КІНАМІФАЛОГІЯ

У навучальных установах, дзе вучаць бізнэсу і негацыянству, з даўніх часоў чытаецца курс “эстэтыка гандлю”. З гэтага прадмета будучыя гандляры даведваюцца некаторыя прынцыпы сваёй прафэсіі, якія па значэньню можна прыраўняць да палажэньняў “Клятвы Гіпакрата”, якую даюць мэдыкі. У гандляроў-рэклямшчыкаў таксама ёсьць сваё “не зашкодзь”. Гэта значыць, што нельга навязваць кліентам неякасны, шкодны тавар. Здароўю ў канкрэтным выпадку ён можа і не нанясе шкоды, але прысмак ад яго спажываньня будзе захоўвацца доўга. Трэба будзе жаваць мэнтолавыя цукеркі, каб перабіць гэты навязьлівы ўспамін.

Усе ўжо пачалі пакрыху забывацца пра “кінашэдэўр” пад назовам “Жыве Беларусь”, згаданы прысмак ад першага кантакту прытупіўся. Але “эстэты” зноўку заахвочваюць да яго чарговай пераацэнкі, рытмічна стукаючы ў бляшаныя барабаны. Як прынята, да бляшанага канцэрту далучылася і Радыё Свабода (як жа безь яе?) і тэлеканал Белсат (як жа без яго?). Гэтым разам яны запусьцілі нас у “творчую лабараторыю” згаданага “шэдэўра”, каб мы маглі адчуць, як ён ствараўся. У розных галінах мастацтвазнаўства ёсьць такі пікантны прыём. Калі чытач-глядач стамляецца ад расповеда пра характары герояў, кампазыцыю і каларыт, яго забаўляюць тым, што ў сьвеце называецца анэкдотам. Напрыклад, аналізуючы партрэты Тыцыяна, прыгадваюць, як імпэратар Карл V сядзеў мадэльлю і нахіліўся перад мастаком, каб падняць з падлогі пэндзаль, калі той выпаў з рук Тыцыяна. Або як глухі Бэтховэн устаўляў у раяль палку і па яе вібрацыі адчуваў мэлёдыю. Або як лёс раньняй аповесьці Васіля Быкава вырашыў высокі маскоўскі чыноўнік, вэтэран вайны, які ўбачыў у тэксьце праўду аб вайне.

Вось і стваральнікі згаданага “шэдэўра”, а таксама тыя, што разам зь імі, вырашылі пацешыць публіку мэмуарнымі анэкдотамі. Іх не бянтэжыць, што прамінулі не стагоддзі і нават не дзесяцігоддзі — для мэмуараў ранавата. Ім трэба любым коштам рэанімаваць свой прадукт. І яны ўзяліся за справу.

Аўтар рэпартажу пра “фільм, які аброс легендамі” (выраз аўтара рэпартажу) С. Пялеса таксама прывёў эпізоды з адпаведнікамі згаданых “пэндзля” і “палкі” з творчасьці класікаў. Як зь ягонай банкаўскай карткі рабілі мэдыятар для гітарыста і г.д. А на прыканцы зьвёў усё ў высновы:

“Я спрабаваў паказаць, што фільм “Жыве Беларусь” — гэта болей, чым проста мастацкі фільм пра Беларусь, зьняты ў Польшчы. Гэта ўнікальны міжнародны праект, які аб'яднаў беларусаў і палякаў. Гэта неверагодная прыгода, якую перажылі дзясяткі людзей. І тая энэргія, якая была паміж імі, засталася надоўга. Калі выйшаў фільм, мне крыўдна было чытаць нэгатыўныя рэцэнзіі. Частка гледачоў не зразумела “Жыве Беларусь”, не была гатовая зразумець ці прыняць”.

У “шэдэўра”, аказваецца, зьявілася гістарычная місія — аб'яднаньне беларусаў і палякаў. Добра, што прагучала прызнаньне пра нэгатыўныя рэцэнзіі. Тлумачыцца ўсё гэта няздольнасьцю гледачоў “зразумець і прыняць”.

Ну, зразумець мы ўсе спрабавалі. Доўга цярпелі нуду і “чарнуху з элемэнтамі эратызма” гэтай стужкі. Некаторыя выцерпелі і даглядзелі да канца пра тое, як “жыве Беларусь”. У выніку ў арганізме застаўся згаданы прысмак, які трэба глушыць цукеркамі. Гэта ж трэба было зьляпіць такі змрочны і дыстортны вобраз прыгожай, змагарнай беларускай моладзі, якая не здаецца на міласьць акупанцкаму ворагу. Гэта ж як трэба любіць самога сябе, каб не саромецца цягаць гэты няякасны кінапрадукт па фэстывалях і атрымліваць падстаўныя прызы!

Зразумець можна, а вось прыняць не атрымліваецца. Ня можна прыняць сэрцам няўдалы опус, выдадзены на гара асобамі, якія ня любяць Беларусь і яе людзей. Што да аналогій па гэты бок мяжы, то прыходзяць на памяць карыкатуры на “панскую Польшчу”, накручаныя ў савецкім кінематографе. Як вядома, гэтыя кінаштампы даўно ўсімі забытыя.

Кінаштампы немагчыма выратаваць ніякай міфалогіяй.

Янка Базыль