ІМ ПІШУЦЬ, А ЯНЫ ВЕРАЦЬ
23 чэрвеня партугальская газэта “Diario de Noticias” апублікавала артыкул пад тытулам “Instagram ёсьць лепшым сябрам лідэра Чачэніі”. Вось гэты артыкул:
З моманту, як Рамзан Кадыраў адкрыў свой профіль у сацыяльнай сетцы ў лістападзе, ён ужо размясьціў там амаль тысячу здымкаў. Мэтай ёсьць “мадэрнізацыя” яго вобраза.
У гэтыя дні спаўняецца восем месяцаў з часу, як Рамзан Кадыраў стварыў свой профіль на Instagram. Гэта быў посьпех, інакш чачэнскі прэзыдэнт цяпер ня меў бы амаль 158 тысячаў наведвальнікаў, зь якімі ён падзяліўся каля тысяччу фотаграфій.
Абаронца полігаміі, заўзятар аўтагонак, і экс-чэмпіён па боксу, лідэр рэспублікі Чачэніі — якая ўваходзіць у склад Расейскай Фэдэрацыі і падтрымліваецца Крамлём — выкарыстоўвае сацыяльную паўночна-амэрыканскую сацыяльную сетку, каб прадэманстраваць свой больш гуманны твар. На старонцы Kadyrov_95 — сумесь афіцыйнага і асабістага. Можна ўбачыць, як ён любіць абдымаць і цалаваць дзяцей, зьбіраць кветкі, як стаіць побач з сусьветна вядомымі асобамі або займаецца штодзённымі справамі.
Ана Філіпэ Сілвэйра
(Пераклаў з партугальскай В. Буйвал)
Адным словам, “самый человечный человек”. Агульна вядома, што ўсе без выключэньня тытулаваныя людажэрцы любілі і любяць пазіраваць у амплуа гуманьнейшых і справядлівейшых. Падобна, што ў гэтую лабуду паверылі лісабонскія газэтчыкі (і ня толькі яны на прасторах Захада). Яны анісловам не згадалі пра паходжаньне і жыцьцёвы шлях гэтага прамаскоўскага “гуманіста”. Яны не напісалі пра дзікую кадыраўскую тыранію пад патранажам Масквы. Публікацыя павінна заахвочваць партугальскую публіку паглядзець на экзотыку ў чужых далёкіх гарах.
Дынастыю Кадыравых распачаў на прыканцы 1990-х Кадыраў-старэйшы, бацька малодшага. З каманднай пасады ў партызанскай арміі (калі пачаліся цяжкасьці і паразы) Кадыраў перайшоў на службу Маскве і атрымаў тытул “прэзыдэнта Чачэніі”. Праз колькі год маскоўцы падклалі пад яго бомбу і забілі. А потым пасадзілі на мясцовы трон Кадырава-малодшага, які ўсталяваў у рэспубліцы рэжым тэрора. За гэта Масква і трымае на плаву свайго васала, засыпаючы грашыма ягоную сквапную, скарумпаваную хунту.
Але самае цікавае пачнецца тады, калі зьявяцца цяжкасьці і паразы ў маскоўскіх імпэрыялістаў. Безумоўна, што Кадыраў адразу запішацца ў незалежнікі і загадае адкрыць агонь у бок сваіх учорашніх гаспадароў. Гэта ўжо было і ня раз у гісторыі маскоўска-каўказкіх дачыненьняў.
Сяргей Камароўскі