“ОРБАН ПАРАЎНОЎВАЕ ЭЎРАПАРЛЯМАНТ З “САВЕЦКАЙ ІМПЭРЫЯЙ”
6 ліпеня партугальская газэта “Diario de Noticias” апублікавала артыкул пад такім тытулам. Вось гэты артыкул:
Кансэрватыўны прэм'ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан параўнаў сёньня Эўрапарлямант (ЭП) з “савецкай імпэрыяй” у адказ на даклад, падрыхтаваны партугальскім эўрадэпутатам, у якім крытыкуецца якасьць дэмакратыі ў Вугоршчыне.
“Пасьля савецкай імпэрыі ніводная зьнешняя сіла не наважвалася ў адкрытую абмежаваць незалежнасьць вугорцаў, выбіраючы для гэтага заканадаўчую форму”, — сказаў Орбан па дзяржаўнаму радыёканалу “Кошут”.
Вугорскі прэм'ер-міністар спаслаўся на даклад, падрыхтаваны партугальскім эўрадэпутатам Руі Таварэшам, ад групы Зялёныя/Альянс Вольная Эўропа, у якім прапануецца стварэньне мэханізмаў кантролю над выкананьнем эўрапейскіх нормаў у краінах-сябрах Эўразьвязу.
Эўрадэпутаты адобрылі дакумэнт, у якім выражаецца заклапочанасьць сытуацыяй з фундамэнтальнымі правамі ў Вугоршчыне пасьля апошняй канстытуцыйнай рэформы і прыняцьця новых законаў, якія, паводле даклада, не забясьпечваюць падзел уладаў і незалежнасьць суддзяў.
Вугорскі прэм'ер-міністар падкрэсьліў, што такзваны “Даклад Таварэша” не адпавядае пагадненьням у рамках ЭЗ і “аслабляе Зьвяз”, але выказаў таксама меркаваньне, што “Брусэль — не Масква”, у адпаведнасьці з цытатай іспанскай агенцыі навінаў EFE.
Орбан падкрэсьліў, што лічыць даклад нападам “на Вугоршчыну і вугорцаў”, якія ня хочуць жыць “у імпэрыі”, дзе цэнтар будзе вызначаць, што трэба рабіць “на ўскраінах”.
Луіс Мануэл Кабрал
(Пераклаў з партугальскай В. Буйвал)
Чарговы імпэрскі канфуз Брусэля прымушае ўспомніць, што вугорскі народ на працягу стагоддзяў змагаўся за сваю дзяржаўную незалежнасьць ад асманаў і аўстрыйцаў. І рабіў гэта сапраўды не для таго, каб ім камандавалі брусэльскія бюракраты з чужога цэнтру. Вугорцы добра памятаюць 1956 год, калі яны паўсталі супраць маскоўскай імпэрыі са зброяй у руках першымі сярод падсавецкіх народаў Цэнтральнай Эўропы. Захад абмежаваўся тады толькі дэкларацыямі, не падтрымаўшы рэвалюцыйны народ ваеннай моцай.
Вугорцы добра ведаюць кошт незалежнасьці і як наладзіць сваё дзяржаўнае жыцьцё.
Валеры Буйвал