“НАЧНЫЯ ВЕДЗЬМЫ” — ЗАБОЙЦЫ НАСЕЛЬНІЦТВА

17 ліпеня швэдская газэта “Dagens Nyheter” апублікавала артыкул пад тытулам “Сьмерць забойцы нацыстаў “начной вядзьмаркі”. Вось гэты артыкул:

Падчас Другой Сусьветнай вайны савецкія авіяпатрулі, што складаліся з адных жанчын, якіх называлі “начнымі вядзьмаркамі”, наганялі страх на нацыстаў сваімі начнымі бамбардоўкамі. Адна з самых вядомых пілотаў гэтых патрулёў Надзея Папова памерла на мінулым тыдні ў 91-гадовым узросьце.

Прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч сказаў у адной сваёй прамове, што жыцьцё Паповай ёсьць “прыкладам самаадданага служэньня радзіме, і што яе “подзьвігі ў вялікай вайне ніколі ня будуць забытыя”. Пра гэта напісала Washington Post.

Яна была адной з першых жаночых пілотаў, што дабраахвотна пайшлі служыць у савецкую армію падчас Другой сусьветнай вайны. Папова, якая выканала свой першы самастойны палёт у 16 гадоў, стала вельмі вопытным пілотам і ў хуткім часе была прызначана камандаваць эскадрыльяй у авіяпалку, які цалкам складаўся з жанчын.

Акрамя транспартных і выведчых палётаў, Папова ўдзельнічала таксама ў бамбардовачных патрулях, якія нацыяты называлі “начнымі вядзьмаркамі”. Летучы на самалётах, збольшага зробленых з фанэры, патрулі зазвычай выключалі маторы пры набліжэньні да мэты. Адзінае, што чулі тады немцы, гэта быў лёккі сьвіст крылаў. Гэты гук нагадваў ім пра вядзьмарак, што ляцелі на мётлах.

— Немцы распаўсюджвалі чуткі, што мы ўжывалі ін'екцыі і пігулкі, якія давалі нам магчымасьць бачыць уначы, як катам, — распавядала Папова гісторыку Альбэрту Аксэлю ў інтрэв'ю для адной зь ягоных кніг пра Другую сусьветную вайну.

— Але гэта была лухта, зразумела. Проста гэта былі хваткія, вывучаныя і вельмі адораныя маладыя дзяўчаты.

Яакім Сюндбэрг

Пераклаў з швэдскай В. Буйвал

Крыніца: http://www.dn.se/nyheter/varlden/nazidodande-natthaxa-dod/

Трэба нагадаць скандынаўскім газэтчыкам, што швэдская армія ніколі не ваявала такім чынам за ўсю сваю гісторыю. Ды й наогул падчас ІІ Сусьветнай вайны ніводная армія (у тым ліку і немцы!) проста не дапускала ў зону баявых дзеяньняў жанчын. І ня трэба тут абапірацца на маскоўскую адгаворку, што маўляў “мужчін не хватало”. Іх былі мільёны ў ГУЛАГу, усе пайшлі б ваяваць. Дарэчы, можна было б паслаць на перадавую і легіёны мардастых садыстаў з НКВД (вось ім якраз ваяваць не хацелася). Антычалавечая імпэрыя кінула на фронт, у самы агонь тысячы і тысячы жанчын.

Ёсьць свае ўспаміны пра “начных вядзьмарак” і ў беларусаў. Асабліва наконт дакладнасьці іхных начных бамбардовак. Пасьля чарговай такой “гераічнай акцыі” (калі жаночыя эскадрыльі ўшчэнт бамбілі жылыя кварталы нашых гарадоў) немцы выкладвалі на вуліцах целы забітых беларусаў і беларусак. Немцы тыцкалі пальцамі ў неба і тлумачылі мінакам: “Русішэ дамэн, бах-бах...” У нямецкіх канцлягярох немцы забівалі ўдзень, а ўначы (штоноч!) наляталі гэтыя “дамэн” і бамбілі нашых людзей. Яны што, ня ведалі, што гэта канцлягер? Мяркуем, што яны любілі бамбаваць там, дзе (як яны ведалі) супрацьпаветранай абароны не было зусім. Яшчэ трэба разьбірацца, каго яны забілі больш, немцаў або нашых людзей.

Валеры Буйвал