КОНКУРС КАШАЛЬКОЎ НА ДЗІВУ ПРЫГАЖОСЬЦІ

Зусім нядаўна акупанцкія ўлады нашай сталіцы ў чарговы раз разыгралі конкурс “Міс Менск”. Званьне “Міс-2013” атрымала Я. Канцавенка. Рэжымнае журы зрабіла гэтую маладую асобу знакавай у сэнсе зьнешніх і інтэлектуальных дадзеных, прыкладам для ўсіх астатніх дзяўчат. Публіка, аднак, пасьпела заўважыць, што ў выбраньніцы журы няма ні таго, ні другога. Мабыць, выбіраў сам начальнік рэжыму.

І вось паступова высьвятляецца, што людзі не памыляліся: “міс-13” аказалася банальнай супрацоўніцай інтым-бара “Dozari-Mojito”, які абслугоўвае ў нашай сталіцы кліентаў сэкс-турызма, у асноўным турэцкападданых. Сайт Geometria.ru распаўсюдзіў у Сеціве некалькі гнюсных па зьместу здымкаў з удзелам “міс” і згаданых турыстаў. “Міс” не саромелася і можна меркаваць, што яна працавала на сваім “працоўным месцы” не пад прымусам, а “по веленію комсомольской совесті” і нават з энтузіязмам. З гэтага “працоўнага месца” яна была накіравана на конкурс і перамагла.

У Сеціве адразу пасыпаліся падстаўныя камэнтары кшталту “вот ваша белорусская незалежность, вот какой у вас идеал!..” Падобна, што з рэжымнага канфуза пэўныя сілы будуць спрабаваць цяпер рабіць падзею пра стан душы ўсёй беларускай моладзі. Эпізод стане аргумантам для антыбеларускіх заяваў і дзеяньняў.

Але мы нагадаем, што гэтая традыцыя прыйшла да нас з Расеі. На прыканцы 1980-х гадоў там пачаліся гэтыя “конкурсы на міс”. Спачатку крытэрыі ў Маскве былі сапраўды “камсамольскія”. Першай міс (“проста так, выпадкова”) стала ўнучатая пляменьніца вядомага Андрэя Андрэявіча Грамыкі, члена Палітбюро ЦК КПСС. Потым адбылася карэкцыя крытэрыяў, “міс Россіі” некалькі разоў станавіліся элітныя путаны. Адна зь іх дык наўпрост зьявілася на подыюме з бандыцкай панэлі “ліхіх девяностых”. Яна нядоўга хадзіла ў кароне. На наступны год целы яе і яе “братка”, “крутога бандыцкага аўтарытэта” былі знойдзены ў лесе непадалёк ад Афін, дзе яны рэлаксавалі і былі забіты бандыцкімі канкурэнтамі. Апошнім часам у Расеі ўздымаецца інфармацыйная хваля на тэму конкурсаў “міс”. Журналісты апытваюць канкурсантак і лаўрэатак, адкрываючы іхную інтэлектуальную дзікасьць і цёмныя мэтады стварэньня пераможцаў конкурсаў. Ужо названыя грашовыя стаўкі, па якіх любую прапанаваную фігуру зробяць хоць “міс Разані”, хоць “міс Масквы”.

Ня трэба зьдзіўляцца такой зьяве ў нашай рэчаіснасьці. Рэжым, які ненавідзіць усё беларускае, ня можа па прыродзе сваёй любіць беларускую душу, беларускую красу і беларускую моладзь. Акупацыйны сатанінскі рэжым ня можа рабіць інакш. Банда, якая разгортвае бардэль “Булбаш-хол” на тэрыторыі Курапацкай сьвятыні, дзейнічае пасьлядоўна. Цалкам магчыма, што новым “працоўным месцам” для апошняй “міс” і прадугледжваўся гэты “хол”.

Цяпер, калі адбываюцца такія гнюсныя падзеі, калі раскрываецца ўся мярзотная рэжымная сутнасьць гэтых “конкурсаў”, беларускія красуні павінны былі б зрабіць пэўныя высновы. Нельга ўдзельнічаць у рэжымнай прафанацыі, трэба адвярнуцца ад гэтага паскудства. Трэба пакінуць антыбеларускі рэжым разам зь яго путанамі.

Сяргей Камароўскі