“РАСЕЯ НЯ ХОЧА ПРЫЙСЬЦІ НА ДАПАМОГУ РАЗБОМБЛЕНАМУ ГОРАДУ”

6 ліпеня вугорская газэта “Nepszabadsag” апублікавала артыкул пад такім тытулам. Вось гэты артыкул:

Праект рэзалюцыі ААН па Сірыі быў зноўку тарпэдаваны Расеяй. Таму пакуль што гуманітарныя місіі ня будуць накіраваныя ў Хомс, на дапамогу заціснутаму ў горадзе цывільнаму насельніцтву.

З дыпламатычных крыніцаў у Нью Ёрку стала вядома, што ў пятніцу ўвечары Расея сваім вэта не дапусьціла, каб Рада Бясьпекі ААН прыняла рэзалюцыю па гораду Хомсу, які трымаюць у аблозе сірыйскія урадавыя аддзелы, каб неадкладна аказаць дапамогу больш за 4000 цывільных жыхароў.

На запрапанаваны Люксэмбургам і Аўстраліяй праект рэзалюцыі было накладзена вэта маскоўскім прадстаўніцтвам пры ААН. Амбасадар Вялікай Брытаніі пры ААН ў Твітэры паведаміў з глыбокім смуткам пра тое, што адбылося. Было выказана таксама шкадаваньне, што гуманітарныя арганізацыі не накіруюцца ў абложаны горад.

Прэсавая служба расейскага прадстаўніцтва ў ААН выдала заяву. У ёй гаворыцца, што сябры Рады Бясьпекі ўвесь час пакідалі без увагі расейскія прапановы. Расейскі праект прадугледжваў дапамогу цывільнаму насельніцтву, і ў той жа час утрымліваў абвінавачваньні ў адрас “тэрарыстычных групаў”, якія прыкрываюцца цывільнымі людзьмі, як шчытом.

Увесь час Расея, якая падтрымлівае прэзыдэнта Башара аль-Асада, накладвала вэта на праекты рэзалюцый ААН з асуджэньнем Дамаска.

Хомс, трэці па велічыні горад Сірыі ад пачатку паўстаньня зьяўляецца самым магутным бастыёнам паўстанцаў. Калі ўвесну 2012 г. пачаўся наступ арміі на горад, сотні людзей былі забіты і тысячы ўцяклі адтуль.

Зараз большая частка Хомса знаходзіцца пад уладай паўстанцаў, таксама як і тэрыторыя вакол цэнтра. Тым часам армія захапіла стратэгічна важны горад Кусэйр, які знаходзіцца паміж ліванскай мяжой і Хомсам, а ў мінулую суботу вялікія сілы пачалі наступ на Хомс.

MTI

(Пераклаў з вугорскай В. Буйвал)

Крыніца: http://nol.hu/kulfold/oroszorszag_miatt_nem_jut_be_a_szegely_a_szetbombazott_varosba

Гэбоўская імпэрыя зноў жывадзёрнічае, куражыцца перад усім сьветам. Беларусы, не забывайма, што маскоўская арда ўводзіць свае ракеты, войскі і самалёты на нашую зямлю. Глядзіце, што яны вырабляюць разам з васальным рэжымам Асада. Задумаемся над тым, што яны будуць вырабляць на нашай зямлі разам з васальным лукашызмам. Для Масквы людзі — сьмецьце. І так было заўсёды.

Янка Базыль