МАНІЎ-МАНІЎ І ДАМАНІЎСЯ

Цікавы інцыдэнт адбыўся ў Варшаўскім унівэрсітэце, на згаданым учорашнім сэмінары па Беларусі і яе пэрспэктывах. Сп. С. Шушкевіч раптам заявіў і гэта рэпрадукавала Радыё Свабода:

“Што тычыцца пэўных сацыёлагаў, я б проста сказаў, што Манаеў — здраднік. Ён добра ведае, што ня можа быць ніякай сацыялёгіі ва ўмовах дыктатуры. І калі трэба, каб дыктатару было прыемна, ён на наступны дзень пасьля выбараў кажа, што Лукашэнку падтрымлівае 52-53% беларусаў. Гэта калі ў гэты час у турме сядзіць Саньнікаў. Гэта, фактычна, фальсыфікацыя, але выгадная для яго, і ён цяпер можа працаваць у беларускім унівэрсытэце”.

(Канец цытаваньня).

Вядомы ў шэрагах псэўдаапазыцыі як дырэктар чарговага “незалежнага інстытута сацыялагічных дасьледваньняў” А. Манаеў даволі шматслоўна адказаў С. Шушкевічу. Ён прыгадаў яму нават тое, як (цытуем) “менавіта Шушкевіч, называючы сябе змагаром за дэмакратыю, будучы кіраўніком дзяржавы да Лукашэнкі, “прафукаў” дэмакратычную пэрспэктыву Беларусі, што менавіта ён, называючы сябе змагаром за незалежнасьць Беларусі, у сьнежні 2010 году ў эфіры Радыё Свабода заявіў, што “лепш было б замест уводзіць войскі ў нейкія краіны, увесьці расейскія войскі ў Беларусь”.

Цікава, што і адзін і другі з удзельнікаў слоўнай дуэлі на адлегласьці згадалі сапраўдныя факты. Так было, усе гэта памятаюць. І ўсё ж было б лепш сп. Манаеву змаўчаць ды ціхенька плесьці далей сваю падрэжымную “сацыялогію”. На працягу гадоў дзеячы псэўдаапазыцыі (Вячорка, Лябедзька і іншыя) апантана спасылаліся на “вынікі сацдасьледваньняў” ад “інстытута” Манаева. Паводле гэтых “вынікаў”, заўсёды трэба было “ісьці на выбары”, бо “победа блізка”. Жульніцкае маніпуляваньне лічбамі і выкладкамі выдавалася канторай Манаева за адэкватны адбітак сацыяльнага становішча ў нашай краіне. СМІ розных краін любілі спасылацца на гэтую “апазыцыйную крыніцу”. Іх не бянтэжыла, што за ўвесь час ня спраўдзіўся аніводзін прагноз гэтай “крыніцы”. Была толькі мана, мана і яшчэ раз мана.

Найбольш кур'ёзна было чытаць у заходніх СМІ пра “дзеяча дэмакратычнага падпольля” сацыёлага А. Манаева. Пад настрой Манаеў прымаў заходніх рэпарцёраў у нейкіх канспірацыйных падваротнях, потым яны “адрываліся ад хваста”, мянялі сродкі транспарту, каб урэшце даехаць да манаеўскага офіса. Памятаем, што толькі адзін журналіст (з швэдскай газэты “Sydsvenska Dagbladet”), разумны, мабыць чалавек, здагадаўся, што яго дураць, і намякнуў пра гэта ў сваім рэпартажы. Усе астатнія прынялі гульню Манаева за чыстую манэту. Іх не бянтэжыла, што “дэмпадпольшчык” на працягу доўгіх гадоў камфортна рабіў кар'еру ў дзяржаўным унівэрсітэце, працаваў за мяжой і вяртаўся на сваю “падпольную яўку”. Цяпер вось, аказваецца, Манаеў працуе ў Японіі (а мы думалі: куды гэта ён падзеўся?).

Кар'ера гэтага “дысідэнта” і “рыцара сацыялагічнай навукі” вельмі нагадвае камфортную біяграфію яшчэ аднаго кадра, які летась сам прагаварыўся на Радыё Свабода. Маецца на ўвазе савецкі падпалкоўнік-палітрук Кузняцоў, які на працягу доўгіх гадоў хадзіў у амплуа галоўнага аўтарытэта па сталіншчыне і рэпрэсіях.

Манаеў хітрэйшы, ён не назваў свайго званьня. Але гэта не так і важна. І без пагонаў зразумела, хто гэта такі. Пра гэта ўрэшце здагадаліся і пачалі раскрываць яго нават калегі па грант-служэньню і псэўдаапазыцыі. Ён усім надакучыў, прымільгаўся, зашмальцаваўся. Яны ня супраць былі б і замяніць яго. Але ці пагодзіцца на гэта рэжым?

Сымон Рудзік