ГЕРАІЧНАЙ САГІ НЕ АТРЫМАЛАСЯ

Амаль штодня ў чытачоў-слухачоў Радыё Свабода ўзьнікае ўражаньне, што белрэдакцыя гэтага СМІ (нягледзячы на ўсе намаганьні) мае хранічныя цяжкасьці з запаўненьнем эфіра і інтэрнэт-прасторы. Прасьцей кажучы, ня ведаюць журналісты пра што пісаць. Ці то падзеяў няма, ці то прыкметныя асобы перавяліся, але цяжкасьці ёсьць, ажно шкада гэтых свабодаўцаў.

Але яны не здаюцца, шукаюць сюжэты, імкнуцца нават сшыхтаваць іх у сэрыю з працягам. Каб кліент іхняга рэсурса на наступны дзень прагна шукаў знаёмую тэму і новыя адкрыцьці ў яе рамках. На працягу некалькіх месяцаў РС разгортвае перад намі сагу пра В. Класкоўскую. Ня будзем пераказваць шматфарбавае жыцьцё гэтай маладой менскай асобы, усе чыталі і слухалі пра яе прыгоды. Хаця мы пасьпяшаліся з вызначэньнем яе як з жыхаркі нашай сталіцы. Яна даволі даўно ўжо перажывае прыгоды ў заходніх краінах. Пачынаючы сагу, РС спрабавала вызначыць В. Класкоўскую як “дэмакратычную журналістку, якая ўцякла ў эміграцыю ад палітперасьледу”. Але ніхто так і ня здолеў успомніць ні яе артыкулаў, ні рэжымнага перасьледу за ёй.

Тым ня менш, “сага аб Класкоўскай” у блізкім часе рызыкуе пераўзыйсьці па колькасьці працягаў сюжэту якую-небудзь “Бэвэрлі-хілс” або “Багатыя таксама плачуць”. Суды, перасуды, сьледчыя экспэрымэнты, спрэчкі бакоў, стакгольмскі суд... Спачатку гэтую мадам свабодаўцы спрабавалі падаць як нявінную ахвяру памылкі заходняга правасуддзя. У эфіры выказваліся з падтрымкай некаторыя аўтарытэтныя асобы. Аказалася, што набліжанай да яе асобай зьяўляецца вядомая Н. Маковік, якая ярка засьвяцілася ў Празе ў мафійным расейскім бізнэсе нерухомасьцю. Праз пэўны час, праўда, РС на Н. Маковік спасылацца перастала.

Таму што “запахла смажаным”. З справы аб вяртаньні дзіця да маці вырасла ўжо новая справа, пра якую РС лепш было б змаўчаць і пачаць пісаць на нейкую іншую тэму. Але “не тут-то было”. У Стакгольме разьбіраюцца хто каго душыў падчас сямейных разборак, хто колькі выпіў алкаголю перад гэтым працэсам (які на шчасьце закончыўся ацаленьнем абодвух сужонскіх бакоў), каго накіроўваюць у псіхбольніцу, а Радыё Свабода ўсё гэта нам перадае з дня ў дзень, выстаўляючы новыя падрабязнасьці curriculum vitae экзатычнай гераіні сагі. Пры чым, элітныя нібыта журналісты не вызначаюцца з дэфініцыямі. Дык хто яна, мадам Класкоўская — палітахвяра або пабытовая крымінальніца? І адкуль гэта такая манера не гаварыць пра галоўнае?

Нагадаем, што ўвесь гэты канцэрт па стакгольмскіх заяўках вельмі добра аплочваецца Кангрэсам ЗША, які мяркуе, што Radio Liberty нясе ў народ праўду, ідэю дэмакратыі, нацыянальнай культуры і іншыя сьветлыя паняцьці. А тут як пачытаеш, дык бачыш, што бульварная жаўцізна — гэта новая стылёвая прыкмета на радыё Свабода. Шкада ўсё ж.

Сымон Рудзік