ПАДПАРУЧЫК ДУБ: “ПАМРЭМ ЗА ІМПЭРАТАРА!”
На працягу другой паловы 90-х гадоў у сядзібе БНФ “Адраджэньне” рэгулярна зьяўляўся адзін тып. Ён валодаў беларускай мовай, напружана вылупліваў вочы і амаль крыкам даводзіў прысутным, што яны займаюцца ня тым: “Да дэмакратыі трэба ісьці, як Піначэт. Трэба, каб начале народа ўстаў нейкі генэрал, моцная асоба. А вы тут з Пазьняком...” Спачатку яму спрабавалі лагічна пярэчыць, кажучы, што мясцовыя генэралы прайшлі савецкую кар'еру, ну якія зь іх дэмакраты? Ён ня слухаў і працягваў надрывацца. Пры гэтым ніякай іншай беларускай дзейнасьці за ім не назіралася. Прыйдзе, пагукае пра Піначэта і пойдзе сабе. Недзе ў 1999 годзе ён урэшце зьнік.
Як вядома, ёсьць проста дзівакі і інтэлектуальныя экзоты, так бы мовіць, самастойныя. А ёсьць і падсадныя дзівакі з экзотамі, якімі хватка кіруюць ураўнаважаныя асобы, што рэжысіруюць экзатычны тэатрык. З тым дзядзькам было зразумела, што ён меў лакальную задачу замінаць фронтаўцам весьці працу, ён ствараў атмасфэру вэрхалу і хаосу ў сядзібе. Выпадковы чалавек, які зайшоў у памяшканьне пацікавіцца Фронтам, мог бы падумаць, што ўсе мы такія.
Згаданая “рэжысура” ахоплівае, аднак, ня толькі такіх “шэрагоўцаў”, як памянёны “піначэтавец”. У інфармацыйнай прасторы доўгі час існуюць падобныя пэрсанажы нават у залатых пагонах. Самымі прыкметнымі зь іх зьяўляюцца генэрал міліцыі Захаранка і генэрал арміі П. Казлоўскі. На працягу гадоў з гэтых постацяў у шынялях мясцовыя “дэмСМІ” ствараюць нешта падобнае на “апірышча дэмакратыі”, “будучыню беларускіх сілавых структур” і г.д. А простыя людзі ўспамінаюць, як па загаду міністра ўнутраных справаў РБ Захаранкі (ён зрабіў кар'еру пад Лукашэнкам) міліцыя біла іх дубінкамі, калі яны ішлі па роднай зямлі пад Бел-Чырвона-Белым Сьцягам. Пра міністра абароны РБ Казлоўскага ўспамінаюць, як кіруемае ім міністэрства разграміла легальную патрыятычную арганізацыю беларускіх афіцэраў Беларускае Згуртаваньне Вайскоўцаў і выдаліла патрыётаў з нашай арміі. І нічога, паводле “дэмСМІ”, гэтыя экс-міністры ёсьць амаль што “рыцарамі з чыстага срэбра” (як называў дзекабрыстаў Аляксандр Герцэн). Абодвух генэралаў прынялі ў “партыю інтэлектуалаў”, як называе сябе АГП А. Лябедзькі. Там яны зрабіліся былі “генэраламі інтэлектуалаў”. Што тычыцца ген. Казлоўскага, то ён рэгулярна выстаўляўся кандыдатам ад АГП на ўсіх фальшывых рэжымных “выбарах”, заклікаў з свайго віртуальнага танка ўдзельнічаць у гэтым абсурдзе. Да таго ж, рэгулярна выступаў у якасьці “ваеннага экспэрта”, даючы ацэнкі і прагнозы.
26 чэрвеня стала вядома, што расейскія акупанты будуць разгортваць сваю ваенную базу каля нашай Ліды. Радыё Свабода апэратыўна апытала генэрала-лібэрала Казлоўскага. І ён патлумачыў: “Ня бачу нічога кепскага ў расейскай авіябазе...” Як кажуць у такіх выпадках палякі: “Amen i kropka”.
Адстаўны (але гатовы да бою) ваенспэц, аказваецца, ня бачыць таго, што бачаць і разумеюць нават кемлівыя жанчыны, якія не служылі ў войску. Што гвалтам парушаецца Канстытуцыя Беларусі, што наш народ робяць закладнікам агрэсіўнай палітыкі крамлёўскага імпэрыялізма. І самае галоўнае, што гэта толькі пачатак поўнай акупацыі Беларусі маскоўскім ворагам. Што гэта шлях да вайны на нашай тэрыторыі. “Ня бачу...” і ўсё.
Ня трэба зьдзіўляцца гэтаму. Такое амплуа ў гэтага пэрсанажа. Да такога ўзроўню апушчаны мясцовыя “дэмСМІ”. Яны лічаць нашых людзей спрэс прыдуркаватымі швэйкамі, якім можна загружаць у галаву любыя дэмагагічныя “ідэялагемы”. Падпаручык Дуб таксама думаў, што ён разумнейшы за кемлівага Швэйка. Ды прапанаваў яму і іншым памерці за імпэратара. І вельмі злаваўся, калі жаўнерская маса не выказвала энтузіязма...
Сымон Рудзік