РАСЕЙСКІ КІБЭРДРАПЕЖНІК

5 ліпеня расейская газэта “Взгляд” апублікавала артыкул пад тытулам “Другая пасьля ядзернай”. Вось гэты артыкул:

Экспэрты лічаць, што ствараць войскі для абароны інфармацыйнай прасторы трэба было “яшчэ ўчора”.

Да канца гэтага года ў структуры расейскіх Узброеных сілаў зьявіцца новы род войскаў, які будзе адказваць за інфармацыйную бясьпеку. Для афіцэраў, якія будуць у іх служыць, абавязкавай стане лінгвістычная падрыхтоўка. У пятніцу прэзыдэнт Уладзімір Пуцін заявіў, што “зьнішчальная моц” інфармацыйных атак можа быць вышэй, чым ад звычайных відаў зброі.

Прэзыдэнт Уладзімір Пуцін заявіў у пятніцу аб неабходнасьці эфэктыўна супрацьстаяць кібэрпагрозам. “Трэба быць гатовымі эфэктыўна парыраваць пагрозы ў інфармацыйнай прасторы. Павысіць узровень абароны адпаведнай інфрастуктуры, перш за ўсё інфасістэмаў стратэгічна і крытычна важных аб'ектаў”, — сказаў кіраўнік дзяржавы на паседжаньні Савета бясьпекі, прысьвечаным удасканальваньню ваеннай арганізацыі Расеі на пэрыяд да 2020 года.

Пуцін нагадаў, што так званыя “інфармацыйныя атакі” ужо прымяняюцца для рашэньня задач ваенна-палітычнага характару. Пры гэтым ён адзначыў, што так званая “зьнішчальная моц” можа быць вышэй, чым ад звычайных відаў зброі.

Крыніца РІА “Новості” у Мінабароны паведаміла, што ў расейскай арміі ўжо сёлета будзе ўтвораны род войскаў, які будзе адказваць за інфармацыйную бясьпеку краіны.

Па яго словах, асноўнымі задачамі, якія ставяцца перад гэтымі войскамі, стануць маніторынг і апрацоўка інфармацыі, што паступае звонку, а таксама барацьба з кібэрпагрозамі — “іншымі словамі, нешта накшталт амэрыканскіх кібэрвойскаў”.

Афіцэры, якіх рыхтуюць для службы ў гэтых войсках, абавязкава павінны будуць прайсьці лінгвістычную падрыхтоўку, гэта значыць вывучыць замежную мову, перш за ўсё ангельскую.

Упершыню, нагадаем, гэтае пытаньне было вынесена на шырокае абмеркаваньне ўвесну летась, тады пра гэта паведаміў віцэ-прэм'ер Дзімітры Рагозін. “Абмяркоўваецца пытаньне фармаваньня кібэркамандваньня. Гэта зьвязана з забесьпячэньнем інфармацыйнай бясьпекі як Узброеных сілаў, так і ўсёй інфраструрктуры дзяржавы ў цэлым”, — сказаў намстаршыні ўраду.

У лютым міністар абароны Сяргей Шайгу запрапанаваў галоўнаму апэратыўнаму ўпраўленьню (ГОУ), арганізацыйна-мабілізацыйнаму ўпраўленьню (ГОМУ) і шэрагу іншых падраздзяленьняў Генштаба завершыць прапрацоўку ўтварэньня кібэркамандваньня.

У сакавіку Дзімітры Рагозін заявіў, што ўсе дакумэнты ўжо падрыхтаваны, і выказаў спадзяваньне, што гэты “тэхнічны драпежнік” зьявіцца ў хуткім часе.

Дырэктар Інстытута палітычнага і ваеннага аналізу, член Акадэміі ваенных навук Аляксандр Шаравін лічыць, што прапановы па ўтварэньню такога камандаваньня яшчэ 10 гадоў таму паступалі ў Мінабароны. “Мы іх тады абмяркоўвалі даволі бурна і, наколькі мне вядома, у бліжэйшы час такое камандаваньне павінна і ў нас зьявіцца. Абарона нашых кібэрсетак — задача ня толькі нашых Узброеных сілаў, гэта задача ўсяе дзяржавы, усіх нашых сілавых ведамстваў. Кібэрвайна ўжо ідзе, таму на падобнае камандаваньне ўскладаецца задача ня толькі па абароне, але і, пры неабходнасьці, па нанясеньню нейкіх удараў у адказ”, — сказаў экспэрт РІА “Новості”. Ён дадаў, што прыслухаўшыся да думкі экспэртаў, Расея магла б абагнаць канкурэнтаў у гэтай справе, бо гэта было актуальна “яшчэ ўчора і заўчора”.

Былы начальнік міжнародна-дамоўнага ўпраўленьня Мінабароны РФ генэрал-лейтэнант Яўген Бужынскі заявіў, што ўтварэньне новага рода войскаў па забесьпячэньню кібэрбясьпекі даўно насьпела. “Гэта ёсьць своечасовае рашэньне, больш таго, яно даўно насьпела. Кібэрпагрозы — гэта тое, што цяпер пагражае бясьпецы ня толькі Расеі, але любой краіны. Любая хакэрская атака на сістэмы кіраваньня цягне за сабой непрадказальныя наступствы”, — сказаў ён.

