ЛУБЯНСКІ ВАДЭВІЛЬ: “ПРАЦІЎНІКА КРАМЛЯ НАВАЛЬНАГА СУСТРЭЛІ ЯК НАРОДНАГА ГЕРОЯ”
20 ліпеня нямецкая газэта “Frankfurter Allgemeine Zeitung” апублікавала артыкул пад такім тытулам. Вось гэты артыкул:
Апазыцыянэр Аляксей Навальны вярнуўся з правінцыі ў Маскву. Яго ў захапленьні сустрэлі сотні прыхільнікаў. Навальны пацьвердзіў, што ён будзе кандыдаваць на выбарах мэра.
Сотні прыхільнікаў сьвяточна сустракалі ў Маскве як народнага героя крытыка Крамля Аляксея Навальнага пасьля ягонага нядаўняга вызваленьня. Натоўп вітаў зь вялікім вэрхалам, мэгафонамі і букетамі кветак 37-гадовага адваката, які прыбыў з горада Кірава. Вядомы блогер непасрэдна на вакзале падзякаваў у кароткай прамове за падтрымку.
“Мы — магутны народны рух”, — гукнуў Навальны, якога суправаджала яго жонка Юлія. “Я ня думаў, што мы такія магутныя”. Тады ж Навальны пацьвердзіў, што ён будзе ўдзельнічаць у выбарах мэра Масквы 8 верасьня. “Усе на выбары, мы пераможам”, — абяцаў ён. Натоўп адказаў у мэгафоны: “Навальны — наш мэр! Навальны! Навальны!”
Паліцыя ачапіла Яраслаўскі вакзал у цэнтры расейскай сталіцы, былі задзейнічаны таксама й члены антытэрарыстычнага аддзелу Омон. Надоечы ананімна было паведамлена пра бомбу на вакзале.
Навальны быў асуджаны ў чацьвер у Кіраве на пяць гадоў лягяроў за марнаваньне сродкаў на спрэчным працэсе. У пятніцу суд вызваліў яго, асноўваючыся на тым, што ён павінен ўзяць удзел у выбарах мэра.
Вярнуўшыся ў Маскву апазыцыйны крытык патрабаваў таксама вызваліць усіх палітычных зьняволеных, такіх, як былы нафтавы мэнэджэр Міхаіл Хадаркоўскі і сяброўкі Pussy Riot Надзея Талаконнікава і Марыя Алёхіна.
dpa
Пераклаў зь нямецкай В. Буйвал
Нават заангажаваныя немцы ня могуць паўстрымацца ад іроніі, камэнтуючы “трыюмф Навальнага”. Сапраўды, пасярод 12-мільённага горада сьмешна гучыць заява пра “мы магутныя” у атачэньні некалькіх сотняў чалавек. Але ўся гэтая афёра з асуджэньнем-вызваленьнем мае прыкметы вадэвільнага жанру. Імрэ Кальман вельмі б зацікавіўся гэтым сюжэтам.
Беларусы такое ўжо бачылі і чулі. У 1999 годзе падчас раскольнага зьезду БНФ рэжым вызваліў з турмы аднаго з псэўдаапазыцыйных раскольшчыкаў Л. Баршчэўскага, дзе той сядзеў на сутках. Газэты так і напісалі: “Баршчэўскага вызвалілі з турмы, каб ён правёў зьезд”. Ён і правёў, псэўды падманулі многіх людзей і раскалолі Фронт.
Гуканьні беларусы таксама чулі. “Санников наш президент!” — гукалі маладыя і немаладыя асобы ў 2010 годзе. Гукалі ўпэўнена, з надрывам, энэргічна махаючы рукамі. Многія ім тады паверылі і падаліся на фальшывы выбарчы фарс “галасаваць за апазыцыю”. Усе памятаюць, чым гэта скончылася.
Абсурдам і перамогай “партіі власті” гэта скончыцца і ў Маскве. Палітвадэвілі заўсёды так канчаюцца, іх для таго і прыдумваюць.
Нават Ульянаў-Ленін, перавезены немцамі з Швайцарыі ў Петраград у пламбаваным вагоне, залез на браневік і зачытаў праграмныя “Красавіцкія тэзісы”. Што казаў Навальны на Яраслаўскім вакзале, можна паслухаць-паглядзець на відэа. І вось гэтае “гуканьне” называецца сёньняшнім “есть такая партия!” — ? І вось гэтае нешта ёсьць альтэрнатыва пуцінскаму рэжыму?
Зразумела, што Навальнага выпусьцілі з турмы, каб ён “правёў выбары”. Можна не сумнявацца, ён іх “правядзе”.
Павел Гулевіч