і дзяржавай”. Расейскі прэзыдэнт дадаў, што праваслаўная царква зьяўляецца “натуральным партнёрам дзяржавы” і “фактар адзінства народа” на прасторах былога СССР.
Амаль дзьвюхгадзінны фільм “Другая хрысьціянізацыя Расеі” стварыў аддзел Грамадзкіх сувязяў праваслаўнай царквы. Аўтары фільма падкрэсьлівалі, што Расея штогод будуе па ўсім сьвеце 1000 цэркваў, што ёсьць нябачаным фактам ва ўсёй гісторыі хрысьціянства. Яны таксама нагадалі, што гэта адбываецца “у час, калі на Захадзе цэрквы зачыняюцца”.
Фільм завяршаецца кадрамі, на якіх бачная зямная куля, а з краінаў, дзе прадстаўлена Расейская праваслаўная царква, зыходзяць яркія прамяні. Аўтары заатакавалі таксама “лібэральную частку расейскага грамадзтва”, якая “робіць нападкі на пазыцыю царквы”.
Яшчэ раней аглядальнікі зьвярнулі ўвагу на ўсё больш шчыльныя сувязі паміж праваслаўнай царквой і Крамлём. Падчас трансляцыі дзяржаўных навінаў ўсё часьцей адлюстроўваецца царкоўнае жыцьцё і прамовы патрыярха Кірылы. У сваёй апошняй прамове аб становішчы ў краіне ў сьнежні летась Пуцін, спасылаўся на Кірылу, які абвясьціў рэлігію “адзінай духоўнай повязьзю” і традыцыйнай каштоўнасьцю. Аднак частка грамадзтва выказвае незадаволенасьць ростам уплыву рэлігіі і яе ўмяшальніцтвам у школы, дзе праваслаўныя сьвятары цяпер выкладаюць “праваслаўную культуру”.
AFT/LETA
Пераклаў з латышскай В. Буйвал.
У наяўнасьці чарговы акт імпэрскай эклектыкі. Які “ваккум” запоўніла РПЦ, пра гэта здагадаліся народы РФ. Вакуум сапраўды паўстаў пасьля адмены парткамаў, гаркамаў і абкамаў, і што самае важнае, іхных ідэалагічных аддзелаў. Наконт “духоўнай повязі” таксама пачытаць кур'ёзна, перш за ўсё такім народам імпэрыі, як дагэстанцам, буратам, якутам, калмыкам, татарам і іншым прадстаўнікам рэлігійнай традыцыі іслама, баддызма і анімізма. Бачна, што згаданыя герархі РПЦ і Крамля пазьбягаюць дакладнай фармулёўкі аб тым, што РПЦ зьяўляецца адным з галоўных апірышчаў іхнай імпэрыі.
Чытаем далей. Наконт 1000 будынкаў РПЦ “па ўсім сьвеце” — гэта заяўлена эфэктна. Але ня больш. Бо ў Беларусі будынкі РПЦ будуюцца на грошы беларусаў. Слушна таксама, што на Захадзе зачыняюцца храмы. Ды забыліся ўдакладніць, што па ўсёй Расеі і яшчэ дзе-нідзе будынкі РПЦ стаяць пустымі і паўпустымі. Падчас урачыстых выездаў Кірылы вельмі цяжка сабраць у адным месцы хаця б некалькі тысячаў асобаў.
І самае галоўнае, герархам у Маскве трэба было б вызначыцца, каму яны пакланяюцца і каго лічаць каштоўнасьцю: Леніна (мільён помнікаў якому стаіць па ўсёй РФ, вельмі часта насупраць будынкаў РПЦ) або Хрыста. А ім хоць бы хны. Такое ў псіхіатрыі называецца шызоіднай амбівалентнасьцю. У біблейскай традыцыі такое называецца Вавілонскім блудам.
Сяргей Камароўскі