Ён дадаў, што новыя войскі — гэта ў нейкай ступені капіраваньне войскаў кібэрбясьпекі ў ЗША. “Я ня ведаю, наколькі гэта просты аналаг, але калі ў вядучых дзяржаваў сьвету ёсьць гэта, і яны зьвяртаюць увагу на гэта, то нам грэх было б адставаць ад гэтага працэса”, — патлумачыў генэрал.

“Канцэпцыя прымяненьня кібэрзброі распрацавана шэсьць-сем гадоў таму. Цяпер гэтая зброя зьяўляецца другой па значэньню пасьля ядзернай, — адзначаў у інтрв'ю газэце ВЗГЛЯД Кіраўнік цэнтра ваеннага прагназаваньня, дацэнт факультэта сусьветнай палітыкі МГУ Анатоль Цыганок. — Кібэрзброя актыўна прымяняецца ў ваенных канфліктах, апошні прыклад — падчас інтэрвэнцыі ЗША ў Лібіі, дзе яны кантралявалі ня толькі паветраную прастору (яны парушылі ўсю сістэму СПА), але і тэлекамунікацыйныя сеткі. Яны ўваходзілі ў лібійскія тэлесеткі і перадавалі перадачы для мясцовага насельніцтва”.

На думку Анатоля Цыганка, лепш за ўсё гэтае пытаньне распрацавана ў Ізраілі, дзе ў 2005 годзе ўвялі новыя лічбавыя тэхналёгіі. “На другім месцы амэрыканская абарона. Потым — абарона заходнеэўрапейскіх краін”, — адзначыў ён.

Нагадаем, што напярэдадні кіраўнік Мінабароны Сяргей Шайгу даручыў адшукаць студэнтаў аднаго з пецярбургскіх ВНУ, якія ў пяты раз сталі чэмпіёнамі сьвету па праграмаваньню. “Я сёньня па тэлебачаньню пачуў, што студэнты аднаго з піцерскіх ВНУ ў пяты раз сталі чэмпіёнамі сьвету па праграмаваньню. Іх трэба знайсьці. Трэба неяк з гэтымі дзяцюкамі папрацаваць, таму што яны вельмі нам патрэбныя”, — сказаў міністар у чацьвер падчас сустрэчы з рэктарамі ВНУ і грамадзкасьцю па пытаньню навуковых рот.

“Міністар абароны даручыў мяне асабіста сустрэцца з гэтымі дзяцюкамі распавесьці аб праектах па стварэньню праграмнага забесьпячэньня ў інтарэсах Узброеных сілаў, якімі мы цяпер актыўна займаемся”, — сказаў намміністра Алег Астапенка журналістам у пятніцу. Паводле яго словаў, рашэньне гэтых задач патрабуе высачэйшага майстэрства і нестандартных падыходаў пры распрацоўцы аптымальных алгарытмаў па іх вырашэньню для наступнага напісаньня праграм.

“А гэта якраз тыя якасьці, якія заўсёды вызначалі менавіта расейскую школу праграмістаў, што маюць выдатную рэпутацыю ў буйнейшых софтвэрных кампаній па ўсім сьвеце. Магчыма, што некаторыя праекты маглі б нашых дзяцюкоў зацікавіць”, — прыводзіць словы Астапенкі РІА “Новості”.

У гэтым выпадку Мінабароны, сказаў, Астапенка, будзе гатовае забясьпечыць ім усе неабходныя ўмовы і праектнае фінансаваньне на ўзроўні не ніжэй за рынкавыя для арганізацыі іх эфэктыўнай працы.

Анастасія Пятрова

Пераклад з расейскай.

Крыніца: http://www.vz.ru/society/2013/7/5/640177.html

Што ж, беларусы ўжо даўно зьведалі на сябе дзеяньні згаданага Рагозіным “тэхнічнага драпежніка”. Беларусь з 1994 года зьяўляецца галоўным палігонам для паўнамаштабнай інфармацыйнай кібэрвайны супраць нашага народу і нашай культуры. Тым больш, што расейскім афіцэрам (як лічыць іхнае начальства) ня трэба тут вывучаць чужую ім беларускую мову. Бо менавіта на зьнішчэньне яе — мовы — і накіраваны ў першую чаргу ўдары драпежніка. Яны ў Маскве пралічылі, што як зьнішчаць мову, то лёгка дадуць сябе рады са зьнішчэньнем народа і яго дзяржавы. Пра гэта патрыёты-фронтаўцы папярэджвалі нашае грамадзтва ўжо даўно. Ды нямногія хацелі слухаць, а псэўдаапазыцыйныя “ідэолагі” кшталту прахвэсара Хадыкі высьмейвалі гэтыя папярэджваньні. Для іх (цытуем Хадыку) “нацыянальная ідэя зжыла сябе...” А тут вось што раскрываецца, род войскаў утвараюць, інтэлектуальную моладзь мабілізуюць.

Дарэчы, пра моладзь. Дарэмна Масква выхваляецца сваёй “школай праграмістаў”. Вядома, што на працягу дзесяцігоддзяў імпэрскі монстр высмоктваў менавіта з Беларусі лепшыя розумы ў гэтай дзялянцы. З гэтага наша моладзь павінна зрабіць выснову — нельга абслугоўваць драпежніка, якія зьнішчае нашу Айчыну.

Сяргей Камароўскі