“ДАМІНІК СТРОС-КАН УЗМОЦНІЦЬ РАСЕЙЦАЎ”

15 ліпеня славацкая газэта “Hospodarske Noviny” апублікавала артыкул пад такім тытулам. Вось гэты артыкул:

Колькі гадоў таму ён быў дыскрэдытаваны ў выніку сэксуальных скандалаў, сёньня ён імкнецца на высокую пасаду ў Расейскім банку.

Два гады таму ён быў дыскрэдытаваны ў выніку сэксуальнага скандала. Сёньня ён імкнецца на высокую пасаду ў Расейскім банку рэгіянальнага разьвіцьця, які знаходзіцца пад пятой нафтавага гіганта Роснефть. Былы кіраўнік Міжнароднага валютнага фонду Дамінік Строс-Кан будзе засядаць у даглядчай радзе гэтага банку. “Расейцы купляюць не яго, а хутчэй ягоныя кантакты. Яны б некалькі месяцаў прабіваліся да кантактаў з важнымі бізнэсоўцамі, але для Кана гэта ёсьць пытаньне аднаго тэлефанаваньня”, сказаў для HN чэшскі экспэрт па Францыі Вацлаў Нэквапіл.

Французкі фінансіст патрапіў на прыбытковую пасаду ў даглядчай радзе пры пасрэдніцтве міжнароднай дарадчай фірмы Parnasse. Ён будзе даваць парады гіганту Роснефть, які хоча трансфармаваць свой малы банк у міжнародны Роснефь Банк. Праз гэты банк канцэрн мог бы гандляваць нафтай або палівам і рэалізаваць многія міжнародныя энэргэтычныя праекты.

Эва Шмэрынгаёва

Пераклаў з славацкай В. Буйвал

Крыніца: http://hnonline.sk/slovensko/c1-60247800-strauss-kahn-posilni-rusov

Ну, “русскіе красавіцы”, трымайцеся, да вас едзе рэвізор. Як рэвізор, як рэвізор?..

Цікава нагадаць пра Строс-Кана, што гэтая немаладая асоба ўславілася навязьлівым прыставаньнем да ўсіх жанчын, што трапляліся на ягоным шляху. Нават да прыбіральшчыцы ў гатэлі. Такога вось “дона Жуана” зьбіраліся нават выстаўляць на кандыдата на пасаду прэзыдэнта Францыі. Усё паламала згаданая афрыканка-прыбіральшчыца, якая падала на яго ў суд.

Цяпер гэты прытарны і жвавы дзядок едзе ў Маскву — будзе “узмацняць Расею”. Віншуем Расею з гэтым здабыткам. У Маскве іх сабраўся ўжо цэлы адстаўны ансамбль. Прызнаным яго салістам ёсьць вядомы Гэрхард Шродэр, былы канцлер ФРГ, а цяпер важная фігура ў Газпроме. Сваімі тэлефанаваньнямі гэтыя “друзья Москвы” лёгка, адной левай вырашаюць пытаньні, над якімі пакутвалі месяцамі самы маскоўскія начальнікі. Увесь сьвет бачыць вынікі гэтага імпартаванага “узмацненьня”: шалёны па маштабах вываз капіталаў за межы Расеі і складваньне іх у заходніх банках і нерухомасьці, абрабаваньне мільёнаў людзей у Расеі, дзікая карупцыя на ўсіх узроўнях улады і бізнэсу, утварэньне мафійнага спрута, у параўнаньні зь якім італьянская мафія выглядае падлеткамі-зухамі. Можна не сумнявацца — гэтыя давядуць імпэрыю куды трэба.

Ян Булыга