ДРОБНАЯ ПРАФАНАЦЫЯ

На працягу даволі доўгага часу ў Расеі разгортваецца “сага аб Навальным”. Па стылю яна нагадвае “сагі”, што ў мінулыя гады разгортваліся былі на тэму мясцовых дзеячаў псэўдаапазыцыі Мілінкевіча, Саннікава і некаторых іншых “лідэраў”. Найбольш зьдзіўляе ў справе Навальнага колькасьць журналістаў з розных краін, якія валам валяць на ягоныя працэсы. Заўчора ў Кіраве, дзе адбываўся суд і герою “сагі” далі 5 гадоў, іх было 170. Яны наладзілі таўкучку, урываючыся ў залю суда, дзе было ўсяго 50 месцаў. У СМІ ўсяго сьвету паведамленьні пра Навальнага зьяўляюцца па два-тры разы на дзень. Глядзіш на гэта і думаеш: вось бы яны так абмяркоўвалі расейскую акупацыю Беларусі, па два-тры разы пісалі пра разгортваньне маскоўскай ваеншыны каля нашай Ліды. Гэтыя ж ракеты і самалёты накіраваны на цывілізаваны сьвет, на іх. Але цывілізаваны сьвет маўчыць пра маскоўскую ваеншчыну ў Беларусі, яго больш цікавіць згаданая “сага”.

З шэраговага блогэра “цудоўным чынам” летась зрабіўся “лідэр рускай апазыцыі” і “галоўны праціўнік Пуціна”. Дакладней, Навальны сам быў заявіў: “Я пераходжу ў палітыку!” Але нешта ня верыцца, што гэта было самакаранаваньне. Бачна, што за гэтымі мэтамарфозамі стаяць сур'ёзныя рэжысёры (так жа сама, як яны стаялі за культамі асобаў Мілінкевіча і Саннікава — пастаялі ды сышлі...). І да чаго ж заклікаў быў Навальны-“лідэр”? А вось да чаго: “Все на выборы, товарішчі!” Ён заклікаў да таго ж, да чаго заклікалі і згаданыя менскія “лідэры”. Многія людзі ішлі на гэтыя заклікі, іхную прысутнасьць на фальшывым электаральным шоў выкарыстоўваў лубянскі рэжым, і ўсё заканчвалася “элегантнай перамогай” Пуціна і Лукашэнкі. Пасьля гэтага наставаў другі акт — “народное возмушченіе”, падчас якога рэпрэсіўныя сілы рэжыма білі, зьневажалі і арыштоўвалі людзей. Папы-гапоны таксама атрымлівалі сваю долю.

Пара разабрацца, што А. Навальны — банальны рэжымны правакатар, паслугамі якога карыстаецца Крэмль-Лубянка. У прынцыпе, у дэмакратычнай дзяржаве яго трэба было б судзіць за супрацоўніцтва з антынародным рэжымам і яго спэцслужбамі, ад чаго пацярпелі многія грамадзяне. А адбываецца наадварот. Цяпер ствараецца вобраз “пакутніка за дэмсправу”. Верыць у гэты вадэвіль могуць толькі наіўныя або заангажаваныя асобы.

Яны адразу ж зьявіліся. У Маскве адбыліся “народныя выступы” і было арыштавана паліцыяй 50 асобаў, якія “пратэставалі супраць прысуду Навальнаму”. У Менску вядомы А. Кім з двума маладзёнамі прышоў да будынка амбасады Расеі. Яны “гераічна пастаялі” каля амбасады 10 хвілін і сышлі прэч. “ДэмСМІ” уславілі іх за “пратэст”. Зразумела, што ніякой сымволікі яны пры сабе ня мелі. На Кіме была маечка з надпісам “Свободу Навальному”. Бачна, што ён сам гэта накрэмзаў.

Гэты А. Кім вядомы арганізацыяй прафанатарскіх дзеяў. Напрылад, масавага біцьця падушкамі на Дзень Беларускай Вайсковай Славы штогод 8 верасьня ў Менску. Знаходзяцца некалькі сотняў асобаў ў такога ж узроўню, якія наладжваюць гэтыя шоў “во славу белорусского оружія”. Акупанцкія ўлады з задавальненьнем даюць дазволы на прафанацыю. Што да стаяньня каля прадстаўніцтва РФ, то зразумела, што Кім квола спрабуе адрадзіць падзабытую традыцыю “маўклівых пэрформансаў” або “флэш-мобаў”. Сядуць, бывала, чалавек 20 на асфальт і п'юць ваду з пляшак. Праз 15 хвілін разьбягаюцца. Гэта азначала “патрабаваньне вызваленьня палітвязьняў”. Беларусы з гэтага дзіцячага маразма сьмяяліся.

Дарагія юнакі і дзяўчаты, не далучайцеся да дробных і шкодных) прафанатараў.

Ян Булыга