УКРАІНЦЫ СУПРАЦЬ КРЫМІНАЛЬНАЙ ПАЛІЦЭЙШЧЫНЫ
2 ліпеня славацкая газэта “SME” апублікавала артыкул пад тытулам “Ва Ўкраіне два паліцыянты згвалцілі настаўніцу”. Вось гэты артыкул:
Пасьля брутальнага гвалтаваньня раз'юшаныя ўкраінцы заатакавалі паліцэйскі ўчастак.
Кіеў. Раззлаваныя жыхары ўварваліся ў паліцэйскі ўчастак на поўдні Ўкраіны, каб дамагчыся пакараньня тых, хто зьдзейсьніў брутальны акт групавога гвалтаваньня маладой жанчыны. Паінфармавала аб гэтым агенцыя АР.
Перад сядзібай паліцыі ў мястэчку Ўрадзіеўка, каля 330 кілёмэтраў на поўдзень ад Кіева, ўначы на сёньня сабраліся сотні людзей. Частка зь іх пачала біць шыбы ў будынку і ўварвалася ў памяшканьні.
Паліцыя ўрэшце адбіла атаку натоўпу з дапамогай сьлезацечнага газу. Прынамсі аднаго параненага мужчыну зь месца адвезла машына хуткай дапамогі.
Сутычкі справакаваў эпізод зь мясцовай 29-гадовай настаўніцай, якую, як яна сказала, уцягнулі ў машыну два паліцыянты. Яны адвезьлі яе ў лес, згвалцілі і потым жорстка зьбілі. Пры гэтым ім, як мяркуецца, дапамагаў кіроўца машыны.
Цяжка параненая жанчына мае шматлікія пераломы чэрапа і на колькі дзён патрапіла ў кому. У рамках сьледства ўжо арыштавалі кіроўцу і аднаго з паліцыянтаў. Другі — паводле словаў ахвяры, галоўны арганізатар згвалтаваньня — усё яшчэ застаецца на волі, што справакавала начны напад натоўпу на паліцэйскі ўчастак.
За недахопы ў рассьледваньні выпадка ўжо пазбаўлены пасадаў два высокія прадстаўнікі абласной паліцыі. Украінская апазыцыя выклікала ў парлямант міністра МУС Віталя Захаранку, каб ён адказаў на яе пытаньні ў сувязі з вырашэньнем гэтай справы.
Petit Press
(Пераклаў з славацкай В. Буйвал)
Ужо вядома, чаму ня быў затрыманы арганізатар групавога злачынства. Мясцовыя жыхары распавялі журналістам, што ён — блізкі сваяк абласнога начальства. Раптам людзі ўбачылі, што “сваяк” гуляе на волі, на тэрыторыі свайго паліцэйскага ўчастка. Тады яны вырашылі ўсе разам “прыйсьці да яго на прыём”. Вядома з досьведу шэрагу народаў, што калі ахова грамадзкага парадку ператвараецца ў дзікую паліцэйшчыну, то грамадзтва само пачынае ахоўваць свой парадак ад дзікай паліцэйшчыны.
Павел Гулевіч