МАСКВА ПЛЯНУЕ РЭПРЭССІЯМІ ЎЗАКОНІЦЬ СВАЮ МАНУ
24 чэрвеня чэшская газэта “Ceske Noviny” апублікавала артыкул пад тытулам “Адмаўленьне посьпехаў Чырвонай арміі будзе ў Расеі карацца турмой”. Вось гэты артыкул:
Масква. У заканадаўчую праграму расейскай Дзяржаўнай Думы сёньня быў унесены закон, паводле якога адмаўленьне ваенных посьпехаў савецкай Чырвонай арміі ў гады Другой сусьветнай вайны будзе карацца ажно пяцьцю гадамі турмы. Паводле Ірыны Яравой, старшыні абароннай і антыкарупцыйнай камісіі, якая запрапанавала гэты закон, пад гэтыя санкцыі падпадаюць таксама й асобы, якія будуць паддаваць сумневу ваенныя намаганьні іншых армій антыгітлерскай кааліцыі.
Новы параграф павінен стацца складовай часткай ужо існуючага закона, які ўстанаўлівае пакараньне турэмным зьняволеньнем за апраўдваньне нацызма і паддаваньне сумневу нюрнбэргскага судовага трыбунала, які пасьля вайны судзіў нацыстоўскіх ваенных злачынцаў. Калі роля Чырвонай арміі будзе паддавацца сумневу паасобнымі асобамі, ім пагражае пакараньне ў тры гады турмы, у выпадку дзяржаўных служачых або прадстаўнікоў СМІ — турэмнае зьняволеньне на пяць гадоў.
Паводле парляманцкіх аналітыкаў, практычна адназначна, што ніжняя палата папраўку прыме. Прапанова Ірыны Яравой мае падтрымку ня толькі яе калегаў з галоўнай пракрамлёўскай партыі “Адзіная Расея”, але й значнай большасьці апазыцыйных дэпутатаў.
Расейскія заканадаўцы абгрунтоўваюць неабходнасьць такога закона меркаванымі спробамі адмовіць рашаючую ролю Чырвонай арміі ў паразе нацыстоўскай Нямеччыны. Псэўданавуковыя працы, якія паддаюць сумневу ваеннае намаганьне СССР, маўляў, зьяўляюцца перш за ўсё ў прыбалтыйскіх краінах, але таксама і ў самой Расеі. Ваяры Чырвонай арміі, як заяўляюць дэпутаты Дзяржаўнай Думы, абвінавачваюцца ў злачынствах, якія яны не зьдзяйсьнялі, становішча ў перадваенным Савецкім Саюзе ў эру дыктатара Ёзэфа Сталіна параўноўваецца з становішчам у Нямеччыне пасьля прыйсьця да ўлады Адольфа Гітлера.
Паводле словаў намесьніка старшыні Дзяржаўнай Думы Сяргея Жалезьняка, папраўка будзе запрапанавана дэпутатам у першым чытаньні на восеньскай сэсіі ніжняй палаты.
CTK
(Пераклаў з чэшскай В. Буйвал)
Адразу трэба зазначыць, што Дзярждума РФ у прынцыпе мае фармальнае права на прыняцьце такога закону і такой да яго рэпрэсіўнай папраўкі. Толькі ёсьць дзьве асноўныя перадумовы навуковага і маральнага кшталту для гэтага заканадаўчага дзеяньня.
Па-першае, Масква павінна адкрыць доступ да архіўных дакумэнтаў часоў вайны, а таксама перадваеннага і пасьляваеннага пэрыяду. Масква павінна зрабіць даступнымі для навукоўцаў і апублікаваць для ўсяго сьвету перш за ўсё дырэктывы і загады Крамля пэрыяду жніўня 1939 — чэрвеня 1941 гг. (а потым і ўсё астатняе). Дасьледчыкі выказваюць меркаваньне, што ў засакрэчаных дакумэнтах гэтага часу адлюстравана падрыхтоўка СССР не да абароны, а да наступальнай вайны супраць Нямеччыны і да “вызваленчага паходу” на Заходнюю Эўропу з мэтай яе скарэньня і камунізацыі. Застаецца рытарычнае пытаньне: чаму маскоўцы так упарта, на працягу амаль 70 гадоў засакрэчваюць гэтыя цэкоўскія паперы?
Па-другое, Масква павінна прыняць рашэньне, забясьпечыць фінансаваньне і правесьці працы па пошуку і дастойнаму пахаваньню парэшткаў мільёнаў жаўнераў, якія дагэтуль ляжаць па лясах і палях па ўсёй Расеі.
Ёсьць і іншыя маральныя патрабаваньні да думскіх заканадаўцаў, якія пагражаюць турмой. Але згаданыя два ёсьць галоўнымі. Без выкананьня іх заканадаўчае памкненьне ў Дзярждуме зьяўляецца хімэрай і чарговым агрэсіўным крокам імпэрскага папулізма. Зразумела, што Масква не зьбіраецца і ня будзе прытрымлівацца навуковай праўды і маральных прынцыпаў. Проста таму, што Імпэрыя ніколі гэтага не рабіла.
У такой сытуацыі новы тэкст закона будзе ўяўляць сабой не акт заканатворчасьці, а неабгрунтаванае дзеяньне ў рэчышчы палітычных рэпрэсій за публічнае паведамленьне праўдзівых фактаў і лагічных высноваў у выніку аналізу падзеяў і дакумэнтаў тае пары. Прасьцей кажучы, Масква спрабуе абараніць ад пераасэнсаваньня і абвяржэньня сваю бессаромную і цынічную ману. Як толькі раскрыецца праўда аб ролі Масквы, аб яе спосабах ваяваньня, адносінах да людзей і народаў, то ўпадзе апошняе апірышча імпэрскага рэжыму пад назовам “Велікая Победа”. Больш ня будзе чым крыць, і застанецца толькі “сьвяты цар” Мікалай ІІ. Але гэты пэрсанаж (разам з усім царызмам) — надта хліпкая база для самаапраўданьня Імпэрыі.
Паводле гэтага закону, у турму павінны быць кінуты Васіль Уладзімеравіч Быкаў — у самы змрочны астрог, пажыцьцёва! Гэта ж да чаго дапісаўся, таварыша Сталіна і СМЕРШ адкрыта не любіў! Тэксты другога вялікага беларуса ў літаратуры Аляксандра Твардоўскага павінны быць забаронены. “Васіля Цёркіна” — у вогнішча пасярод Краснай плошчы! І наогул, ці хопіць турмаў у Расеі для ўсіх, хто маўчаў усё жыцьцё, а потым пачаў распавядаць праўду пра фашыстоўскі маскоўскі Райх?
Кур'ёзная легіслатыўная канвульсія ў мазгавым цэнтры Імпэрыі сьведчыць аб сур'ёзнай хваробе ўсяго арганізма.
Валеры Буйвал