ДЗЕНЬ ПАМЯЦІ ВАСІЛЯ УЛАДЗІМЕРАВІЧА БЫКАВА

22 чэрвеня сябры і прыхільнікі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ прышлі да магілы Васіля Быкава на Усходніх могілках Менска. Грамада ўзьняла нацыянальныя Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі і засьпявала гімн “Магутны Божа”.

Выступілі сп. Валеры Буйвал і сп. Уладзімер Раманцоў, сакратары Беларускага Народнага Фронту і КХП-БНФ. Выступоўцы нагадалі, што сёлета спаўняецца дзесяць гадоў, як з намі няма Васіля Ўладзіміравіча Быкава. Але склалася так: чалавек адыйшоў, а мастак, пісьменьнік застаўся. Засталіся геніяльныя творы Васіля Быкава. Мы — старэйшыя — успамінаем, як мы ўпершыню сустрэліся з кнігамі Быкава. Для нас адкрыўся Сьвет Праўды, мы далучыліся да гэтай абсалютнай духоўнай каштоўнасьці. І цяпер маладое пакаленьне далучаецца да гэтай жывой крыніцы хараства і праўды жыцьця. Трэба зазначыць, што творчасьць Васіля Быкава належыць ня толькі нам, але і ўсяму чалавецтву. У іх увасобілася наша нацыянальная драма, наш нацыянальны дух, нашая мэнтальнасьць. Мы — фронтаўцы — успамінаем таксама, як у кастрычніку 1988 года Васіль Быкаў разам з выдатнымі дзеячамі нашай культуры распачаў фронтаўскае рушаньне. Ён быў з намі і таму мы перамаглі — адваявалі, аднавілі нашую незалежную Дзяржаву!

Нам — старэйшым — пашчасьціла размаўляць з Васілём Быкавым, слухаць ягоныя прамовы. Мы адчулі моц беларускага духу, няўміручую энэргію народнага генія. Цяпер ягоны голас гучыць са старонак кніг. Гэта ёсьць вялікая, непераможная сіла Мастацтва. Будзем жа гуртавацца вакол сьветлага, роднага, дарагога. І тады наша Беларусь будзе шчасьлівай і вечнай.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

22 чэрвеня 2013 г.