РАСЕЙЦЫ ЎЦЯКАЮЦЬ З СІРЫІ
26 чэрвеня ангельская газэта “Guardian” апублікавала артыкул пад тытулам “Расея выводзіць з Сірыі свой пэрсанал, які заставаўся там”. Вось гэты артыкул:
Эвакуацыя ёсьць сігналам таго, што ў Маскве расьце заклапочанасьць наконт канфлікту паміж яе хаўрусьніцкім рэжымам Башара аль-Асада і паўстанцамі.
Расея эвакуявала апошніх з свайго пэрсаналу з Сірыі, уключна зь яе міжземнаморскай ваенна-марской базай у Тартусе. Здаецца, што гэтыя дзеяньні выразна сьведчаць пра тое, што расьце заклапочанасьць Масквы эскалацыяй крызіса.
Расейскія СМІ паведамілі ў сераду, што прадстаўнікі ваеннага міністэрства і міністэрства замежных справаў пацьвердзілі факт эвакуацыі. Але не было афіцыйнага пацьверджаньня паведамленьня з крыніцаў паўстанцкай Свабоднай Сірыйскай Арміі аб тым, што яны састрэлілі расейскі самалёт, а яго пілёт быў узяты ў палон у заходняй частцы Алепа.
Канчатковае закрыцьцё базы ў Тартусе азначае сур'ёзную страту, хаця баявая група з 16 караблёў застаецца ва ўсходнім Сярэдземнамор'і. Гэтая база была адзіным плацдармам Расеі на Блізкім Усходзе.
Аднак, суседні Кіпр прадаставіў свае порты для расейскага флёту. Кіпрыйскія СМІ паведамілі, што ўрад можа дазволіць Расеі выкарыстоўваць базу ў Пафасе для разьмяшчэньня ваенна-паветраных сіл.
Навіны пра вывад расейскіх сілаў з Сірыі прагучалі на мінулым тыдні ў інтэрв'ю з Міхаілам Багданавым, намесьнікам міністра замежных справаў, для газэты “al-Hayat”.
“Сёньня міністрэства абароны Расеі ня мае ніводнага чалавека ў Сірыі”, — сказаў ён. Ён вызначыў Тартус як “базу тэхнічнага абслугоўваньня караблёў, якія плаваюць у Сяродземнамор'і”.
Газэта “Ведомості” працытавала неназванага чыноўніка міністэрства абароны, які сказаў: “Мы больш ня маем у Сірыі ні службовых асобаў, ні цывільных. Таксама няма і расейскіх ваенных дарадцаў, прыкамандыраваных да аддзелаў рэгулярнай сірыйскай арміі”.
Але “Ведомості” напісалі, што рашэньне аб вывадзе пэрсаналу міністэрства абароны не прадугледжвае вывад тэхнічных экспэртаў, выкарыстоўваемых сірыйскім урадам для навучаньня яго арміі абыходжаньню са зброяй з Расеі.
“Russia Today”, прапагандысцкі тэлеканал Крамля, паведаміў: “Вывад быў вымушаны ня толькі ростам рызыкі разьвіцьця ваеннага канфлікту, але таксама фактам, што ў цяперашніх умовах любое ўмяшальніцтва расейскіх службовых асобаў можа выклікаць адмоўную рэакцыю з боку міжнароднай супольнасьці”.
Расея эвакуявала сваіх грамадзянаў на працягу тыдняў. Багданаў сказаў, што ў краіне жыве каля 30000 расейцаў, некаторыя зь іх у раёнах, занятых паўстанцамі. Агенцыя навінаў Інтэрфакс паведаміла, што 128 расейцаў і грамадзянаў з іншых былых савецкіх рэспублік пакінулі Сірыю ў сераду на самалётах, якія ў папярэдні дзень даставілі тое, што было апісана як гуманітарныя грузы.
Разам з Іранам Расея застаецца найвялікшым хаўрусьнікам Асада. Яна шэраг разоў заблакавала спробы краінаў начале з ЗША прыняць у ААН санкцыі ў адносінах да рэжыма Башара аль-Асада. Расея і ЗША ня здолелі прыйсьці да згоды на перамовах на гэтым тыдні па пытаньню правядзеньня канфэрэнцыі ў Жэнэве паміж сірыйскім урадам і апазыцыяй.
Не падобна на тое, каб вывад з Тартуса супярэчыў пастаўкам расейскіх ракет зямля-паветра і антыкарабельных ракет у Сірыю. Багданаў абараняў справу паставак зброі як легальную апэрацыю ў рамках існуючага кантракта. На пытаньне, калі пачнуцца пастаўкі, ён адказаў, што гэта ў кампэтэнцыі “вышэйшага камандваньня”.
Мірыэм Элдэр, Ен Блэйк
Пераклаў з ангельскай В. Буйвал.
Зразумела, што расейскім міністрам і іншым нельга верыць на слова. Але тое, што пачаліся даволі кампактныя ўцёкі “дорогіх россіян” ва ўніформах і без, пацьвярджаецца сьведкамі падзеяў. Мяркуем, што апэрацыя-эвакуацыя арганізавана таму, што набліжаецца канчатковы крах антынароднага рэжыму і канчатковае разбіральніцтва з тымі, хто патрапіць у рукі паўстанцам. Памятаючы ранейшыя канфузы (калі па вуліцах экзатычных гарадоў беглі ў бок порта маскоўскія афіцэры ў кальсонах і іхныя жонкі ў камбінацыях, бо раптам пасярод начы памянялася ўлада), Масква прадпрымае папяраджальныя захады. Што ж, слушна робіць, калі гэта так. Добра робяць. А то дэмакратычныя ўлады могуць і мясцовы нюрнбэргскі трыбунал арганізаваць для захопленых ваен- і лубянспэцоў (калі пасьпеюць выратаваць іх ад дубіны народнай помсты). Ды й самалёты з чырвонай зоркай пачалі ўжо састрэльваць — спраўджваецца інфармацыя пра атрыманьне паўстанцамі якаснай зэнітнай зброі.
А здавалася некалі, што “русскіе богатырі” будуць сядзець на тартускай базе вечна. Так, як здаецца некаторым цяпер на тэму нашай Ліды.
Ян Булыга