ІМПЭРЫЯ ТАКСАМА ВЫМІРАЕ
18 чэрвеня расейская інтэрнэт-газэта “Утро.Ру” апублікавала артыкул пад тытулам “Сем мільёнаў працоўных рук зьнікнуць за 10 гадоў”. Вось гэты артыкул:
У бліжэйшае дзесяцігоддзе колькасьць расейцаў ва ўзросьце ад 15 да 29 гадоў зьменшыцца да 25 мільёнаў.
У бліжэйшыя дзесяць гадоў колькасьць маладых людзей у Расеі зьменшыцца з амаль 32 да 25 мільёнаў. З такім несуцяшальным прагнозам выступіў на паседжаньні калегіі Мін. адукацыі і навукі старшыня Расмоладзі Сяргей Белаконеў.
У 2012 г., паводле дадзеных Расстата, у РФ жылі 31,6 мільёны маладых людзей ва ўзросьце ад 15 да 29 гадоў, што складае 22% ад агульнай колькасьці насельніцтва. На год раней колькасьць маладых людзей складала 32,4 мільёны (23%), а ў 2009 г. — 33,7 мільёны (24%).
Як зазначыў старшыня дэпартамэнту дадаковай адукацыі дзяцей, выхаваньня і маладзёвай палітыкі Мінадукнавукі Аляксандр Страдзэ, гэтыя лічбы сьведчаць аб тым, што ў Расеі зьніжаецца ня толькі колькасьць маладых людзей, але й падае доля моладзі ў агульнай колькасьці насельніцтва. Пры гэтым, па ягоных словах, моладзь практычна не цікавіцца палітыкай і сацыяльнымі пытаньнямі.
“У гэтых умовах нам належыць разьвіваць эканоміку краіны. Гэта якраз вызначае актуальнасьць актыўнай, энэргічнай маладзёвай палітыкі, да якой трэба перайсьці”, — канстатаваў, у сваю чаргу, Белаконеў.
Згодна з апошнімі дадзенымі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, летась нараджальнасьць у РФ так і ня здолела пераўзыйсьці ўзровень сьмяротнасьці. У 2012-м натуральнае зьмяншэньне насельніцтва Расеі аказалася менш, чым за год да гэтага, колькасьць памерлых усяроўна перабольшала колькасьць народжаных на 2573 чалавекі.
Разам з тым па колькасьці народжаных дзяцей летась удалося дасягнуць самага высокага выніку з 1990 года. Рост нараджальнасьці зафіксаваны ў 79 рэгіёнах, пры гэтым у 20 рэгіёнах нараджальнасьць павялічылася на 7% і больш. Масква, паводле дадзеных ведамства, аказалася ў ліку 29 рэгіёнаў, у якіх нараджальнасьць вырасла на 5-7%.
Між тым адзначаны апошнім часам рост нараджальнасьці, на думку экспэртаў, ня ў стане зьмяніць агульную дэмаграфічную сытуацыю ў краіне, а тым больш пераламіць адмоўны трэнд на паступовае скарачэньне колькасьці насельніцтва. Адчувальнае павышэньне ўзроўню нараджальнасьці ў 2000-я гг. зьвязана не са зьмяненьнем агульнай сытуацыі і настрояў насельніцтва, а ўсяго толькі з уступленьнем у дзетародны ўзрост пакаленьня, народжанага ў першай палове 80-х гг. мінулага стагоддзя.
Мікалай Фадзееў
Пераклад з расейскай.
Цікавая статыстыка. Асабліва пра павышэньне нараджальнасьці ў Маскве. Вядома, што ў “століце нашей родіны” імкліва расьце колькасьць менавіта азіяцка-каўказкага сэктару. У дзіцячых садках ужо цяпер бальшыня дзяцей адпаведнай зьнешнасьці. Назваць гэты горад (і шэраг іншых рэгіёнаў Расеі) расейскімі неяк язык не паварочваецца. Вымірае ў першую чаргу ўласна расейскі этнас. Шэраг іншых этнасаў на тэрыторыі імпэрыі імкліва павялічваюцца ў колькасьці і займаюць усё больш тэрыторыяў, якія да апошняга часу лічыліся “істінно русскімі”.
Яшчэ адзін цікавы аспэкт артыкула — гэта пра “трэба разьвіваць эканоміку” і пра “актуальнасьць маладзёвай палітыкі”. Не забывайма, што моладзь павінна яшчэ быць гатовай да ваяваньня і самахвяраваньня за імпэрыю. А калі яна “не цікавіцца палітыкай і сацыяльнымі пытаньнямі”, то рабіць яна гэта ня будзе. “Такая вось загагуліна...”, як казаў Б. Ельцын.
Янка Базыль