ІГУМЕНСКІ ШЛЯХ — 2013
30 чэрвеня сябры і прыхільнікі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ правялі штогадовыя мэмарыяльныя мерапрыемствы памяці ахвяраў расейскага генацыду ў горадзе Чэрвені (былы Ігумень) Менскай вобласьці. Два аўтобусы з удзельнікамі прыбылі зь Менска, мерапрыемствы распачаліся каля будынка былой Ігуменскай турмы, дзе расейскія акупанты вязьнілі і катавалі беларускіх патрыётаў, пачынаючы з 19-га стагоддзя. У гэтай вязьніцы каты НКВД трымалі вязьняў апошнюю ноч перад расстрэлам 26 чэрвеня 1941 г., пасьля таго, як прыгналі іх з менскай турмы. Расейцы падзялілі вязьняў на “крымінальных” і “палітычных” і адпусьцілі асуджаных па крымінальных артыкулах. На наступны дзень расейскія акупанты пагналі калёну вязьняў па шашы ў бок Расеі і непадалёк ад Чэрвеня адкрылі агонь па людзях. Было забіта больш за паўтары тысячы людзей, толькі нямногія здолелі ўцячы і выратавацца. Злачынства маскоўскага захопніка наклалася на злачынства нямецкага захопніка нашай зямлі.
Фронтаўцы прайшлі шляхам беларускіх пакутнікаў пад нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі і Гербам Пагоня. На магілах ахвяраў былі ўскладзены вянкі і кветкі, запалены сьвечкі. Людзі засьпявалі гімн “Магутны Божа”. Перад грамадой выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і КХП-БНФ, сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі, сп. Алесь Чахольскі, адказны сакратар Фронту і Партыі, і сп. Валеры Буйвал, сакратар Фронту і Партыі.
Выступоўцы падзякавалі людзям за тое, што яны захоўваюць памяць пра сьвятых пакутнікаў нашага народа і штогод вяртаюцца да гэтага месца. За магіламі і крыжамі Ігуменскай трагедыі таксама прыглядаюць мясцовыя жыхары. Чаму ў краінах, якія вызваліліся з маскоўскай імпэрыі і пайшлі па шляху дэмакратыі, перш за ўсё дзяржава дбае пра магілы ахвяраў народа? Чаму ў нас усё наадварот? А таму што ўлада ў Беларусі антыбеларуская, акупацыйная. Рэжым застаецца ў падпарадкаваньні Масквы. Той Масквы, якая забівала беларусаў і нішчыла нашую культуру і цывілізацыю. Тут, пад Чэрвенем расейскія акупанты забівалі эліту беларускага народа — настаўнікаў, унівэрсітэцкую прафэсуру, інжынэраў, таленавітых творцаў. Менавіта гэтыя людзі вызначаліся антычалавечым рэжымам як “палітычныя злачынцы”. Масква загадала сваім катам забіць гэтых людзей. Мы заўсёды будзем памятаць пра гэта. У адрозьненьні ад суседніх краін, тыя трагічныя падзеі для нас ня проста гісторыя. Таму што ва ўладзе над Беларусьсю застаюцца спадчыньнікі людажэрнай маскоўска-бальшавіцкай сістэмы. І яны ў любы момант гатовыя распачаць сваю зьнішчальную працу. Дакладней, яны працягавюць яе, але іншымі мэтадамі.
Што наш народ можа супрацьпаставіць гэтай варожай цемры, якая пачуваецца беспакаранай і магутнай? Зброяй супраціву беларускага народу цяпер зьяўляюцца наша эўрапейская культура, наша прыўкрасная мова, нашыя цывілізацыйныя і духоўныя каштоўнасьці і наша Беларуская Салідарнасьць. Бездухоўнасьці акупантаў, іхнаму лубянскаму цынізму і варварству, расейскай папсе і ардынскай дзікасьці мы павінны супрацьпаставіць адданасьць сьветламу і Боскаму, сьвятому і роднаму — беларушчыне і Беларусі. Гэта ёсьць унівэрсальны шлях усіх народаў, якія вызваляліся ад прыгнятальнікаў і аднаўлялі сваё нармальнае чалавечае і нацыянальнае жыцьцё. Нельга падладжвацца пад чужынскіх захопнікаў, быць верным іхнай мове, капіраваць іхныя дзікія традыцыі, працаваць на Маскву, служыць ёй і ваяваць за яе. Трэба адвярнуцца ад сьвятаў, дэмагогіі і “псэўдавыбараў” прамаскоўскага рэжыму, які служыць не нашым нацыянальным інтарэсам, а чужой імпэрыі.
Больш за палову ўдзельнікаў мерапрыемстваў складалі маладыя патрыёты — хлопцы і дзяўчаты, для якіх Беларусь перад усім, якія далучаны да нашай нацыянальнай традыцыі і разумеюць каштоўнасьць і значэньне памяці. Менавіта яны — лепшая частка нашай моладзі — будуць будаваць вольную, незалежную і прыўкрасную Айчыну.
Мерапрыемствы былі закончаны сьпяваньнем гімну “Магутны Божа”.
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
30 чэрвеня 2013 г.