“ОН СЛИШКОМ МНОГО ЗНАЛ...”

9 ліпеня латвійская газэта “Diena” апублікавала артыкул пад тытулам “У Баўгарыі пры падазроных абставінах памёр біскуп праваслаўнай царквы”. Вось гэты артыкул:

Праваслаўны баўгарскі біскуп Кірыла, які мае ўплыў і неадназначную рэпутацыю, быў у свой час агентам службаў бясьпекі камуністычнага рэжыму, у аўторак ён знойдзены без прыкметаў жыцьця ў навакольлі Варны на беразе Чорнага мора.

Спачатку меркавалася, што біскуп патануў, але Баўгарскае дзяржаўнае радыё, спасылаючыся на паліцыю і пракуратуру, паведаміла, што абставіны сьмерці 59-гадовага сьвятара падаюцца падазронымі. Каб вызначыць прычыну сьмерці, будзе праведзена ўскрыцьце.

“Сёньня раніцай непадалёк ад марскога берага ў Варне быў знойдзены труп мэтрапаліта Кірылы”, — гаворыцца ў паведамленьні царквы, — “Гэтую інфармацыю пацьвярджае мясцовая паліцыя”.

Кірыла быў адным з найбольш вядомых сьвятароў Баўгарскай праваслаўнай царквы. Пасьля сьмерці патрыярха Максіма, які доўгія гады кіраваў царквой, Кірыла з лістапада 2012 года па люты 2013 года быў часовым патрыярхам.

Што праўда, за сваё жыцьцё ён пасьпеў зарабіць зусім неадназначную рэпутацыю. Летась раскрылася, што ў гады камуністычнай улады ён быў агентам тайнай службы. У яго былі дзьве мянушкі — Кавачоў і Ўладзіслаў.

Наогул, шырокай грамадзскасьці стала вядома пра 11 баўгарскіх праваслаўных біскупаў, што яны супрацоўнічалі з камуністычнай службай бясьпекі.

Яшчэ год таму біскуп Кірыла выклікаў абурэньне грамадзтва тым, што прыехаў у сваю рэзыдэнцыю на раскошным гібрыдным аўтамабіле “Linkoln MKZ”, які, паводле словаў самога сьвятара, ёсьць толькі ў яго і прэзыдэнта ЗША Барака Абамы. Тады высьветлілася, што аўтамабіль быў падораны нейкім прадпрымальнікам.

LETA/AFP

Пераклаў з латышскай В. Буйвал

Крыніца: http://www.diena.lv/pasaule/bulgarija-aizdomigos-apstaklos-miris-pareizticigo-baznicas-biskaps-14015532

Арцыбацюшкі зноў праславіліся, гэтым разам у Баўгарыі. У сувязі з апошнім інцыдэнтам, СМІ розных краін паведамілі, што ў гэтай традыцыйна праваслаўнай кріне імкліва падае інтарэс насельніцтва да Праваслаўнай Царквы. Людзі ня хочуць ісьці ў храмы, дзе служаць вэтэраны гэбоўскай агентуры. Шэраг зь іх ужо раскрылі, абнародвалі іхныя канторскія мянушкі. А яны хоць бы хны, ніводзін і не падумаў падаць у адстаўку з біскупскай пасады. Так і зьбіраюцца кіраваць рэлігійным жыцьцём нацыі. А якое ўсё падобнае з РПЦ: машыны-лінкольны, гадзіньнікі-ролексы, агентурныя-сібарыты. Вывелася аднолькавая парода істотаў, якую людзі сапраўднай хрысьціянскай веры і жыцьця называюць ілжэпрарокамі. Без ачышчэньня ад гэтай публікі Царква ня можа існаваць як нешта здаровае.

Мяркуем, што былыя канторскія калегі Кірылы ўзяліся за “ачышчэньне” па-свойму, пад крыптонімам “он слишком много знал...”

Сымон Рудзік