МІЖНАРОДНЫЯ ПЕРАМОВЫ Ў ПРАЗЕ
10 ліпеня Радыё Свабода паведаміла пра “беларуска-украінскі круглы стол”, які адбыўся ў Празе Чэшскай. Паслухаць-пачытаць было цікава. Асабліва пра ўдзел у “стале” дзьвюх асобаў зь Беларусі. Гэта вядомы Слава Сіўчык (пададзены як “лідэр руху салідарнасьці “Разам” і Беларускага цэнтру ва Ўкраіне”) і вядомая мадам В. Карач (пададзеная як лідэрка арганізацыі “Наш дом”). Хто іх упаўнаважваў на міжнародныя перамовы ад Беларусі (“белорусской демократіі”), аднак, паведамлена РС не было.
Нагадаем, што В. Сіўчык за сваю правакатарскую дзейнасьць быў выкінуты (у літаральным сэнсе — за рукі-ногі) нават з сядзібы псэўда-БНФ пад кіраўніцтвам тады яшчэ Вінцука Вячоркі. Хто яго накіраваў ствараць “белдамы” ва Ўкраіну, дагэтуль застаецца загадкай (іншым разам гаваркія “дэмСМІ” гэтым разам маўчаць як вады ў рот набраўшы). Але беларускія патрыёты здагадваюцца, хто паслаў. Мадам В. Карач апошнімі месяцамі апынулася ў цэнтры ўвагі згаданых “дэмСМІ”. Яна ўсплывае то ў Стакгольме, то ў Варшаве, то ў Празе. І паўсюль робіць шматзначныя заявы. СМІ прадстаўляюць яе як “суперніцу Лукашэнкі”. Гэтым разам яе заява заблішчэла інтэлектуальнай глыбінёй. Цытуем Радыё Свабоду: “
“Украінцы, будуйце кантакты за мяжой, бо беларусы толькі цяпер пачалі будаваць інструмэнты, гэта вельмі запозьнена”. (Канец цытаваньня).
Мяркуем, мелася на ўвазе, што будоўля кантактаў за мяжой пачалася толькі з моманту зьяўленьня там В. Карач. Што ж, думка гігантычная. Спадзяемся, што ўкраінцы да яе прыслухаюцца...
Не адстаў ад мадам і мусью Сіўчык:
“Наперадзе нас чакаюць ня самыя лепшыя часы. Беларуска-украінскія сувязі мусяць і далей разьвівацца...”
Падзея адбылася ў клюбе, якім валодае беларуская суполка ў Чэхіі пад назовам “Пагоня”. І вось за “сталом” у гэтай арганізацыі апынуліся такія асобы як згаданы тандэм.
Янка Базыль