ЧЭХАСЛАВАЦКІЯ ЛЕГІЁНЫ

29 чэрвеня славацкая газэта “Pravda” апублікавала артыкул пад тытулам “У французкім мястэчку Дарнэй ускладуць вянкі да Чэхаславацкага помніка”. Вось гэты артыкул:

Славацкая дэлегацыя начале з дзяржаўным сакратаром Міністэрства абароны Славацкай Рэспублікі Мілашам Катэрцам у нядзелю возьме ўдзел ва ўрачыстых цырымоніях у французкім горадзе Дарнэй.

Разам з прадстаўнікамі Францыі і Чэшскай рэспублікі будуць ускладзены вянкі да Чэхаславацкага помніка на полі Клябэр каля паселішча Дарнэй з нагоды 95-х угодкаў падзеяў, якія папярэднічалі прызнаньню сувэрэннай дзяржавы Чэхаў і Славакаў.

Тадышні прэзыдэнт Францыі Раймон Пуанкарэ 30 чэрвеня 1918 г. урачыста перадаў баявы сьцяг 21-му чэхаславацкаму стралковаму палку чэхаславацкіх легіёнаў. “Гэты акт лічыцца адной з найважнейшых падзей у рамках прызнаньня незалежнасьці будучай Чэхаславацкай рэспублікі”, — заявіў дырэктар Ваенна-гістарычнага цэнтра палкоўнік Міласлаў Чапловіц. У той жа дзень ваяры палка прынесьлі ўрачыстую прысягу перад сьцягам.

Такім чынам, Францыя як адна з першых дзяржаваў пацьвердзіла права на стварэньне сувэрэннай дзяржавы Чэхаў і Славакаў. На полі Клябэр каля Дарнэй тады знаходзіўся вучэбны лягер чэхаславацкіх легіянэраў. Праграмай візыту дзяржаўнага сакратара прадугледжваецца таксама агляд Чэхаславацкага гістарычнага музэю ў Дарнэй.

TASR

(Пераклаў з славацкай В. Буйвал)

Крыніца: http://spravy.pravda.sk/svet/clanok/285354-vo-francuzskom-darney-polozia-vence-k-ceskoslovenskemu-pamaetniku/

Чэшская і славацкая дзяржавы не забываюць пра подзьвіг дзядоў. Зразумела, што памятаюць аб гэтым і народы.

Патрыятычныя дзеячы з Чэхаславацкай нацыянальнай рады, якая знаходзілася ў Парыжы, з самага пачатку сваёй дзейнасьці ў пэрыяд І Сусьветнай вайны імкнуліся да стварэньня сувэрэннай дзяржавы Чэхаў і Славакаў. Важнейшай задачай яны лічылі стварэньне чэхаславацкіх вайсковых аддзелаў, якія павінны былі змагацца супраць Аўстра-Вугоршчыны (якая тады валодала чэшскімі і славацкімі землямі), Нямеччыны і іх хаўрусьнікаў на баку Антанты. Гэта павінна было быць галоўным аргумантам у справе прызнаньня будучай сувэрэннай дзяржавы.

Чэхі і славакі з самага пачатку вайны актыўна і часам масава (цэлымі палкамі) здаваліся ў палон войскам Антанты, не жадаючы ваяваць за каланіялістаў. Першыя часткі з былых чэхаславацкіх вайскоўцаў дзейнічалі на расейска-германскім фронце ўжо з 1914 года. У 1917-18 г. чэхаславацкія легіянэры (38-тысячная армія) вызначыліся ў баях супраць аўстра-вугорскай арміі ва Украіне пад Зборавым і супраць немцаў пад Бахмачам. Пасьля Берасьцейскага міру (сакавік 1918 г.) чэхаславацкія легіёны пакінулі Украіну. Нацыянальная рада ў Парыжы прыняла рашэньне вывесьці легіёны з ахопленай грамадзянскай вайной Расіі і перавесьці іх на Захад. У траўні 1918 г. Леў Троцкі аддаў загад аб раззбройваньні легіёнаў, якія ехалі на цягніках у бок Уладзівастока, каб эвакуявацца з Расеі. Бальшавіцкае кіраўніцтва меркавала прымусіць чэхаў і славакаў ваяваць у складзе Чырвонай арміі (бо мясцовыя чырвонаармейцы масава разьбягаліся і не хацелі змагацца за “сусьветную рэвалюцыю”), а таксама ўключыць іх у “трударміі” — прымусіць працаваць на чырвоную ўладу. Чэхі і славакі моцна адказалі на злачынную крамлёўскую правакацыю, захапіўшы Транссібірскую чыгунку, галоўныя сібірскія і шэраг паволжскіх і ўральскіх гарадоў, дзе яны разграмілі бальшавіцкія часткі і ўладныя структуры. Урэшце ім удалося пагрузіцца на караблі Антанты і праз ЗША прыбыць у Францыю.

