“МІС” НЯ ВЕДАЕ ДЗЯРЖАЎНАЙ МОВЫ
3 ліпеня румынская газэта “Evenimentul Zilei” апублікавала артыкул пад тытулам “Скандал: Міс Малдова можа страціць тытул, бо ня ведае румынскую”. Вось гэты артыкул:
У сацыяльных сетках разгарнулася кампанія збору подпісаў за пазбаўленьне тытула Міс Малдова-2013 пераможцы конкурса 18-гадовай Валерыі Цуркан.
Паводле ініцыятараў пэтыцыі, Валерыя Цуркан ня мела права ўдзельнічаць у конкурсе прыгажосьці ў Рэспубліцы Малдова, бо ня ведае румынскую мову і прадстаўляецца як “прадстаўнічка Расеі”.
Што выклікала незадавальненьне
Як паведаміла расейская прэса, тое, што Валерыя Цуркан ня ведае румынскую, было вядома. Нядаўна падчас тэлерэпартажу дзяўчына сказала некалькі словаў на ангельскай мове, а менавіта: “Мяне завуць Валерыя Цуркан і я з Расеі”. Падобна, што якраз гэтая фраза выклікала незадавальненьне карыстальнікаў сацыяльных сетак.
Раксана Расэці
(Пераклаў з румынскай В. Буйвал)
Аказваецца, праблемы з “міс” ёсьць ня толькі ў нас. 18-гадовая асоба не працуе ў стрыптызе і не фатаграфавалася ў гнюсных кампазыцыях з кліентамі. Тут у яе чыстая рэпутацыя. Адно толькі, жыве яна ў Малдове і ня хоча ведаць дзяржаўнай мовы (мовы свайго народу), але любіць Расею ды хоча выстаўляцца на конкурсах ад яе. І хто ж тады, выходзіць, выставіў яе ад Малдовы (якой яна грэбуе)? Мяркуем, што “само сабой” такое не атрымалася. У Малдове таксама йдзе змаганьне за вызваленьне ад палітыкі русіфікацыі. Мы ўпэўнены, што цяпер малдаване абавязкава разьбяруцца, хто падставіў гэтую “міс” і даў ёй завучыць караценькі ангельскі тэксьцік. У румынскіх княствах тэмпэрамэнтны народ, там такія антынацыянальныя нумары не праходзяць. Карону ў гэтай камсамолкі, напэўна, усё ж адбяруць.
Пра мясцовых “міс” і “віцэ-міс” тут было б лепш прамаўчаць. Таму што такі скандал, як разгарэўся днямі ў Менску, ня сьніўся малдаванам. Мясцовыя ня тое што грэбуюць беларускай мовай, але й належаць (усім целам і душой) да адной міжнароднай і старажытнай прафэсіі. Такі цяпер ідэал маладосьці ў пэрыяд позьняга лукашызма. І ніхто не зьбіраецца адбіраць у іх кароны. А шкада, можна было б зрабіць гэта грамадзкімі намаганьнямі...
Сымон Рудзік