РАСКРЫВАЕЦЦА МЭХАНІЗМ ЭЛЕКТАРАЛЬНАГА ПАДМАНУ

Мы ўжо пісалі на нашай старонцы пра несапраўднасьць апазыцыйнага геройства такой падстаўной фігуры ў Маскве, як А. Навальны. Для такіх меркаваньняў былі грунтоўныя вынікі фармальнага аналізу і параўнаньне ўсёй шуміхі вакол гэтага пэрсанажа з менскімі шуміхамі, што арганізоўваліся ў недалёкай мінуўшчыне вакол Домаша, Ганчарыка, Мілінкевіча, Саньнікава ды некаторых іншых. Паралелі былі выразныя і беспамылковыя. Заўважана было, што і ў Маскве, і ў Менску дзейнічалі той самы сцэнарыст і той самы рэжысёр-пастаноўшчык (безумоўна, прапісаныя ў Маскве). Але тым ня менш некаторым беларусам ня верылася ў тое, што Навальны — марыянэтка, якую тузаюць для таго, каб проста зацягнуць расейцаў на чарговы выбарчы фарс. Цяпер гэтаму ёсьць “вешчдок”.

10 ліпеня ў расейскай інтэрнэт-газэце Каспаров.ru быў апублікаваны артыкул вядомага (і сапраўднага) крытыка Крамля Андрэя Іларыёнава пад тытулам “Легітымізацыя амаральных інстытуцый”. Аўтар высьмейвае запушчаныя ў інфармацыйную прастору байкі аб тым, што “оппозіція” (Б. Нямцоў, Л. Волкаў і А. Навальны) вымусілі Крэмль “паслаць у адстаўку Лужкова за страту даверу”, а таксама “звольніць В. Пехціна з Дзярждумы”, а “В. Малкіна з Савета Фэдэрацыі”. Як заключае А. Іларыёнаў, “некаторыя наіўныя грамадзяне шчыра паверылі” у гэта.

Але галоўнае ў артыкуле зьмяшчаецца ня ў гэтай канстатацыі. Галоўнае — гэта набліжэньне выбараў мэра Масквы. А. Іларыёнаў адзначае, што ўладам няёмка было б выстаўляць толькі двух кандыдатаў ад партыі ўлады — “Едіной Россіі” — С. Сабяніна і І. Мельнікава. Цытуем артыкул: “Што татальна падрывала б у вачах і масквічоў і зьнешніх назіральнікаў нават бачнасьць якіх кольвечы прыймальна-легітымных “выбараў”. Што, натуральна, рэзка зьнізіла б колькасьць грамадзянаў, гатовых удзельнічаць у такой спэцапэрацыі. І што пагражала б рызыкай усеагульнага непрызнаньня яе вынікаў” (Канец цытаты).

Вось таму і выпусьцілі на электаральнае поле “архіпакутніка” А. Навальнага, які напакутваўся ў апазыцыі і абяцае электарату перамагчы на “выбарах” ды ўсё перамяніць у сталіцы. Многім гэтая ідэя спадабалася і яны ўжо цяпер гатовыя ісьці на выбарчыя ўчасткі і галасаваць “за апазыцыянэра”. Якраз гэта і трэба арганізатарам фальшывага электаральнага спэктаклю: каб людзі масава прышлі і масава зарэгістраваліся. Як і ў Менску, у Маскве ніхто не зьбіраецца падлічваць галасы. Важна, каб выбарчыя ўчасткі былі запоўнены, а вынікі ўжо вядомыя — перамога прадстаўніка партыі ўлады.

Можа сп. А. Іларыёнаў, а разам зь ім і мы, проста паклёпнічаем на “высакародных рускіх апазыцыянэраў”? На гэта аўтар артыкула выставіў у Сеціве адну распіску. У ёй Л. Волкаў, начштаба кандыдата на мэра Масквы А. Навальнага, пацьвярджае, што атрымаў 49 аркушоў з подпісамі “дэпутатаў прадстаўнічых ворганаў” у падтрымку рэгістрацыі кандыдатуры А. Навальнага. Гэта значыць, што рэгістрацыю “апазыцыянэра” А. Навальнага забясьпечваюць на самых высокіх узроўнях менавіта афіцыйныя прадстаўнікі якраз той улады, якую ён “разаблачае” і ад якой “пакутуе”.

А. Іларыёнаў завяршае свой артыкул іранічным прызнаньнем майстэрства апэратыўнікаў: “Здымаю капялюш перад аўтарамі: распрацоўка і правядзеньне такіх спэцапэрацый — сапраўды вышэйшы палітычны пілатаж!”

Нам застаецца толькі дадаць, што беларусы гэты “пілатаж” ужо праходзілі на лукашэнкаўскіх электаральных шоў 19 гадоў падрад. Цяпер пачынаецца падрыхтоўка да чарговага фальш-шоў. Пакуль што на ролю мясцовага Навальнага рыхтуе сябе экзатычная фігура — заслужаная артыстка і ганаровая лаўрэатка спэцтрупы мадам В. Карач. Маштабам яе раскруткі далёка да маскоўскіх маштабаў раскруткі Навальнага. Але “руханьне” назіраецца. Акупнацкамоўныя газэткі і ўлёткі пра гэтую “суперніцу Лукашэнкі” ужо некалькі разоў раскідвалі работнікі рэжымнай паштовай службы па паштовых скрынках грамадзянаў у вельмі вялікіх колькасьцях. Далучыліся да справы і “дэмСМІ”, які лепяць з мадам ці-то новую Маргарэт Тэтчэр, ці-то яшчэ што. А ўсё зноў жа для таго, каб беларусы масава пасунуліся на выбарчы фарс “галасаваць за апазыцыю”. Мяркуем, што пэўныя дакумэнты пра падстаўных і фальшывых яшчэ зьявяцца ў запоўненай марыянэткамі інфармпрасторы.

Сяргей Камароўскі