Таксама і на Захадзе часткі з чэхаў і славакаў ваявалі на баку Антанты ўжо з 1914 г. Але да стварэньня шматтысячных легіёнаў справа дайшла толькі ў 1917-18 гадах, калі войскі Антанты пасьля таго, як панесьлі вялікія страты ў папярэднія гады, патрабавалі сьвежых сілаў у змаганьні з ворагамі. Чэхаславацкая нацыянальная рада ўвесь час імкнулася стварыць сваю армію, але ў гэтым ёй пярэчылі палітычныя колы, а таксама ваеннае камандваньне Францыі і Італіі: маўляў, выкарыстаньне ў вайне нядаўніх ваеннапалонных “будзе не па правілах”. Але абставіны прымусілі адмовіцца ад гэтай аргумэнтацыі. Чэхаславацкія легіёны (60 тысячаў штыкоў) выдатна змагаліся ў Італіі ў бітвах на рацэ Пьяве і пад Дос Альтай (1918 г.), а таксама ў Францыі (10 тысячаў штыкоў) у бітве пад Тэронам (1918 г.). Пасьля паразы ворагаў легіёны вярнуліся ў Чэхаславакію і склалі аснову для рэгулярнай арміі абвешчанай сувэрэннай дзяржавы.

На месцах баёў і важных дзяржаваўтваральных падзей у Францыі і Італіі намаганьнямі дзяржкіраўніцтва Чэхаславакіі, а пазьней незалежных Чэхіі і Славакіі ўсталяваны помнікі і памятныя знакі, адкрыты музэі, захаваны і задбаны магілы герояў. Гэтага чэхі і славакі дамагліся нават у Расеі, дзе ёсьць помнікі легіянэрам на могілках. Зразумела, што памяць аб народным подзьвігу захоўваецца ў помніках і музэях у Чэхіі і Славакіі.

Зразумела, што прамаскоўскі акупанцкі рэжым нічога падобнага ня будзе рабіць. Ня тая ў яго функцыя. Лукашызм баіцца народнай беларускай памяці, як чорт ладана. На прафанатараў і зьнішчальнікаў ня трэба спадзявацца.

Цяпер гэта ёсьць клопат самых беларусаў. Таленавіты мастак-графік, фронтавец Яўген Шатохін знайшоў быў у 1990-х гадах пахаваньні беларускіх вайскоўцаў у Францыі, дзе яны змагаліся ў складзе расейскага экспэдыцыйнага корпуса і загінулі падчас вялікай бітвы на Соме (1916 г.). Трэба таксама распачынаць распрацоўку важнейшай тэмы гісторыі Беларускай дзяржавы — утварэньне 100-тысячнай беларускай арміі на Румынскім фронце ў жніўні-верасьні 1917 года. І шмат што іншага. Трэба ўжо цяпер шукаць сьведчаньні, весьці дасьледваньні, высьвятляць імёны і факты. Усё гэта спатрэбіцца ў вызваленай Беларусі. Подзьвіг нашых дзядоў будзе ўшанаваны помнікамі і мастацкімі творамі. Так будзе!

Валеры Буйвал