АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (20–23.06.2013)
Курапаты — помнік савецкага генацыду
20 чэрвеня 2013 г. польская газэта “Rzeczpospolita” напісала, што ЮНЕСКО ўключыла ў Сьпіс Сусьветнай Спадчыны базу дадзеных і экспанаты Музэю Галакосту Яд Вашэм у Ерузаліме.
Наш камэнтар: Беларусы павінны зрабіць усё магчымае для ўключэньня ў Сьпіс ЮНЕСКО Народнага Мэмарыялу ў Курапатах. Нельга дапусьціць, каб антынародны рэжым рукамі нячыстых прафанатараў наладзіў у нашай Сьвятыні рускі бардэль, парк “культуры і отдыха” і іншыя гнюснасьці.
Алесь Хадасевіч
Расея трымаецца за атамную зброю
21 чэрвеня 2013 г. латвійская газэта “Diena” напісала: “Расея адкінула прапанову прэзыдэнта ЗША Барака Абамы зьменшыць на траціну арсэнал ядзернай зброі ў абедзьвюх краінах. Расея назвала гэтую прапанову надта небясьпечнай. Экспэрты, камэнтуючы пазыцыю Масквы, патлумачылі, што ў Расеі арсэнал ядзернай зброі разглядаецца як гарантыя дзяржаўнай бясьпекі”.
Наш камэнтар: Расея рыхтуецца да вайны. Гэта відавочна.
Юрка Марозаў
Спадзяюцца на кішэню беларусаў
21 чэрвеня 2013 г. швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” паведаміла, што ў розных бразільскіх гарадах на дэманстрацыі пратэсту выйшла да мільёну людзей. Яны пратэстуюць супраць карупцыі, сацыяльнай несправядлівасьці, патрабуюць рэфэрмаў у краіне. Адбыліся сутычкі з паліцыяй. Прэзыдэнт краіны Русеф адмяніла замежны візыт і засядае з крызісным камітэтам.
Наш камэнтар: А пачалося ўсё тыдзень таму з “драбніцы”. Моладзь ў сталіцы краіны выступіла супраць павышэньня коштаў на праезд у грамадзкім транспарце (такім чынам улады хацелі пакрыць выдаткі на правядзеньне Алімпійскіх гульняў у Бразіліі). Урад адмяніў павышэньне коштаў, але было ўжо позна, пайшла лавіна.
Беларусы таксама разумеюць і ведаюць, што антынацыянальны рэжым зьбіраецца пакрываць шалёныя выдаткі на непатрэбны чэмпіянат сьвету па хакею ў Менску з кішэняў людзей...
Алесь Хадасевіч
Каўказкія справы Расеі
22 чэрвеня 2013 г. летувіская газэта “Lietuvos Rytas” напісала пра каўказкія справы Масквы. Нядаўна арыштаваны мэр сталіцы Дагэстана Махачкалы Саід Аміраў спрабаваў скончыць самагубствам у маскоўскай Ляфортаўскай турме. На працягу гадоў Масква засыпала яго ўзнагародамі. У той самы час на яго жыцьцё было арганізавана 15 пакушэньняў. Нядаўна яго арыштавалі і накіравалі этапам у Маскву. І так па ўсіх каўказкіх аўтаноміях, якія знаходзяцца пад уладай Масквы: мясцовыя царкі, карупцыя, народная нянавісьць да начальства, страляніна і выбухі. Масква зьбіраецца арганізаваць у гэтым рэгіёне Алімпійскія гульні.
Наш камэнтар: Усё большай колькасьці людзей у сьвеце становіцца зразумела: імпэрыя ня мае пэрспэктывы, і перш за ўсё пэрпэктывы існаваньня на Каўказе.
Алесь Хадасевіч
Могілкі імпэрыі
23 чэрвеня 2013 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” паведаміла, што міністар абароны Расеі Шайгу ўрачыста адкрыў “расейскі Арлінгтон” — могілкі ў Мыцішчах пад Масквой. Там будуць хаваць прэзыдэнтаў, герояў Расеі, генэралаў, адміралаў. Прымаць рашэньне будзе прэзыдэнт краіны. Абяцаюць з часам перанесьці туды пахаваньне Леніна і іншых генсекаў. Абвешчана, што месца хопіць для пахаваньняў на 200 гадоў.
Наш камэнтар: Можна сябе ўявіць, які гэта будзе стылёвы імпэрскі жах.
Алесь Хадасевіч
Комплекс непаўнавартасьці
23 чэрвеня 2013 г. летувіская газэта “Kauno Diena” напісала пра тэатралізаваную рэканструкцыю эпізодаў паўстаньня 1863-64 гг. на стадыёне ў Каўнасе: “Тут была паказана карніцкая выправа Расейскай імпэрыі супраць летувіскіх і польскіх паўстанцаў”.
Наш камэнтар: Яны ў сваім рэпэртуары: нават не згадалі пра беларусаў, якія арганізавалі і змагаліся ў тым Паўстаньні. Гэта ж трэба, як заеў комплекс непаўнавартасьці. Можна толькі паспачуваць закамплексаваным.
Юрка Марозаў