БІРМАНЦЫ ЎШАНАВАЛІ ПАМЯЦЬ НАРОДНАГА ГЕРОЯ
19 ліпеня славацкая газэта “SME” апублікавала артыкул пад тытулам “Сірэны прагучалі ў памяць аб забітым бацьку апазыцыйнай лідэркі М'янмар”. Вось гэты артыкул:
Гукі сірэн і клаксонаў нагадалі сёньня ў М'янмар пра забітага бацьку апазыцыйнай лідэркі Аўн Сан Су Чы, героя змаганьня за незалежнасьць генэрала Аўн Сана, якога на дзесяцігоддзі “сьцерлі” з гісторыі краіны.
Многія м'янмарцы спампавалі гукі сірэнаў у свае мабільныя тэлефоны і дакладна ў гадавіну гвалтоўнай сьмерці Аўн Сана 19 ліпеня 1947 г. уключылі іх уголас, піша агенцыя АР.
Да мэмарыяльных мерапрыемстваў далучыліся таксама афіцыйныя дзеячы краіны, уключна з віцэ-прэзыдэнтам Сайн Маў Кханам, які суправаджаў Аўн Сан Су Чы пры ўскладаньні кветак на магіле яе бацькі непадалёк ад залатой пагады Швэдагон у Рангуне.
Генэрал Аўн Сан лічыцца адным з галоўных стваральнікаў незалежнасьці былой Бірмы. Яго забілі ў 1947 годзе падчас паседжаньня ўраду разам з васьмю іншымі прадстаўнікамі. Праз некалькі месяцаў пасьля яго сьмерці краіна абвясьціла сувэрэнітэт ад Брытаніі, сваёй былой каланіяльнай дзяржавы.
Памяць пра генэрала была на працягу дзесяцігоддзяў улады ваенных хунт сьцертая з афіцыйнай гісторыі М'янмар, а ягоная дачка Су Чы правяла 15 гадоў у хатнім арышце.
Летась дзяржаўнае тэлебачаньне ўпершыню за некалькі дзесяцігоддзяў перадало праграму, прысьвечаную Аўн Сану. Сёлета апазыцыя запрапанавала, каб па ўсёй краіне ў памяць аб ім загучалі сірэны. Але ўлада гэта адхіліла — нібыта баючыся, што ўзьнікне пагроза падчас мэмарыяльных мерапрыемстваў.
Тады актывісты заклікалі грамадзянаў 30 гарадоў, каб яны сёньня ў вызначаны час уключылі ўласныя сірэны і клаксоны сваіх аўтамабіляў.
М'янмарская хунта перадала ўладу ў 2011 годзе цывільнаму ўраду, які зь ёю блізкі да пэўнай ступені. Але нягледзячы на гэта ў былой Бірме пайшлі дэмакратызацыя і эканамічныя рэформы.
Міжнародная супольнасьць адрэагавала на гэта аблягчэньнем рэжыму санкцый у адносінах да гэтай краіны ў паўднёва-усходняй Азіі.
TASR
Пераклаў з славацкай В. Буйвал.
Калі падлятаеш да берага Бірмы, адкрываецца проста казачная карціна. Пасярод лазурнага мора зьзяюць ярка-зялёныя Андаманскія выспы. На мацерыку вакол Рангуна дамінуюць два кампазыцыйных элемэнты. Гэта рысавыя палі-чэкі, якія люстрам адбіваюць нябёсы. І спічастыя пагады, якія паўсюль. Бірму называюць краінай пагад, іх там больш за сто тысяч. Потым у цэнтры сталіцы ўспыхвае залатымі іголкамі самая вялікая і знакамітая пагада Швэдагон.
На зямлі “казка становіцца быльлю”. Дзікая генэральская хунта давяла гэтую багацейшую мінэраламі і сыравінай краіну да галечы і міжнароднай ізаляцыі. На вуліцах Рангуна бачыш знаёмы па Беларусі кантраст: дзяржыморды прадстаўнікоў рэжыму і ветлівы, працавіты народ. Будзем спадзявацца, што цяпер у гэтай шматпакутнай краіне перамены пойдуць да лепшага.
Калі пачалася ІІ Сусьветная вайна і экспансія Японіі на Усходзе, бірманскія эліты жылі ілюзіяй, што з дапамогай імпэтных японцаў ім удасца пазбавіцца ад брытанскага каланіялізма. Аўн Сан разам з паплечнікамі ўтварыў народную армію і бірманскі ўрад пад японскай акупацыяй пасьля выгнаньня брытанцаў з краіны на пачатку 1942 г. Але ў хуткім часе бірманцы зразумелі, што ад новых гаспадароў яны атрымалі толькі псэўданезалежнасьць. Японцы абрабоўвалі краіну, зьневажалі людзей і не хавалі таго, што зьбіраюцца застацца там назаўжды. Тады Аўн Сан уступіў у перамовы з брытанцамі і паабяцаў хаўрус і дапамогу, але толькі пры гарантыях пасьляваеннай незалежнасьці. Бірманская нацыянальная армія ўступіла ў вайну супраць японскіх акупантаў і разам з брытанцамі вызваліла краіну ў 1945 годзе.
Аўн Сан узначаліў перамовы зь Вялікай Брытаніяй і дамогся выкананьня гарантый. Але папулярнага ў народзе лідэра люта ненавідзелі некаторыя генэралы бірманскай арміі, якія зьбіраліся пакарыстацца незалежнасьцю на сваю карысьць. У любой краіне ёсьць мясцовыя вінцучкі-хадыкі, ім абы пакарыстацца народным змаганьнем. Яны арганізавалі забойства нацыянальнага лідэра. Але ўжо на пачатку 1948 года Бірма атрымала незалежнасьць.
На працягу доўгіх дзесяцігоддзяў бірманскі народ вёў змаганьне за волю. Ваенныя хунты душылі народны пратэст. У апошні пэрыяд гісторыі краіны начале народнага рушаньня стаіць дачка Аўн Сана. Спробы хунты абылгаць яе, запалохаць або падкупіць былі безвыніковымі. Мільёны людзей падтрымліваюць Аўн Сан Су Чы і ідуць зь ёю да перамогі над ворагам, які давёў патэнцыйна багатую краіну да глыбокага крызісу.
Бірманцы не забываюць свайго героя, стваральніка незалежнай дзяржавы.
Валеры Буйвал